Мінск 12:06

“Падрыхтавацца да жыцця ў новай краіне”. Як працуе першы беларускі шэлтар у Італіі

Беларускі шэлтар у Італіі зусім не падобны на аналагі ў Польшчы і Літве. Гэта не асобны дом у буйным горадзе, а кампактнае жыллё ў маляўнічым і нешматлюдным прыгарадзе Фларэнцыі. Карэспандэнт “Позірку” пабываў у першым італьянскім прытулку для беларусаў — і пераканаўся, што для суайчыннікаў, якія бягуць ад рэжыму, з’явілася ў Еўропе яшчэ адно месца, дзе іх чакаюць.

Каб дабрацца да шэлтара з цэнтра Фларэнцыі, трэба каля паўгадзіны ехаць прыгарадным цягніком — міма знакамітых пагоркаў, усеяных вінаграднікамі і аліўкавымі гаямі, — і потым яшчэ трохі папятляць вузенькімі вуліцамі аднаго з зацішных прадмесцяў.

Невысокія дамы, чыстыя тратуары, празрыстае паветра. Мінімум пешаходаў, бясшумныя аўтамабілі, зелянеючая расліннасць. Цішыня. Не надта зручна з пункту гледжання лагістыкі, але вельмі прыдатна для спакойнага рэтрыту, у якім часта так маюць патрэбу Беларускія перасяленцы.

Шэлтар размешчаны ў таунхаусе параўнальна новай забудовы. Высокія вокны, бясшумны ліфт, падземных гараж. Беларуская прастора пачынаецца за парогам трохпакаёвай кватэры з прасторным балконам.

“Тут, на свежым паветры, добра спаць”, — ківаючы на балкон, кажа Ілля Данілаў, жыхар шэлтара, валанцёр, былы добраахвотнік з палка Каліноўскага з пазыўным “Лом”.

Месца для шэлтара шукалі некалькі месяцаў

Апартаменты ўладкаваныя паводле класічнага еўрастандарта. Прасторны хол з абсталяванай кухняй, вялікім тэлевізарам і канапай. І дзве спальні — яны, уласна, і выдаюць прызначэнне гэтай жылплошчы. У кожным з пакояў па тры ложкі — асобны і двух’ярусны. Плюс сталы, шафы, тумбачкі — усё гэта ўказвае, што аб’ект функцыянуе па правілах інтэрната.

“Ключы [ад кватэры] мы атрымалі летась у кастрычніку. Тады і заехалі сюды”, — распавядае Юлія Юхно, кіраўнік і ініцыятар стварэння шэлтара.

Паводле яе слоў, на пошукі месца сышло некалькі месяцаў — працэс няхуткі, бо ў арэнды нерухомасці для ўцекачоў з далёкай краіны ёсць свае падводныя камяні. Прыватнікі, да прыкладу, аддаюць перавагу здаваць апартаменты сем’ям, а не загадкавым замежнікам у працэсе легалізацыі знаходжання.

У выніку пазл сышоўся ў гэтым ціхім прыгарадзе Фларэнцыі, прычым, як адзначае беларуска, атрыманая ў карыстанне кватэра з’яўляецца сацыяльным жыллём.

З фінансаваннем на першым часе дапамаглі мясцовыя ўлады і заснаваны дэмсіламі Міжнародны гуманітарны фонд, цяпер асноўная падтрымка паступае ад мясцовых дабрачынных арганізацый.

Ад папярэдніх жыхароў, успамінае Юлія, жыллё перайшло да беларусаў пустым і неўладкаваным. Мэблю, бытавую тэхніку і іншыя выгоды цывілізацыі даводзілася шукаць у сацсетках па аб’явах з бясплатным самавывазам. Кухню пашчасціла займець у добрых людзей “цалкам”, духоўку “знайшлі ў нейкай бабулі”, сёе-тое з першай мэблі папросту “рассыпалася ад старасці”. Толькі з часам, калі паступіла фінансаванне з гуманітарнага фонду, усё неабходнае было заменена і асучаснена.

“Мы стараемся даць беларусам магчымасці”

Юлія кажа, што ідэя прытулку для беларусаў, якія бягуць ад рэжыму, узнікла ў яе даўно — яшчэ ўвосень 2024-га. Уцекачы, якія прыязджалі ў Італію, нярэдка мыкаліся ў пошуках даху над галавой: “Я не магла іх нікуды прыстроіць. Першыя сем’і, якія я прымала — некаторыя жылі ў мяне дома, некаторыя пры цэрквах. Быў чалавек, які каля паўгода жыў проста на вуліцы, яго нікуды не бралі. Мы яму рабілі збор [грошай], здымалі жыллё, пакуль ён не ўладкаваўся ў царкву, дзе застаецца і цяпер”.

Італія — чацвёртая па папулярнасці краіна ў ЕС для эмігрантаў з Беларусі. Паводле даных Еўрастата, на канец 2024 года дазвол на пражыванне тут мела 10,1 тыс. беларусаў. З іх 2.950 прыбыло на Апеніны пасля падзей 2020 года.

Адкрыўся шэлтар 9 снежня 2025 года. Ад ідэі да рэалізацыі крыху больш за год — паводле слоў суразмоўніцы, гэта “суперхутка” для Італіі. “Іншыя асацыяцыі марнуюць мінімум два-тры гады. Тут усё робіцца вельмі павольна, італьянцы жывуць спакойным жыццём”, — тлумачыць беларуска.

36-гадовая Юлія Юхно ў Італіі чатыры гады. У яе музычная адукацыя, досвед працы мадэллю і знаёмы дзясяткам тысяч беларусаў жыццёвы шлях пасля 2020-га.

Яшчэ ў траўні таго года за палітычны пост у сацсетках яна была звольненая з кампаніі Dana Mall, дзе працавала кансультантам па нерухомасці. Калі прыйшло лета, пачалася пратэстная актыўнасць. Разам з мужам актывістка прайшла праз адміністрацыйныя арышты, ператрус з наступным допытам у КДБ і спешны выезд з Беларусі праз пагрозу крымінальнага пераследу.

Яе эміграцыя пачалася з Польшчы, і на ўласным прыкладзе Юлія тлумачыць, як беларусаў заносіць на Апеніны.

“Вядома, Італія не тая краіна, куды беларус проста возьме і прыедзе. Павінны быць нейкія перадумовы”, — кажа яна.

У яе выпадку іх было некалькі: у дзяцінстве яна вучыла італьянскі “для сябе”, потым наведвала краіну, працуючы мадэллю, а ў эміграцыі, уключыўшыся ў працу дыяспары, пачала ездзіць у Італію на міжнародныя кангрэсы.

У снежні 2022 года Юлія стала прадстаўніцай “Народнай амбасады Беларусі ў Італіі”. Неўзабаве пасля гэтага адкрыла асацыяцыю “Талака” для аказання рознай дапамогі суайчыннікам. У канцы 2025-га ўзначаліла ў Фларэнцыі Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці — менавіта пад патранажам гэтай ініцыятывы і быў адкрыты шэлтар.

Па ўсіх гэтых напрамках, звяртае ўвагу суразмоўніца, яна працуе не адна — дзейнічае каманда з 12 чалавек: “Гэта ўсе людзі з Беларусі. Пражываюць не толькі ў Італіі, але і ў іншых еўрапейскіх краінах”. Дыстанцыйна і вочна тузін беларусаў дапамагае землякам-эмігрантам не толькі з легалізацыяй, але і з уладкаваннем на першым часе, паступленнем у ВНУ і іншых патрэбных справах.

“Мы працуем, каб палегчыць працэсы. Я не магу сказаць, што дамагліся супервысот, у тым сэнсе, што чалавек прыязджае і мы яму тут за пяць хвілін усё зробім, усе дакументы, знойдзем працу і ён вывучыць мову. Не. Але мы стараемся даць беларусам магчымасці”, — падкрэслівае Юлія.

“Майстар на ўсе рукі” хоча вярнуцца ва Украіну

З шасці месцаў у прытулку цяпер занятыя тры: сямейная пара, якая пазбягае публічнасці праз страх рэпрэсій супраць сваякоў на радзіме, і адкрыты да зносін былы добраахвотнік Ілля.

54-гадовы мужчына ў шэлтары з першага дня. Адчувае сябе як дома, прапануе кавы, ахвотна паказвае пакоі і інтэр’еры. Юлія называе Іллю “майстрам на ўсе рукі”, маючы на ўвазе, што шмат у чым менавіта яго валанцёрскімі намаганнямі кватэра ад узроўню “голыя сцены” перайшла ў разрад “заязджай і жыві”.

Шлях Іллі з Мінска ў Таскану расцягнуўся на пяць гадоў. Усю гэтую дарогу ён пераадолеў на мікрааўтобусе “Фальксваген Транспарцёр” на мінскіх нумарах, які і цяпер на хаду — стаіць пад домам у гаражы.

За ўдзел у пратэстах у 2020-м мужчына сядзеў “на сутках” у Жодзіне і ў сталіцы на Акрэсціна. У лістападзе 2021-га з’ехаў у Літву, яшчэ праз год — ва Украіну, дзе далучыўся да “каліноўцаў”, добраахвотніцкага палка, створанага беларусамі адразу пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі.

У шэрагах УСУ ён вазіў на сваім “Фольксвагене” боепрыпасы і зброю ў гарачыя месцы — Харкаў, Запарожжа, Краматорск, Часаў Яр. Быў кіроўцам медслужбы эвакуацыі — з маршрутамі ў раён Бахмута. Служыў у батальёне ПКК “Волат”, перажыў кантузію, аперацыю.

Адной з прычын пакінуць Украіну сталі праблемы з пашпартам — тэрмін яго дзеяння ў добраахвотніка заканчваўся. “Я пачаў даведвацца, ці ёсць магчымасць падацца на міжнародную абарону ў Італіі. Юлія сказала, што ёсць. Вырашыў гэтым скарыстацца”, — кажа мужчына.

У Іллі свая даўняя сувязь з Італіяй. Ён ведае мову — вывучыў у маладосці самастойна. У 1990-я вазіў школьнікаў з Беларусі аздараўляцца на Апеніны. У якасці перакладчыка дапамагаў італьянскім бацькам усынаўляць беларускіх дзяцей.

Пакуль яго запыт на абарону разглядаецца, Ілля валанцёрыць у шэлтары. “Я не пасіўны ўдзельнік, спрабую хлопцам дапамагаць. Мэблю перавезці, сабраць… Інструменты яшчэ з часоў Беларусі са мной катаюцца. Цудоўна, што з’явіўся шэлтар, патрэбнае месца”, — адзначае экс-калінавец.

Ён спадзяецца “атрымаць нейкую паперку” і “зноў ехаць ва Украіну”. Кажа з упэўненасцю: “Вайна надоўга. Можна было б яшчэ сябе там рэалізаваць”.

“Няма мэты прыняць усіх беларусаў свету”

Італьянскі шэлтар — новае месца ў экасістэме прытулкаў для беларусаў. Найбуйнейшыя з іх размешчаныя ў Літве і Польшчы. У Варшаве з 2021 года дзейнічае шэлтар пад кіраваннем Ганны Федаронак. 4,5 года ў Вільнюсе працуе “Замак” Наталлі Калегавай. Таксама ў літоўскай сталіцы прымае рэпрэсаваных фонд “Краіна для жыцця”.

У італьянскага шэлтара якой-небудзь каардынацыі з польска-літоўскімі “субратамі” няма. Адрозніваюцца і правілы прыёму пастаяльцаў. Калі ў Польшчы і Літве пражыванне аднаго чалавека часцей за ўсё разлічана на 60 дзён, то ў Таскане, паводле слоў Юліі, “кантракт прадугледжвае знаходжанне на працягу дзевяці месяцаў”.

“Патоку няма, але і няма мэты прыняць усіх беларусаў свету. Наша задача — дапамагчы ў меру нашых магчымасцяў. Пасяліць чалавека — і за гэты час зрабіць яму дакументы для легалізацыі”, — распавядае беларуска.

Дзелячыся бягучымі клопатамі, яна кажа, што ў шэлтары ўсё яшчэ няма інтэрнэту, што “нейкія рэчы яшчэ недакупленыя”, спадзяецца, што з часам атрымаецца ўключыць прытулак у сістэму дзяржфінансавання.

Перыядычна адцягваючыся на тэлефанаванні, пераходзячы з італьянскай зноў на беларускую і рускую, Юлія кажа пра рознае.

Як цяпер арганізуе чарговы італьянскі адпачынак для сем’яў эмігрантаў з дзецьмі. Што шэлтар рыхтуецца да засялення новага жыхара. Што ў сённяшнім турбулентным свеце італьянцы зусім мала ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, таму “трымаць парадак дня” вельмі складана — але калі гэтага не рабіць, то для беларусаў тут могуць зачыніцца “практычна ўсе дзверы”.

“Я ведаю, навошта адкрыла шэлтар”, — адзначае беларуска, седзячы на абсталяванай кухні з відам на ціхую вуліцу.

Яна ўпэўненая, што “людзі будуць прыязджаць”, што без выбудаванай падтрымкі ім — экс-палітвязням, уцекачам ад пераследу і іх далёкім ад палітыкі дзецям — будзе цяжка прайсці ў Італіі складаны шлях легалізацыі і пачаць жыць нанова.

“Я веру ў тое, што раблю. Разумею, што людзям гэта трэба. Мая мэта — дапамагчы ім падрыхтавацца да самастойнага жыцця ў новай краіне”, — рэзюмуе суразмоўца.

Рэдакцыя не публікуе адрас шелтера па меркаваннях бяспекі.

Фота: “Позірк”, “Народная амбасада Беларусі ў Італіі, асабісты архіў Іллі Данілава.

Падзяліцца: