Мінск 00:35

Дуда назваў Лукашэнку “лялькай Пуціна” і абвінаваціў у нападах на Польшчу

Скрыншот: ютуб-канал офіса прэзідэнта Украіны

16 чэрвеня, Позірк. Толькі Расія вінаватая ў вайне супраць Украіны, аднак Уладзімір Пуціна дзейнічае не адзін — яму дапамагае Аляксандр Лукашэнка, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 15 чэрвеня на саміце ў швейцарскім Бюргенштоку.

“Я цяпер звяртаюся да ролі, якую лялька Пуціна Лукашэнка адыграў у гэтай вайне. Ён не толькі дазволіў войску Расіі напасці на Украіну з тэрыторыі Беларусі, але і ініцыяваў шэраг гібрыдных нападаў супраць Польшчы і балтыйскіх дзяржаў”, — сказаў Дуда.

Паводле яго слоў, гэтыя напады працягваюцца больш за тры гады.

Саміт па Украіне праходзіць 15–16 чэрвеня. У ім удзельнічаюць 92 дзяржавы і 8 міжнародных арганізацый. Ні Расія, ні Беларусь не запрошаныя. Беларускія чыноўнікі неаднаразова называлі сустрэчу бессэнсоўнай без удзелу Масквы.

На пасяджэнні Рады нацбяспекі Польшчы 10 чэрвеня ў Беластоку Дуда заявіў, што за апошні час на ўсходняй мяжы здзейснена 50 нападаў на салдат.

6 чэрвеня стала вядома пра смерць вайскоўца 1-й танкавай брыгады Матэвуша Сітэка, параненага 28 траўня на мяжы з Беларуссю. Паводле інфармацыі Памежнай аховы Польшчы, Сітэк зведаў напад мігранта, які ў складзе вялікай групы спрабаваў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі.

За некалькі гадзін да нападу на вайскоўца, паводле інфармацыі ведамства, ад рук мігрантаў пацярпелі непасрэдна памежнікі.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

13 чэрвеня ў Польшчы была створана буферная зона, якая ахоплівае ўчастак мяжы з Беларуссю працягласцю 60,67 км у межах тэрыторый памежных пастоў у Нарэўцы, Белавежы, Дубічэ-Цэркеўне і Чаромсе. На працягу 44 км яна распасціраецца ўглыб краіны на 200 м, на працягу 16 км у зоне запаведнікаў — на 2 км.

Забарона на знаходжанне ў гэтай зоне ўведзеная на 90 дзён.

Падзяліцца: