Мінск 00:25

Лукашэнка: Кожны медработнік стаіць на варце нацыянальнай бяспекі

Крыніца: pexels.com

16 чэрвеня, Позірк. У медыцынскай галіне “няма выпадковых людзей”, кожны супрацоўнік гэтай сферы “стаіць на варце забеспячэння нацыянальнай бяспекі”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 16 чэрвеня з нагоды прафесійнага свята медыкаў.

“Вы даяце ўпэўненасць у заўтрашнім дні мільёнам беларусаў, дапамагаючы з’яўляцца на свет малым, прыходзячы на працоўнае месца з пачуццём абсалютнай гатоўнасці годна адказаць на любы прафесійны выклік, чым заслугоўваеце павагу і ўдзячнасць пацыентаў, якія атрымалі кваліфікаваную дапамогу”, — гаворыцца ў віншаванні, апублікаваным на сайце Лукашэнкі.

“Толькі па-сапраўднаму самаадданыя людзі, — дадаў ён, — адкрытыя для новых ведаў і дасягненняў навукі, могуць вылечваць, прымаць слушныя і своечасовыя рашэнні для захавання неацэннага жыцця чалавека”.

Медыцынская галіна сутыкнулася з дэфіцытам кадраў у тым ліку праз ганенні на не верных рэжыму работнікаў пасля масавых акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.

У Рэспубліканскім банку вакансій зараз 4.987 заявак на пошук урачоў-спецыялістаў. На 20 студзеня было 4.608 заявак, у канцы чэрвеня мінулага года — 3.862.

Гаворачы пра дэфіцыт кадраў у медыцыне, Лукашэнка ў Гродна 2 красавіка сказаў, што, “калі не хапае паўтара чалавека” — гэта не катастрофа, і параіў адказным чыноўнікам персанал “пераразмеркаваць і працаваць як след”.

“Кажуць, таго не хапае, гэтага не хапае. Урачоў, медсясцёр… Слухай, у нас усяго хапае. Толькі ў нас некаторыя катэгорыі, у тым ліку урачы, хочуць працаваць, як у нас, а жыць, як на Захадзе, і атрымліваць вялікія грошы. Дык яны суткамі працуюць, асабліва моладзь. Гэта я ведаю дакладна. Суткамі працуюць. Але яны і зарабляюць”, — сказаў тады Лукашэнка.

27 кастрычніка мінулага года Лукашэнка выказаўся інакш: “Так, у нас дзесьці не хапае ўрачоў. Некаторыя ўрачы збеглі са сваёй прафесіі і чорт ведае чым займаюцца. З часам мы і гэтую праблему вырашым”.

Падзяліцца: