Мінск 07:46

Келаг прыехаў — Ціханоўскі на волі. “Вялікая ўгода” паміж Лукашэнкам і ЗША працуе?

Палітычны аналітык, больш за 20 гадоў адпрацаваў у БелаПАН
Сяргей Ціханоўскі (трэці справа) і іншыя вызваленыя палітвязні на сустрэчы ў Вільнюсе. 21 чэрвеня 2025 года
Фота: "Радыё Свабода"

Многія меркавалі: калі Аляксандр Лукашэнка і вызваліць Сяргея Ціханоўскага, то ў ліку апошніх палітычных вязняў. Таму што мае да яго асаблівую нянавісць, пачуццё помсты. Але вось сёння той выйшаў на волю. І яшчэ 13 палітзэкаў. Калі трэба, Лукашэнка можа пераступаць праз эмоцыі і вытрымана рабіць прагматычныя хады.

Цяпер для правіцеля — менавіта такі момант. З ім, абкладзеным санкцыямі, нерукапаціскальным на Захадзе, пачаў дыялог Вашынгтон.

Нічога асабістага, проста бізнес. На галовах

У 2020 годзе Ціханоўскі метэорам уварваўся ў палітыку, разварушыў электарат, прыціснуты рэжымам і кавідам. Сваёй напорыстасцю, папулізмам блогер нагадваў ранняга Лукашэнку. І таму ў яго вачах хутка стаў небяспечнай фігурай.

Акрамя таго, Ціханоўскі выкарыстаў з’едлівы сатырычны слоган “Стоп таракан!“ з відавочным намёкам на вусатага кіраўніка. І не менш крыўдны для яго знак у выглядзе хатняй тапкі як сродка барацьбы са шкоднай казуркай.

Так што кіраўнік рэжыму, даючы адмашку на арышт блогера, не толькі зразаў небяспечнага палітычнага канкурэнта, а яшчэ і помсціў за прыніжэнне.

У дадатак на знакамітай сустрэчы Лукашэнкі з арыштаванымі палітычнымі супернікамі ў СІЗА КДБ у кастрычніку 2020 года Ціханоўскі балюча закрануў правіцеля рэплікай: “Пасля вас пытанні будуць да Колі“ (яго малодшага сына).

Потым Лукашэнка дадаў у гэты сюжэт фарбаў: “Яны малодшага сына хацелі ў турму пасадзіць: вось прыйдзем да ўлады і пасадзім. Адвакат кажа: “Як? Ён жа непаўнагадовы“ — “Бздура, знойдзем за што пасадзіць”.

Увогуле, у стаўленні правіцеля да Ціханоўскага было шмат асабістага. Але цяпер Лукашэнка дзейнічае паводле формулы “нічога асабістага, проста бізнес”.

Дыялектыка пугі і перніка

Сапраўды, толькі лянівы палітолаг не сказаў, што беларускі правадыр ператварыў гандаль палітвязнямі ў выгадны бізнес.

Было ўжо некалькі цыклаў, калі праз рэпрэсіі (як правіла, звязаныя з выбарамі) рэжым псаваў стасункі з Захадам, нарываўся на санкцыі, але потым зноў наводзіў масты, выпускаючы палітычных вязняў.

Так што гэта ў нейкім сэнсе дэжавю. І такі паварот сюжэту, трэба думаць, абвострыць спрэчку ў апазіцыі паміж прыхільнікамі двух падыходаў — умоўна кажучы, максімалісцкага і гнуткага.

Першыя скажуць: вось што крыж жыватворны робіць, то бок вось бачыце, як санкцыі прыпяклі дыктатара! Павел Латушка, па сутнасці, так і пракаментаваў сённяшнюю сенсацыю.

Другія запярэчаць: вы з вашым лозунгам ціску да пераможнага канца за пяць гадоў нічога не дамагліся, а вось падыход адміністрацыі Дональда Трампа з яго нібыта цынічнай цягай да ўгодаў дае канкрэтны гуманітарны вынік.

Тут варта нагадаць: з пачатку года ў выніку ўзаемадзеяння з амерыканскім бокам Мінск ужо вызваліў шэраг палітвязняў, у тым ліку супрацоўніка “Радыё Свабода“ Андрэя Кузнечыка, грамадзяніна ЗША Юрыя Зянковіча.

У лютым The New York Times са спасылкай на крыніцы паведаміла, што паміж Вашынгтонам і Мінскам рыхтуецца “вялікая ўгода, у межах якой спадар Лукашэнка вызваліць мноства палітычных зняволеных, уключаючы вядомых. Наўззамен Злучаныя Штаты аслабяць санкцыі ў дачыненні да беларускіх банкаў і экспарту калійных угнаенняў“.

Падобна на тое, што сёння мы назіраем этап рэалізацыі гэтай угоды. Пакуль незразумела, што атрымлівае наўзамен Лукашэнка і ці будзе ў гэтага сюжэту такі ж сенсацыйны працяг.

Бо за кратамі застаецца амаль што 1200 палітвязняў, у тым ліку такія вядомыя, як Віктар Бабарыка, Марыя Калеснікава, Мікалай Статкевіч, нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі.

Разлік на палітычную сварку паміж Ціханоўскімі?

Чаму са знакавых фігур Лукашэнка выпусціў менавіта Ціханоўскага? Акрамя жадання дагадзіць амерыканцам (напярэдадні кіраўнік Беларусі прымаў важнага госця — спецпрадстаўніка ЗША ў пытаннях Украіны Кіта Келага), хто-ніхто бачыць у гэтым і хітрую задуму.

Бо цяпер лідарам дэмакратычных сіл з’яўляецца жонка Ціханоўскага Святлана. Яна ўвесь час паўтарала, што пайшла ў палітыку замест арыштаванага мужа.

І вось цяпер той на волі, у Літве, як і яна. Ці не пачнецца раздрай, гарачае высвятленне, “хто ў доме гаспадар”, барацьба за першынство ў апазіцыі? А калі жонка саступіць мужу, то ці прымуць яго паплечнікі жонкі?

Звыш таго, можна прагназаваць, што адчуе сябе больш упэўнена, актывізуецца тое апазіцыйнае крыло, якое выступае за больш гнуткі падыход да стасункаў з уладамі Беларусі.

Аргумент гэтага крыла палягае на тым, што санкцыі — гэта не самамэта, не фетыш, а толькі інструмент. І калі скасаванне або прыпыненне некаторых абмежавальных мер дае эфект — як цяпер у выглядзе выпуску палітвязняў, то варта гэты інструмент ўжываць менавіта так.

Да таго ж гэта крыло вызнае маральную максіму, якая сцвярджае, што жыццё і свабода людзей — абсалютны прыярытэт, ён не павінен адсоўвацца ўбок дзеля лозунгаў поўнай перамогі над рэжымам. Перамога пакуль што не вымалёўваецца, а людзі пакутуюць і паміраюць у засценках.

Дастаткова паглядзець, як выглядаюць сёння Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, іншыя вызваленыя, каб зразумець, як нясоладка ім было ў няволі.

Вядома, прадстаўнікі іншага крыла знойдуць што запярэчыць на гэтыя аргументы. Напярэдадні візіту Келага ўжо гучала: Лукашэнка ўсё адно падмане і г. д.

Але факт ёсць такі, што Келаг прыляцеў — і людзі выйшлі на волю. Ужо гэтым яго візіт акупляецца з лішкам.

Рамкі гульні абмежаваныя, але…

Наколькі ўдасца адміністрацыі Трампа ўцягнуць Лукашэнку ў сваю гульню праз пакрокавую стратэгію?

Зразумела, што кіраўнік Беларусі моцна скаваны наймагутнейшай залежнасцю ад Масквы, так што рамкі яго гульні з ЗША апрыёры абмежаваныя.

Але і маляваць Лукашэнку стоадсоткавай марыянеткай — вялікае спрашчэнне. Наўрад ці памілаванне тых ці іншых палітвязняў ён узгадняе з Крамлём.

Да таго ж трэба ўлічваць, што пры ўсіх саладжавых словах на адрас “старэйшага брата“ ўладалюбівы беларускі правадыр не ў захапленні ад таго, што маскоўская пятля на шыі зацягваецца ўсё тужэй.

Ён з настальгіяй згадвае пра часы, калі разгойдваў геапалітычныя арэлі. Ён хоча атрымаць нейкія гарантыі суверэнітэту па выніках мірнага працэсу па Украіне.

Пры гэтым нейкая свабода манеўру ў Лукашэнкі ўсё ж ёсць. І калі яго зацікавяць амерыканскія пернікі, ёсць шанец, што будуць выпушчаны іншыя палітвязні, у пэўнай ступені знізіцца інтэнсіўнасць рэпрэсій.

А той ці іншы фармат удзелу ў перамовах па Украіне дасць Беларусі дадатковую суб’ектнасць, што вельмі важна ва ўмовах, калі на Захадзе ўсё больш схільныя глядзець на нашу краіну як на філіял Расіі.

Важна зразумець: тое, што ў моманце выгадна Лукашэнку, можа быць і на карысць нацыянальным інтарэсам. Хоць усведамленне гэтага можа быць балючай рэччу, зломам шаблону для часткі апазіцыйных дзеячаў.

Варта таксама ўспомніць, што менавіта ва ўмовах, калі адносіны Мінска з Захадам былі на ўздыме, выспеў 2020 год.

Так, з тых часоў рэжым стаў нашмат больш жорсткім, вяртанне ў 2019 год немагчымае. І не факт, што Вашынгтону цяпер шмат што ўдасца на беларускім трэку.

Але варушняк пайшоў. Дай бог, каб з вязніц выйшлі і іншыя людзі, якія пацярпелі за тое, што патрабавалі адабраных рэжымам правоў для ўсіх беларусаў.

Падзяліцца: