Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 21 траўня 2026 года ў 10:55

У гэтым матэрыяле не будзе каментароў ад папулярных экспертаў і вядомых спікераў. Тут — толькі развагі беларусаў, якія засталіся ў краіне і выказалі гатоўнасць падзяліцца з “Позіркам” сваім меркаваннем і расказаць пра сябе. У святле бесперапынных рэпрэсій і зразумелай запалоханасці людзей унутры краіны мы лічым іх смелыя галасы неацэннымі.
Уявіце сябе ў 2036 годзе. У Мінску — новы пратэст, душыць які сярод іншага прыязджаюць 140 аўтобусаў, напоўненых юнымі сілавікамі. 140 аўтобусаў — гэта чарада МАЗаў, якая расцягнулася ад метро “Няміга“ да цэнтральнага ўваходу ў парк Перамогі. Гэта могуць быць тыя 7 тыс. дзяцей, якія цяпер, за 10 гадоў да змадэляванай падзеі, знаходзяцца ў ваенна-патрыятычных клубах у адной толькі сістэме МУС.
“Цэлая армія дзяцей у іх знаходзіцца,” — заявіў 18 сакавіка намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў. Ён не хавае, што большая частка выпускнікоў такіх клубаў “пайшла паступаць і паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сілавога профілю”.
Удзел у такіх клубах — маленькая частка працэсу падмены паняцця “патрыятызм” і замены яго на мілітарызм і русіфікацыю на шкоду рэальнай нацыянальнай ідэнтычнасці беларускіх дзяцей.
І пачынаецца гэты працэс з дзіцячага садка.
Малышы ў ваеннай форме
Тэлеграм-канал праваабаронцаў і журналістаў праваабарончага цэнтра “Вясна“ з Магілёва “MAYDAY TEAM“ вядзе рэгіянальны маніторынг працэсу мілітарызацыі беларускіх дзяцей паводле расійскага ўзору. Вось толькі некалькі красамоўных пастоў адтуль за апошні час:
– У шклоўскай Александрыі падлеткі з ваенна-патрыятычнага клуба “Усход” прынялі клятву пад наглядам афіцэраў канвойнай часткі, якая ахоўвае калоніі Магілёўскай вобласці.
– У магілёўскай сярэдняй школе №12 прайшла цырымонія прысвячэння ў курсанты ваенна-патрыятычнага клуба “Брыгада”.
– У Полацку выхаванцаў ваенна-патрыятычнага клуба “Рубеж” пры ўнутраных войсках прымусілі слухаць праваслаўную лекцыю.
– У Магілёве члены дзіцячага праваслаўнага ваенна-патрыятычнага клуба “Перасвет” сустрэлі свята Стрэчання Гасподняга ў касках і з аўтаматамі Калашнікава.
– У Рагачове праваслаўны служыцель сустрэўся з выхаванцамі ваенна-патрыятычнага класа, змяшаўшы Вялікі пост, Дзень абаронцы Айчыны, Суворава, Ушакова і Іллю Мурамца.
– У беларускіх школах паводле прыкладу Расіі адраджаюць рух “Трапны стралок”. Фінал спаборніцтваў запланаваны ў РФ.
– Беларускіх падлеткаў адправілі ў Пензу слухаць расійскіх “ветэранаў” вайны супраць Украіны.
І гэта — толькі малая частка інфармацыі пра тое, як адбываецца мілітарызацыя беларускіх дзяцей і як расійская вайна ўплятаецца рукамі ідэолагаў у адукацыйны працэс.
“Праца па патрыятычным і грамадзянскім выхаванні, мы сёння яе пачынаем у дзіцячым садзе, — рапартаваў у 2024 годзе ў эфіры дзяржтэлеканала АНТ міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Мы распавядаем пра тое, у якой краіне жывуць нашы самыя маленькія выхаванцы, чым яны могуць ганарыцца, якія дзяржаўныя сімвалы ў нашай краіны”.
“Важнасць” такой працы замацаваная ў “метадычках ” для работнікаў адукацыі, але некаторыя з іх ідуць яшчэ далей.
Так, у лютым у дзіцячым садку №3 у Круглым (Магілёўская вобласць) арганізавалі ваенна-патрыятычную групу “Юны патрыёт” для 5-гадовых дзяцей. Спецыяльна для гэтага была закупленая ваенная форма і распрацаваны план “ваенна-патрыятычнага выхавання“.
Перад 23 лютага ў садку праводзілі “тэматычны тыдзень”, у рамках якога, паводле сцвярджэння намесніка загадчыцы Таццяны Мельнікавай, выхаванцы “знаёміліся з ганаровым абавязкам абараняць Радзіму і рознымі відамі войскаў”.
У сакавіку ў дзіцячым садку №1 Чэрыкава (таксама Магілёўская вобласць) малых прымусілі ўдзельнічаць у ідэалагічным мерапрыемстве да Дня Канстытуцыі ў прысутнасці памочніка пракурора раёна. Хлопчыкаў апранулі ў спецыяльна пашытыя камуфляжныя штаны, дзяўчынкам далі ў рукі чырвона-зялёныя сцяжкі. За грамадзянска-патрыятычным мерапрыемствам “Ліст аб Беларусі” назірала памочнік раённага пракурора Таццяна Аўчыннікава.
У школы прыйшла вайна
20 верасня 2022 года Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Савета бяспекі Аляксандрам Вальфовічам запатрабаваў “зачысціць ўсе да немагчымасці ў сістэме адукацыі”. Пасля гэтага ў краіне былі зачыненыя амаль усе прыватныя дзіцячыя сады і школы.
17 кастрычніка таго ж года Лукашэнка падпісаў закон “Аб ліцэнзаванні“. Сярод іншага ён увёў ліцэнзаванне дзіцячых садоў і школ — для фармавання “ідэалагічна устойлівай і рознабакова развітой асобы“.
“Вельмі апрацоўваюцца малыя”, — распавяла “Позірку“ Вольга, двое рознаўзроставых дзяцей якой ходзяць у адну з мінскіх гімназій. — У школе не затрымліваюцца маладыя настаўнікі, у якіх ёсць сваё меркаванне. Ідэалагічнае выхаванне бяруць на сябе жанчыны, частка якіх вучыла яшчэ бацькоў аднакласнікаў маіх дзяцей! Два ці тры разы на чвэрць праводзяцца лінейкі, на якія дзяцей зганяюць у актавую або спартыўную залу. Яны павінны спяваць гімн і слухаць “адпаведныя” размовы. Тых, хто не спявае гімн, дэманстратыўна адпраўляюць на дыван да дырэктара”.
Паводле слоў суразмоўніцы, дзецям гэтыя мерапрыемствы не падабаюцца, асабліва малышам, якім цяжка доўга стаяць без справы і трымаць фокус на малацікавым занятку. “Па сутнасці ўсё трымаецца на страху і запалохванні”, — канстатуе Вольга. Яна таксама распавяла, што ваенрук, які прыходзіць, удзельнічае ў інфармацыйных гадзінах, якія сталі часткай пастаяннай ідэалагічнай апрацоўкі дзяцей. На такіх уроках сумна. Пры гэтым, паводле яе, якасць выкладання ўпала. “І гэта не толькі маё меркаванне, так кажуць усе знаёмыя з розных раёнаў Менска“, — адзначае маці вучняў.
У школах ідэалагічная апрацоўка — гэта паралельная навучанню плынь. Яна рэгулюецца спецыяльным дапаможнікам 2023 года аўтарства палкоўніка міліцыі Віталя Стуканава, які ў свой час пачынаў кар’еру начальнікам атрада ў шклоўскай папраўчай калоніі і пазней ўзначальваў кафедру псіхалогіі і педагогікі Акадэміі МУС.
Дапаможнік называецца “Ваенна-патрыятычнае выхаванне вучняў“. Міністэрства адукацыі разаслала яго ідэолагам такога выхавання, у народзе вядомым як ваенрукі. З 2021 года яны з’яўляюцца абавязковай штатнай адзінкай у школах.
У іх абавязкі ўваходзіць арганізацыя ваенных лагераў, ваенна-спартыўных гульняў (“Зарніца”, “Абаронца Айчыны”), кантроль выканання рытуалаў з дзяржаўнай сімволікай (гімн, сцяг), арганізацыя экскурсій па месцах баявой славы, урокаў памяці і “падрыхтоўка вучняў да выканання канстытуцыйнага абавязку па абароне Радзімы”.
Як раней паведамляў “Позірк“, у сістэме сярэдняй адукацыі Беларусі задзейнічана каля 2 тыс. “кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні”.
“Дзецям літаральна забіваюць галаву адарваным ад рэальнасці глупствам. Мы збіраем грошы, муж асвойвае новую прафесію, каб з’ехаць з Беларусі праз два гады, дачка як раз скончыць школу”, — распавяла “Позірку” Марына. Яе сям’я жыве ў Віцебскай вобласці, і галоўным страхам для бацькоў застаецца пагроза прамога ўступлення ў вайну, якая пастаянна навісае над краінай. Сыну Марыны 9 гадоў, і сям’я гатовая пайсці на ўсё, толькі б хлопчык не трапіў у беларускае войска.
Суразмоўніца прызнае: калі ў школе старэйшым дзецям прапанавалі ўступіць у ваенна-патрыятычны клуб і хлапчукі абмяркоўвалі гэта паміж сабой, яе сын таксама зацікавіўся — ужо вельмі прывабна для хлопчыка гучаў дзеяслоў “пастраляць”. Гэта і стала апошняй кропляй, падкрэслівае Марына: сям’я вайну не падтрымлівае, мае ва Украіне родных, і перспектыва адурманьвання дзіцёнка “патрыятычнай“ лухтой ад палітрукоў нікога не ўзрадавала. Паколькі з кожным годам у школах становіцца “ўсё больш трывожна, апрацоўка ўзмацняецца, а супраціўляцца становіцца ўсё складаней”, сям’я вырашыла з’язджаць з Беларусі.
Падручнікі новай рэальнасці
На фоне мілітарызацыі школьнай адукацыі, якая месцамі буксуе з-за чалавечага фактару, скарачаюцца рэальныя магчымасці даведацца нешта аб нацыянальнай культуры і гісторыі. Так, прадмет “Гісторыя Беларусі” з 2024 года заменены на “Гісторыю Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі”.
У апублікаванай восенню 2025 года аналітыцы міжнароднай ініцыятывы экспертаў iSANS гаворыцца, што падручнік па гэтым прадмеце “з’яўляецца самым ідэалагізаваным і прарасійскім у гісторыі сучаснай Беларусі”.
Напрыклад, дзецям практычна не даюць інфармацыі аб абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе і іншых фактаў аб нацыянальнай барацьбе, бел-чырвона-белы сцяг падаецца як сімвал калабарацыянізму падчас Другой сусветнай вайны. Праводзяцца паралелі паміж пратэстоўцамі ў 2020 годзе і калабарантамі.
Пры гэтым усхваляюцца СССР і Расія, якая нібыта “выратавала ад паланізацыі“. Гісторыя рэпрэсій, якія забілі, паводле некаторых ацэнак, да 1,5 млн беларусаў, пры гэтым замоўчваюцца. Падручнік “фармуе ў школьнікаў уяўленне аб савецкай мадэлі як адзіна магчымай форме беларускай дзяржаўнасці ў той перыяд”, пішуць аналітыкі.
Вось і атрымліваецца, што ў дзяцей не проста забіраюць дзяцінства, але і сціраюць нацыянальную ідэнтычнасць, узводзячы ў ранг забароненых кнігі, музыку, гісторыю. Здавалася б, працэс не новы — ён ідзе роўна столькі, колькі знаходзіцца ва ўладзе Лукашэнкі. Але працэс гэты не спыняецца ні на дзень.
13 траўня 2026 года Лукашэнка падпісаў распараджэнне “Аб падрыхтоўцы падручнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы”. Дакументам прадугледжваецца “стварэнне дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы і вызначэнне асноўных напрамкаў яе работы”. Камісію ўзначаліць міністр адукацыі Іванец. Што і як памяняюць чыноўнікі ў падручніках гэтым разам, прадказаць няцяжка: кнігі будуць перапісвацца “ў адпаведнасці з дзяржаўнымі інтарэсамі“. А яны, гэтыя інтарэсы, апошнія 30 гадоў вядомыя і рэдка супадаюць з нацыянальнымі.
Ілюзія адукацыі на роднай мове
Дзяржорганы рапартуюць, што 42% школ маюць “навучальныя прадметы” на беларускай мове. Але пры гэтым у самой фармулёўцы крыецца маніпуляцыя: намінальна 40% школ у краіне беларускамоўныя, але навучаецца ў іх усяго каля 10% дзяцей (крыху больш за 100 тыс.).
Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
Ганна працуе выкладчыцай англійскай мовы ў мінскім універсітэце, яна лінгвіст, яе сын Улад ходзіць у гімназію. Ганна не любіць беларускую мову і не хавае гэта ні ў побыце, ні на сваіх лекцыях. Яе сын, нягледзячы на тое, што ўжо налета школу скончыць, роднай мове так не даў рады. Ганна злуецца, бо нізкія ацэнкі дрэнныя для атэстата: “Навошта нам гэтая беларускіая калі ўсе гавораць па-руску?” На справядлівыя заўвагі аб тым, што мова — адметная прыкмета нацыі, Ганна ўспыхвае гневам: “Усе гавораць на рускай, і калі з-за гэтага мы раптам станем часткай Расіі — мне без розніцы. Я карыстаюся толькі рускай і англійскай мовамі, беларуская нам не патрэбная і толькі ўскладняе жыццё дзецям”.
“Мая практыка паказвае, што ў беларускамоўныя школы або класы ідуць, як правіла, ідэйныя, найбольш інтэлігентныя, свядомыя дзеці такіх жа бацькоў, — кажа Аліна, выкладчыца адной з беларускамоўных школ Мінска. — Бацькі разумеюць, што гэта часта невялікія класы, і аддаюць туды дзяцей з выразнай мэтай: дзіця павінна атрымліваць адукацыю на роднай мове”.
Выкладчык адзначае, што ў яе школе многія настаўнікі таксама імкнуцца падтрымліваць беларускамоўнае асяроддзе і па-за ўрокамі, размаўляючы з дзецьмі па-беларуску на перапынках, за межамі класаў. Пры гэтым, прызнае Аліна, так ці інакш у школу траплялі людзі “паводле прапіскі”, якія проста аддавалі дзіця туды, дзе бліжэй, і такія бацькі (а таксама іх дзеці) уставалі на шлях нейкага супраціву — беларускай мовы ад іх за гады навучання настаўнікі маглі так ні разу і не пачуць.
Беларускамоўная гімназія №23 Мінска многія гады была ўстановай, трапіць у якую было вельмі складана. Людзі літаральна начавалі каля будынка, каб паспець запісаць сваіх дзяцей падчас набору. Сюды аддавала сваіх дзяцей амаль уся сталічная беларускамоўная інтэлігенцыя. У школы была добрая рэпутацыя: даволі моцныя настаўнікі, моўнае асяроддзе, невялікія класы і зручнае размяшчэнне недалёка ад станцыі метро “Плошча Якуба Коласа”.

У 2020 годзе сітуацыя змянілася. Гімназія стала адным з месцаў, дзе “ідэалагічна дакладна” палічылі галасы, а на бацькоў, якія ўвечары 9 жніўня прыйшлі да будынка, каб убачыць пратаколы, настаўніка і вучняў гэтай школы выклікалі АМАП. Ад яго бацькі і дзеці ўцякалі дварамі, хаваліся ў пад’ездах. Пасля падаўлення пратэстаў у гімназіі адбылася “зачыстка”: непажаданым не працягнулі дантракты, да 5,5 года пазбаўлення волі за ўдзел у пратэстах і Данаты была прыгавораная настаўніца гімназіі Дар’я Хмяльніцкая.
Паводле слоў адной з былых вучаніц гімназіі, пасля гэтага ва ўстанове пачалася цякучка кадраў — на працу бралі маладых спецыялістаў, якія наогул не ўжывалі беларускую мову, прыходзілі, каб “адпрацаваць абы як” і сысці праз два-тры гады. Некаторыя старшакласнікі, якія скончылі дзявяты клас у гэты перыяд, адмовіліся ад планаў працягваць вучобу: хтосьці з’ехаў з краіны разам з бацькамі, хтосьці сышоў у каледжы і тэхнікумы.
У 2022-2023 навучальным годзе ў школе пачалася мілітарызацыя: упершыню за ўвесь час на парад да Дня перамогі зганялі не толькі настаўнікаў, але і вучняў — у абавязковым парадку пад асабістую адказнасць выкладчыкаў, распавядае суразмоўца. Калі раней настаўнік мог пайсці на парад добраахвотна і атрымаць за гэта адгул, то ў 2022 годзе сістэма змянілася карэнным чынам і “абавязалаўка” стала непазбежнай.
Тады ж у школе з’явіўся ваенрук, а на класных кіраўнікоў сталі “спускаць” тэмы, якія варта падымаць на класных гадзінах — “генацыд беларускага народа”, Хатынь і іншае. Дзяцей таксама сталі збіраць у актавай зале, каб расказаць пра “лінію партыі”.
Калі вучні 23-й гімназіі вярнуліся ў клас 1 верасня 2023 года, іх чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: новы ваенна-патрыятычны клас мытнай накіраванасці. У класе вучні носяць форму супрацоўніка мытных органаў, ходзяць у ёй строем, паглыблена вывучаюць грамадазнаўства і замежныя мовы, праграму факультатыўных заняткаў “Школа юных абаронцаў Айчыны“ і “Школа абаронцы Айчыны“. Дзеці праходзяць спецыяльную ўрачыстую цырымонію прысвячэння ў сценах Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Курс, распрацаваны для ўсіх профільных класаў прафесійнай накіраванасці (мытных, пракурорскіх, МУС), уключае асновы ідэалогіі, права і пачатковую ваенную падрыхтоўку. Вучні 23-й гімназіі, якія наведваюць гэты клас, мусяць наведваць і ўсе ваенізаваныя мерапрыемствы пад кіраўніцтвам ваенрука.

Метамарфозы гэтай гімназіі — толькі адна з ілюстрацый абноўленай ідэалогіі адукацыі ў Беларусі.
На думку сталічнага выкладчыка, які пажадаў захаваць ананімнасць,”апрацоўка розумаў ідзе поўным ходам”. Аднак, дадае настаўнік, дзеці “ўспрымаюць гэта як абавязалаўку, і яна іх не проста не натхняе, але і раздражняе — занадта штучна, яны гэта бачаць”. Суразмоўца падкрэслівае: “Гэта скончыцца роўна тады, калі скончыцца вайна ва Украіне”.
Мілітарызацыя дзяцей “будуецца на страху Аляксандра Лукашэнкі перад новым пакаленнем, якое можа кінуць яму выклік“, гэта не выпадковасць, а “стратэгія выжывання рэжыму“, гаворыцца ў дакладзе “Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі“. Дакумент, падрыхтаваны аб’яднаннем BelPol і Народным антыкрызісным упраўленнем, быў прадстаўлены 23 кастрычніка 2025 года ў Варшаве.
Не ўсё страчана?
Аляксандр працаваў у сістэме адукацыі да 2023 года. Потым з’ехаў і пачаў выкладаць англійскую онлайн для беларускіх і ўкраінскіх дзяцей у Польшчы. Ён часта бывае ў Беларусі і адзначае адсутнасць прыкмет русіфікацыі і мілітарызацыі. “Ёсць пачуццё: чым мацней яны навязваюць гэты курс прарасійскасці і ваеншчыны, тым мацнейшы нейкі нябачны супраціў. Якое было маё здзіўленне, калі ў адзін з прыездаў у Мінск я за адзін дзень пачуў беларускую гаворку адразу ў трох месцах і кожны раз — ад моладзі”, — захоплена кажа суразмоўца.
“Позірк” пацікавіўся, наколькі зваротны для дзяцей працэс мілітарызацыі, у школьнага псіхолага. Іна працуе ў адной з гомельскіх школ, дапамагае таксама дзецям анлайн. Спецыяліст прызнае, што ў яе школе ёсць члены ваенна-патрыятычных клубаў і найчасцей гэта альбо дзеці сілавікоў, альбо прадстаўнікі дысфункцыянальных сем’яў або хлопчыкі, бацькі якіх лічаць, што толькі так з дзяцей можна вырасціць “сапраўдных мужыкоў”.
“Чым малодшае дзіця, тым лягчэй “сцерці” навязаныя ўстаноўкі, так як яго асобасная ідэнтычнасць яшчэ не сфарміравана. Падлеткі ў 11-17 гадоў паддаюцца дэмілітарызацыі складаней, але працэс зваротны. Галоўнае — ізаляваць дзіця ад крыніцы прапаганды і змясціць у бяспечную, мірную сераду”, — падкрэслівае спецыяліст.
Псіхолаг падкрэслівае, што мілітарызацыя і прапаганда каштоўнасцяў, якія з вядомых прычын бліжэй суседняй Расіі, а не Беларусі, душыць у дзецях функцыю “ставіць пытанні, сумнявацца, аналізаваць інфармацыю, бачыць свет у разнастайнасці фарбаў, а не толькі ў чорна-белым дзяленні на “нашых” і “ворагаў”. Пры гэтым працэс небяспечны тым, што ў будучыні, калі дзяржава “найграецца ў салдацікаў” і парадак дня зменіцца, дзеці застануцца сам-насам з разбуранай карцінай свету.
“Калі дзіця раптам ўсведамляе, што каштоўнасці, у якія ён верыў, былі ілжывымі, ён сутыкаецца з цяжкім крызісам ідэнтычнасці, дэпрэсіяй і пачуццём здраджанасці дарослымі. Свет разбураецца. А калі прапаганду падтрымлівалі яшчэ і бацькі — што здараецца амаль заўсёды, — то дзіцяці неверагодна цяжка адмовіцца ад гэтых ідэй”, — падкрэслівае псіхолаг.
Пры гэтым спецыяліст упэўненая: беларускія дзеці не настолькі траўмаваныя мілітарызацыяй, таму што гэты працэс так ці інакш пабудаваны на паказусе і адміністрацыйным прэсінгу “зверху“. Такі падмурак вельмі слабы і “з улікам пластычнасці дзіцячай псіхікі наўрад ці здзейсніць вырашальны ўплыў на фармаванне новых пакаленняў лаяльных і жадаючых ваяваць за эфемерныя каштоўнасці цяперашняй улады дзяцей”, хоць і выклікае пэўныя асцярогі.
У беларусаў дастаткова ведаў і сіл, а таксама гістарычнага, “генетычнага” досведу, каб кардынальна змяніць сітуацыю і з мілітарызацыяй, і з русіфікацыяй, лічыць псіхолаг.
“Неабходна толькі адна ўмова — дэмантаж цяперашняй сістэмы”, — перакананая спецыяліст.



