Мінск 03:17

Латушка: У сённяшняй Беларусі немагчыма дамагчыся эфектыўнай кінавытворчасці

Павел Латушка
Фота: "Позірк"

За нарадай-разносам на “Беларусьфільме”, што прайшла 10 чэрвеня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, назіраў былы міністр культуры Павел Латушка — цяпер намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

“Я адказваў за рэформу кіно, я ведаў, у чым там галоўная праблема, а Лукашэнка да гэтага часу не можа зразумець. Узровень развіцця эканомікі краіны не дазваляе развівацца кінасферы ў Беларусі. Гэта галоўная прычына”, — адзначыў Латушка ў каментары “Позірку” і даў разгорнутыя тлумачэнні з рэмаркай: “Баліць. Я гэтай рэформе гады аддаў”.

“Лукашэнка паставіў перада мной ультыматум аб асабістай адказнасці за рэформу кіно”

— Калі я быў міністрам культуры ў 2009–2012 гадах, займаўся рэформай беларускага нацыянальнага кіно. Прадстаўнікі дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры і “Беларусьфільма” наведалі розныя дзяржавы, прааналізавалі досвед Польшчы, Францыі, Швецыі, нават невялікай Літвы — дзеля таго, каб зразумець, як у малых і буйных краінах фінансуецца, падтрымліваецца і развіваецца кінавытворчасць.

Лукашэнка паставіў перад мной ультыматум аб асабістай адказнасці за рэформу кіно пасля таго, як я звольніў генеральнага дырэктара Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзіміра Замяталіна — поўнага антаганіста нацыянальнай беларускай культуры.

“Нашмат танней купіць серыялы ў Расіі, чым атрымаць права першага паказу кіно, зробленага ў Беларусі”

— Магу канстатаваць, што ў сённяшняй Беларусі немагчыма дамагчыся эфектыўнай кінавытворчасці, і на гэта ўплываюць некалькі фактараў.

Першы — эканоміка. Адміністрацыйна-планавая эканоміка не здольная стаць асновай эфектыўнай вытворчасці. А гэта звязана з той сістэмай кіравання, якую стварыў сам дыктатар, які сёння крытыкаваў кінасферу краіны.

Другі — недастаткова развіта кінасетка. Дзяржаўная сетка з асобнымі прыватнымі ўкрапінамі і абмежавальнай цэнавай палітыкай не дазволіць акупіць нават сціплы па бюджэце фільм, зняты ў Беларусі. Танныя білеты звязаныя з узроўнем жыцця, калі кінаглядач не можа сабе дазволіць набыць квіток па цане, як у еўрапейскай краіне, за 10 еўра або супастаўнай.

Трэці — абмежаванне развіцця лічбавых платформаў, калі няма рэальнай, сур’ёзнай альтэрнатывы кінатэатрам, якая б дазваляла ствараць дадатковыя магчымасці для продажу фільмаў у Беларусі. Гэта пытанне адміністрацыйнага кантролю новых тэхналогій і новых магчымасцяў у сферы інфармацыі, на паслабленне якога Лукашэнка ніколі не пойдзе.

Чацвёрты — рынак рэкламы ў Беларусі ніяк не завязаны на кінавытворчасці. Рэкламныя бюджэты тэлеканалаў бедныя. Пры невялікіх магчымасцях гэтых бюджэтаў тэлеканалы не зацікаўленыя фінансаваць кінавытворчасць. У большасці краін свету галоўнымі кінапрадзюсарамі з’яўляюцца тэлеканалы, якія замаўляюць серыялы, супрадзюсіруюць кіно разам з прыватнымі кампаніямі.

Беларускія тэлеканалы купляюць адну серыю серыяла за 300–600 долараў, яны не купяць серыю за 250, 300, 400 тыс. долараў, калі на расійскім рынку менавіта такі кошт серыі для тэлеканалаў. На другасным, пасляпрэм’ерным рынку нашмат танней купіць серыялы для беларускіх тэлеканалаў, чым атрымаць правы першага паказу кіно, знятага ў Беларусі.

У свой час я прапаноўваў — і мы дамовіліся з міністрам фінансаў — увязаць ільготы па падаткаабкладанні для тэлеканалаў, субсідаванне трансляцыі тэлевізійнага сігналу з боку дзяржавы, якое мае вялізныя маштабы, з укладаннем рэсурсаў у кінавытворчасць. Супраць гэтага падыходу катэгарычна выступілі тады ўсе тры генеральныя дырэктары вядучых тэлеканалаў: [Генадзь] Давыдзька (НГТРК), [Рыгор] Кісель (АНТ) і [Юрый] Казіятка (СТБ). І гэты падыход быў заблакаваны, тэлеканалы не сталі прадзюсарамі кіно.

“Кадравая школа выкладання кіно ў Беларусі страчаная”

— Пры рэканструкцыі кінастудыі “Беларусьфільм” былі дапушчаныя сістэмныя памылкі, і на іх я звяртаў увагу Савета міністраў. Гэта было абсалютна няправільнае рашэнне пра ўкладанне дзясяткаў мільёнаў долараў у рэканструкцыю кінастудыі. Там спатрэбіўся перанос усіх сетак, электра- і цеплазабеспячэння, рамонт усіх павільёнаў. Гэта каласальныя рэсурсы, якія фактычна выкінутыя ў значнай ступені на вецер. Калі б закумуляваць гэты бюджэт і накіраваць на кінавытворчасць ад імя дзяржавы, кінастудыя магла б здымаць кіно прыблізна 5–7 гадоў, а так рэсурсы былі проста закапаныя ў зямлю.

Другая памылка: не трэба было купляць дарагое абсталяванне, якое на працягу літаральна некалькіх гадоў састарваецца. Абсталяванне для кінавытворчасці трэба браць у арэнду, і за гэта павінны адказваць прадзюсары, а не кінастудыя “Беларусьфільм”.

Сістэмная праблема: быццам адзіным вытворцам кіно ў краіне павінен быць “Беларусьфільм”. Ён павінен быць шматфункцыянальнай пляцоўкай, што надае памяшканні, паслугі. Рынак павінен быць ліберальны, свабодны. Там павінны працаваць малыя, буйныя, сярэднія, у тым ліку замежныя кінапрадзюсарскія кампаніі.

Наступнае няправільнае рашэнне, пра якое я казаў нават Лукашэнку: стварэнне [у 2010 годзе] факультэта экранных мастацтваў у Беларускай акадэміі мастацтваў. Кадравая школа выкладання кіно ў Беларусі страчаная, аднавіць яе ў цяперашніх умовах немагчыма, на гэта ў новай Беларусі спатрэбяцца гады, калі не дзесяцігоддзі. На той момант я прапанаваў рашэнне, якое было часткова рэалізаванае. Я ініцыяваў прыняцце пастановы Савета міністраў, якая давала права накіроўваць за кошт дзяржавы спецыялістаў у сферы культуры для навучання за мяжой. У сферы кіно гаворка ішла пра магчымае накіраванне на навучанне беларускіх рэжысёраў, гукааператараў, прадзюсараў, іншых спецыялістаў у кінашколы ў Берліне, Лодзі. Тады ішла гаворка, вядома, і пра Расію, і пра Францыю, і пра любую краіну, якая на высокім узроўні рыхтуе спецыялістаў у гэтай сферы. Бо гэта штучныя спецыялісты. Арганізаваць паточную падрыхтоўку ў Беларусі не тое што немагчыма — гэта не мае ні найменшага сэнсу, таму што рынак кінавытворчасці ў краіне вельмі вузкі.

“Дзяржава не можа займацца мікракіраваннем, але Лукашэнка хоча ўлазіць у любы працэс”

— Калі мы гаворым пра бюджэты для кіно, канечне, нехта можа сказаць, што можна зняць шэдэўр за 10, за 100 тыс. долараў. Але ў наш час кіно каштуе дорага. Калі я быў міністрам, на кінавытворчасць выдзялялі 10 млн долараў ЗША ў год. Пры гэтым мы дамаўляліся з міністрам фінансаў Андрэем Харкаўцом (памёр у 2015 годзе. — “Позірк”.): у выпадку, калі атрымаецца рэалізаваць схему ўдзелу тэлеканалаў у кінапрадзюсіраванні, павялічыць суму з рэспубліканскага бюджэту да 20 млн долараў. Для Беларусі гэта дастаткова вялікі бюджэт, хоць і недастатковы для вытворчасці аднаго высокатэхналагічнага фільма, уключаючы камп’ютарныя тэхналогіі і лакацыі.

Яшчэ адна прапанова, якая не атрымала падтрымкі адміністрацыі Лукашэнкі, а тады першым намеснікам яе кіраўніка была цяперашняя віцэ-прэм’ер Наталля Пяткевіч, — гэта стварэнне Інстытута беларускага кіно як дзяржаўнай установы, якая займалася б арганізацыяй конкурсаў па кінавытворчасці для фінансавання гэтай сферы ў абмен на атрыманне правоў на кінапрадукт.

Я прапаноўваў ужыць падыход, рэалізаваны ў большасці еўрапейскіх краін. Напрыклад, у Польшчы існуе Інстытут польскага кіно, у Швецыі — Інстытут шведскага кіно. Аднак ініцыятыва была заблакіраваная. Гэтая функцыя была перададзена органу дзяржкіравання — Міністэрству культуры ў асобе дэпартамента кіно, які да таго ж страціў статус юрыдычнай асобы. Дзяржава не можа займацца мікракіраваннем, якім з’яўляецца кінавытворчасць, але гэта супярэчыць падыходам Лукашэнкі, які хоча ўлазіць ў любы працэс.

Дарэчы, у той час быў зняты фільм паводле твора Васіля Быкава “У тумане”, які атрымаў прыз Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы на Канскім кінафестывалі (рэжысёр Сяргей Лазніца. — “Позірк”.). Вытворчасць гэтага фільма блакіравалася менавіта адміністрацыяй Лукашэнкі. Але нягледзячы на прамую пісьмовую забарону, мы прынялі рашэнне разам з генеральным дырэктарам кінастудыі “Беларусьфільм” (Алегам Сільвановічам. — “Позірк”.), і фільм быў зняты ў супрадзюсарстве з шэрагам краін і атрымаў прыз Канскага кінафестывалю.

Гэта прыклад таго, як трэба рабіць не тое, што кажа адміністрацыя Лукашэнкі, а ўваходзіць у супярэчнасць з ёй і дабівацца выніку.

Калі абагульніць, то адзінае, чаго мне ўдалося дамагчыся падчас гэтай рэформы — выдзяленне сродкаў на кінавытворчасць на падставе конкурснай працэдуры, частковую падтрымку асобных кінапраектаў — так, як гэта адбываецца ва ўсіх дэмакратычных краінах. Аднак, наколькі мне вядома, цяпер гэта конкурсная працэдура фактычна нівеліраваная, калі не поўнасцю спыніла існаванне.

“Пяткевіч я б параіў вызначыцца з галоўным: здымаць нацыянальнае кіно для беларусаў ці кіно для Расіі”

— Сёння віцэ-прэм’еру Наталлі Пяткевіч я б параіў вызначыцца з галоўным, чаго яна хоча: здымаць нацыянальнае кіно для беларусаў ці здымаць кіно для Расіі. Калі здымаць кіно для Расіі, трэба проста паехаць і дамовіцца з расійскімі прадзюсарамі, выдаткаваць з бюджэту дзяржавы Рэспубліка Беларусь 50, 70% кошту карцін, якія ў далейшым спрабаваць прадаць на расійскім тэлерынку, вярнуўшы гэтыя ж 50, 70%. Наўрад ці зарабіць шмат, але хаця б паказаць дыктатару, што гэтае кіно паказваюць на расійскіх тэлеканалах і хоць бы 100% укладзеных сродкаў вяртаецца. Але гэта будзе не кіно пра Беларусь, не для беларусаў. Гэта будзе кіно для Расіі. У ім будуць здымацца расійскія акцёры, а ў масоўцы — беларускія. Як у “Брэсцкай крэпасці” (фільм зняты ў 2010 годзе. — “Позірк”.), калі ў першыя 15 хвілін “загінулі” ўсе беларускія акцёры, бо яны не былі патрэбныя на працягу ўсяго фільма. На працягу ўсяго фільма патрэбныя былі зоркі расійскага кіно. Менавіта гэта купляюць расійскія кінасеткі і тэлеканалы.

Калі ж Наталля Пяткевіч хоча здымаць кіно для беларусаў, дык трэба здымаць нацыянальнае кіно пра гісторыю, культуру краіны. Але гэта кіно затратнае, бо яно будзе гістарычнае, а гэта, як правіла, значна большыя бюджэты. І гэта кіно не акупіцца, бо ні тэлеканалы, ні кінатэатры не вернуць укладзеных грошай. Аднак гэтыя рэсурсы вернуцца ў розумах беларусаў новага пакалення, якое будзе ведаць гісторыю сваёй краіны і разумець, навошта яму жыць і будаваць новую Беларусь.

І параю Наталлі Пяткевіч паглядзець кіно, якое не з’явілася ў пракаце, але было знята “Беларусьфільмам” і пакладзена на паліцу з цэнзурных меркаванняў. Фільм Уладзіміра Янкоўскага “Купала”. Гэта, прынамсі, добрая спроба ў кірунку нацыянальнага кіно для беларусаў, пра беларусаў і дзеля будучыні Беларусі.

Гл. таксама па тэме матэрыял палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага:

Почему “кина не будет“. Лукашенко приехал на “Беларусьфильм“, как в лежачий колхоз (на рускай мове)

Падзяліцца: