Мінск 19:10

Мяжа з Польшчай на замку. Альтэрнатыўныя шляхі ў ЕС дзівуюць

Аглядальнік "Позірку"
Ілюстрацыя: "Позірк"

Дабрацца з Мінска ў Варшаву сёння — сапраўдны квэст. І нават пералёт туды праз Кутаісі не выглядае абсурдным з-за росту цэн на аўтобусны праезд у Еўропу — кошт квітка ў Вільнюс дасягае 825 рублёў (каля 206 еўра).

Мінус 5.200 пасажыраў

Адзіны пункт пропуску ў Польшчу Брэст (Цярэспаль на сумежным баку) штодня мог абслужыць 1.700 аўтамабіляў у адным кірунку. Калі ў аўтамабілі ў сярэднім едзе два чалавекі, за суткі атрымліваецца 3.400.

Пры добрых умовах кожныя 40 хвілін з Беларусі ў Польшчу заязджаў аўтобус мінімум з 50 пасажырамі — 1.800 чалавек за 24 гадзіны. Такім чынам, без уліку спецыяльнага транспарту ў Польшчу за суткі заязджала 5.200 чалавек.

Відавочна, што ў сувязі з закрыццём мяжы іх колькасць зменшылася. Яшчэ 7 верасня паведамлялася, што за папярэдні тыдзень колькасць аўтамабіляў на выезд з Беларусі ў ЕС скарацілася амаль удвая. А з 9 па 16 верасня колькасць палякаў, якія наведалі Беларусь па бязвізе, зменшылася амаль напалову — з 545 да 299.

Аднак ёсць нямала людзей, для якіх паездка ў Польшчу і Літву — вострая неабходнасць. Масавая эміграцыя пасля падзей 2020 года падзяліла сем’і, і тыя, што засталіся ў Беларусі, ездзяць наведаць блізкіх, якія не могуць вярнуцца дадому. Шмат у каго на руках авіябілеты, а вылет — з аэрапортаў Вільнюса, Варшавы і Рыгі.

“Позірк” вывучыў варыянты, як трапіць у гэтыя гарады.

Мне ў Літву, па справе, тэрмінова!

Калі сёння на сёння купляць квіток у Вільнюс, да якога ад Мінска 172 км, мінімальны кошт будзе амаль 428 рублёў, максімальны — 825 (блізу 206 еўра).

Скрыншот: "Позірк"

Найбольшая цана за квіток у Вільнюс у літоўскага перавозчыка, які дастаўляе прама ў сталічны аэрапорт.

Скрыншот: "Позірк"

Характэрна, што, калі купляць квіток на тыдзень наперад, цэны адрозніваюцца нязначна. Праўда, ужо не прапануецца білет з залімітавай для адлегласці менш за 200 км цаной.

Скрыншот: "Позірк"

Скрыншот: “Позірк”

І толькі ў кастрычніку кошты вяртаюцца на ўзровень, блізкі да дакрызіснага. З’ехаць у сталіцу Літвы можна за 230 рублёў.

Скрыншот: "Позірк"

Скрыншот: “Позірк”

Павелічэнне цэн звязанае як з тым, што цяпер у ЕС наземным шляхам можна трапіць толькі праз мяжу з Літвой і Латвіяй, так і з памяншэннем з 12 жніўня колькасці рэйсаў паміж Вільнюсам і Мінскам. Раней колькасць аўтобусаў, якія перасякалі мяжу, перавышала ўстаноўлены ліміт, і перавозчыкі атрымалі адпаведнае папярэджанне ад літоўскага боку.

У выніку, напрыклад, беларускі перавозчык “Мінсктранс” з 14 жніўня да “атрымання неабходных дазвольных дакументаў” прыпыніў выкананне рэйсаў з Мінска ў 01:50, 10:20, 12:00, з Вільнюса — у 08:00, 17:30, 18:00.

Пры гэтым з 27 жніўня новы рэгулярны рэйс у Вільнюc адкрыла гродзенскае трансагенцтва “Фаварыт“.

Eurolines абвясціў аб канчатковым скасаванні дзесяці парных рэйсаў паміж Вільнюсам і Мінскам. 13 жніўня стала вядома, што перавозчык пачаў выкарыстоўваць на трох астатніх рэйсах двухпавярховыя аўтобусы.

Вярнуцца ў Беларусь можна праз Літву на аўтамабілі. На перыяд закрыцця польскіх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю Літва дазволіла выезд праз сваю тэрыторыю ў Беларусь легкавых аўтамабіляў з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі.

З 14 лютага 2025 года ўезд на тэрыторыю Літвы не прызначаных для продажу беларускіх легкавых аўтамабіляў магчымы ў двух выпадках. Першы— калі аўтамабіль належыць грамадзяніну Беларусі, які мае выдадзеную Літвой дзейную візу альбо сапраўдны часовы або пастаянны дазвол на пражыванне ў Літве, які дазваляе ўезд у ЕС. Пры гэтым грамадзянін, заязджаючы ў ЕС, павінен кіраваць дадзеным транспартным сродкам і карыстацца ім выключна для асабістых мэтаў (выключэнне не прымяняецца да легкавых аўтамабіляў, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваным у камерцыйных мэтах).

Другая магчымасць — калі аўтамабіль належыць грамадзяніну дзяржавы ЕС, калі ён з’яўляецца жыхаром Беларусі і, уязджаючы ў Еўрасаюз, кіруе транспартным сродкам таксама для асабістага карыстання.

У сацсетках ідзе актыўны пошук людзей, якія маюць права ўязджаць у Літву.

У Латвію — толькі са спецдазволам

У Рыгу можна трапіць, купіўшы білет на аўтобус “Мінсктранса“. “Сёння на сёння” ён каштуе ад 572 да 618 рублёў з перасадкай у Вільнюсе.

Скрыншот: "Позірк"

Калі купляць білет на 19 верасня і далей, ён будзе значна танней.

Скрыншот: "Позірк"

У Ecolines ёсць прамы рэйс у Рыгу. На 20 верасня ў сталіцу Латвіі ёсць квіткі за 279 рублёў.

Скрыншот: "Позірк"

Перавозчык ТАА “ІП БАЕРТРАНС” адправіць першыя аўтобусы па маршруце Мінск — Варшава праз Латвію 21 і 26 верасня. Квіток будзе каштаваць 300 рублёў.

Пры гэтым варта ўлічваць, што ў Латвіі з 1 верасня дзейнічае новая працэдура ўезду грамадзян шэрагу трэціх краін: патрабуецца папярэдне падаць інфармацыю пра сябе і чакаць пацверджання або адмовы.

Іншаземец абавязаны запоўніць анкету не пазней чым за 48 гадзін да перасячэння мяжы. У анкеце патрабуецца пазначыць мэту і тэрмін паездкі, маршрут, месца меркаванага знаходжання, кантактныя даныя, а таксама звесткі аб службе ў войску, спецслужбах, памежнай ахове, мытні, установах унутраных спраў, юрыдычных або замежных (уключаючы дыпламатычныя) ведамствах. Падаваць звесткі трэба асабіста (анлайн), за іх непрадастаўленне або скажэнне прадугледжаны штраф да 2 тыс. еўра.

Варшава — цяжкадаступная мэта

Трапіць у Варшаву наўпрост немагчыма, хоць у раскладзе агрэгатараў ёсць такія рэйсы, аднак не факт, што яны адбудуцца.

Большасць кампаній інфармавалі аб прыпыненні прамых рэйсаў Мінск — Варшава і Варшава — Мінск на нявызначаны тэрмін.

У аб’езд аўтобусы курсуюць праз Марыямпале на паўднёвым захадзе Літвы і Вільнюс. Ecolines прапануе мінімум пяць такіх рэйсаў у Варшаву штодня, прычым час і месца перасадкі ў Літве можна выбіраць. Квіток у Ecolines каштуе 130 еўра. З’ехаць у Варшаву праз Літву з гэтым перавозчыкам можна нават заўтра, але далей, да 26 верасня, квіткі распрададзеныя.

Дарога да Варшавы праз Літву вельмі доўгая, але з улікам адсутнасці чэргаў на мяжы з гэтай краінай не вельмі пакутлівая.

Так, рэйс, які выязджае з Мінска ў 14:40, прыбывае ў Варшаву на наступную раніцу ў 6:15. Чаканне аўтобуса пры перасадцы ў Марыямпале зойме амаль дзве гадзіны.

Расклад аўтобуса ў Варшаву з выездам а 21:45 з Менска пабудаваны так, што пры перасадцы ў сталіцы Літвы давядзецца шпацыраваць па горадзе блізу 10 гадзін да 16 гадзін наступнага дня. Прыезд у Варшаву запланаваны ў 23: 40.

Масавае прыпыненне рэйсаў у Варшаву заблакавала злэчэнне і з іншымі краінамі ЕС. Напрыклад, кампанія “Візіт-тур” была адзіным перавозчыкам у Беларусі, які прапаноўваў прамыя рэйсы Мінск — Прага. Цяпер кампанія туды не ездзіць, але прадае квіткі і ў Прагу, і ў Берлін, пачынаючы з 19 верасня. Характэрна, што квіток да Прагі таннейшы, чым да Вільнюса. Аднак не факт, што рэйс адбудзецца — аператары “Візіт-тура“ на пытанні кліентаў наконт рэальнасці паездкі адказваюць, што не валодаюць інфармацыяй, калі мяжа адкрыецца. У абыход Польшчы кампанія не ездзіць.

Скрыншот: "Позірк"

А калі самалётам?

Калісьці беларусы жартавалі на тэму 40-хвілінных пералётаў “Белавія” з Мінска ў Вільнюс — маўляў, прышпіліцца не паспяваеш, а самалёт ужо ідзе на пасадку.

Цяпер з адной перасадкай прыляцець у Вільнюс можна праз Стамбул прыкладна за 12 гадзін. Квіток на 24 верасня абыйдзецца ў 1.222 еўра.

Скрыншот: "Позірк"

У той жа дзень у Вільнюсе можна апынуцца з двума перасадкамі ў Маскве і Стамбуле амаль за 17 з паловай гадзін, заплаціўшы 622 еўра.

А калі ляцець амаль двое сутак праз аэрапорты Кутаісі і Ларнаку, то білет будзе каштаваць на 55 еўра даражэй, чым самы дарагі на аўтобус — 263 еўра.

Скрыншот: "Позірк"

З пералётам у Варшаву справы ідуць амаль гэтак жа. Аптымальным выглядае пералёт праз Кутаісі.

Скрыншот: "Позірк"

Польшча закрыла ўсе кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, уключаючы адзіны, які выкарыстоўваўся для пропуску легкавых аўтамабіляў КПП Цярэспаль (Брэст) з 0 гадзін па мясцовым часе (1 гадзіна па мінскім) 12 верасня, звязаўшы гэта з беларуска-расійскімі ваеннымі манеўрамі “Захад-2025“. Варшава папярэдзіла, што мяжа аўтаматычна не адкрыецца пасля заканчэння вучэнняў 16 верасня. Так і адбылося. Прычынай названая неабходнасць забеспячэння поўнай бяспекі насельніцтва, тым больш што за два дні да гэтага ў польскую паветраную прастору ўварваліся расійскія дроны.

9 верасня пра гатоўнасць закрыць мяжу з Беларуссю “ў выпадку неабходнасці” заявіла Літва, 15 верасня — Латвія.

Падзяліцца: