Мінск 12:42

Лукашэнка выпаліў палітычнае поле, але яго ўсё душыць прывід 2020 года

Палітычны аналітык, больш за 20 гадоў адпрацаваў у БелаПАН
Крыніцы малюнкаў: "Позірк", pexels.com, freepik.com, БелТА, sb.by / стоп-кадр і калаж: "Позірк"

Прывід падзей 2020 года па-ранейшаму раздзірае Аляксандра Лукашэнку. 13 студзеня на прыёме ў гонар старога Новага года ён падбадзёрыў сябе і прысутных: “Я абсалютна перакананы, што мы не паўторым таго, што было ў нас зусім нядаўна”. У снежні на дэкаратыўным “Усебеларускім народным сходзе“ (УНС) кіраўнік, адХіляючыся ад парадку дня, раз за разам пачынаў завочную палеміку з палітычнымі апанентамі. У адным з эпізодаў у яго вырвалася: “І не думайце, нідзе вы больш не пераможаце — мы зрабілі высновы з 2020 года. І мы вас будзем бамбіць, бамбіць…“

Атрымалася па Фрэйду: Лукашэнка міжволі прызнаў, што ў 2020-м пацярпеў паразу. За што помсціць і дагэтуль.

Ён, яго сілавікі і прапаганда сапраўды працягваюць бамбіць ворагаў рэжыму па поўнай праграме. Але, як бачым, і самога аўтакрата працягвае бамбіць пры ўспаміне тых пратэстаў, што прагрымелі на ўвесь свет.

Маніфестацыя ў Мінску. 2020 год
Фота: "Позірк"

Аднак эмоцыі эмоцыямі, а разам з тым ён за гэтыя гады з д’ябальскім разлікам, метадычна правёў апгрэйд сваёй сістэмы, зрабіў больш жорсткай яе па ўсіх параметрах да такой ступені, што палітолагі пачалі параўноўваць яе са сталінскай, загаварылі аб рысах таталітарызму.

“Адзіным адказам кіруючага рэжыму на новыя выклікі стала стаўка на голы гвалт. Ён ператварыўся ў культ, стаў універсальным сродкам вырашэння ўсіх праблем. <…> Паўночная Карэя ў цэнтры Еўропы — цяпер амаль рэальнасць. Шмат у чым адбываецца вяртанне да сталінізму. Наяўнасць інтэрнету зусім не з’яўляецца перашкодай на шляху да таталітарнага грамадства”, — адзначыў аналітык Валер Карбалевіч.

Звышзадача гэтага комплексу драконаўскіх мер — з каласальным запасам трываласці застрахаваць рэжым ад новых унутраных узрушэнняў.

Рэпрасняк стаў найважнейшым інструментам утрымання ўлады

Усё пазнаецца ў параўнанні. Апазіцыянеры яшчэ з 1990-х называлі Лукашэнку дыктатарам, але цяпер часы да 2020-га прадстаўляюцца ледзь ці не вегетарыянскімі.

Так, апазіцыю заўсёды дыскрымінавалі, заганялі ў маргінальную нішу. Разам з тым легальна дзейнічалі партыі, якія выступалі за змену рэжыму, узнікалі і развіваліся сапраўдныя няўрадавыя арганізацыі, апаненты ўладаў удзельнічалі ў выбарах, асобным з іх нават дазвалялі для блезіру трапіць у парламент.

Цяпер з цяжкасцю верыцца, што ў 2018-м было афіцыйна дазволена адсвяткаваць стагоддзе Беларускай Народнай Рэспублікі ў цэнтры Мінска пад бел-чырвона-белымі сцягамі — тымі самымі, якія потым рэжым абвесціць “фашысцкімі“.

Вядома, і раней апазіцыянераў саджалі, але часцей на “суткі”, а не на гады. Пасля Плошчы-2010 палітвязняў было некалькі дзясяткаў, аднак большасць неўзабаве была амніставаная. І іх не выкідалі з краіны.

Пасля 2020-га рэпрэсіі перайшлі на зусім іншы колькасны і якасны ўзровень. Колькасць палітычных вязняў стала вымярацца чатырохзначнымі лічбамі (на сёння іх, паводле падлікаў праваабаронцаў “Вясны“, 1129), многія атрымалі тэрміны паболей за сталінскія.

Калі падчас адлігі другой паловы 2010-х рэжым абыходзіўся практычна без палітычных пасадак, то цяпер канвеер рэпрэсій для перманентнай падтрымкі ў грамадстве высокага ўзроўню страху працуе без перапынкаў ва ўдарным тэмпе. І нават людзі Дональда Трампа, якія вядуць з Лукашэнкам перамовы аб “вялікай угодзе”, гэты канвеер пакуль не могуць прытармазіць.

Рэзка ўзмацнілася ідэалагічнае прамыванне мазгоў, але больш надзеі ва ўладаў на старую добрую дубінку.

Чацвёра з куфэрка, аднолькавыя на твар

Апазіцыйныя партыі, паклаўшы руку на сэрца, апынуліся практычна ў баку ад падзей 2020 года — гэта быў спантанны выкід палітычнай энергіі мас. Пасля разгрому пратэстаў рэшткі апазіцыйных структур і зусім баяліся паварушыцца. Але Лукашэнка вырашыў выкарчаваць крамолу пад корань.

У 2023 годзе Мінюст правёў кампанію, якая афіцыйна называлася перарэгістрацыяй, а на справе ўяўляла сабой татальную зачыстку партыйнага поля ад непажаданых элементаў.

Калі на пачатак года налічвалася 15 партый, то ў выніку дазволілі легальна дыхаць толькі чатыром самым вернападданніцкім — “Белай Русі“, камуністычнай, ліберальна-дэмакратычнай і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Крыніцы малюнкаў: pexels.com, pixabay.com / Інфаграфіка: "Позірк"

“Падчас перарэгістрацыі мы ачысцілі партыйнае поле ад дэкаратыўных аб’яднанняў і тых, чыя дзейнасць накіраваная на падрыў асноў канстытуцыйнага ладу нашай краіны“, — задаволена канстатаваў тады Лукашэнка, для якога любыя прэтэнзіі на ўладу — апрыёры падрыў асноў.

Некаторыя СМІ паспяшаліся назваць створаную функцыянерамі “Белую Русь” партыяй улады. Але ні ёй, ні тром іншым ацалелым Лукашэнка не дазволіў удзельнічаць у палітыцы.

Ён асцерагаецца дзяліцца нават драбкамі ўладнага пірага, даваць трампліны для палітычнай раскруткі каму б там ні было, нават калі струменіць фантаны ліслівасці старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.

Паказальна, што ў кішэннай Палаце прадстаўнікоў не дазволена ствараць партыйныя фракцыі. Для партыйцаў не выдзелілі квоту ў складзе УНС. Няма чаго песціць. Хай вунь снег прыбіраюць або адсталыя калгасы бяруць на буксір.

Максімум таго, што дазволілі кіраўнікам трох праўладных партый на бутафорскіх, імітацыйных прэзідэнцкіх выбарах 2025 года, — быць на падтанцоўцы ў кіраўніка. Будучы ўключанымі ў бюлетэні, гэтыя персанажы спаборнічалі хіба што ў лаялізме і атрымалі ад ЦВК мікраскапічныя вынікі.

Асаблівай хвалы з вуснаў Лукашэнкі ўдастоіўся тады кіраўнік КПБ: “Мне спадабаўся Сярожа Сыранкоў. Ну нармальна. Ён кажа: вы ведаеце, мы не супраць, мы за, мы разам, і мы будзем жадаць перамогі дзейнаму прэзідэнту. <…> Шчыра і адкрыта чалавек ад камуністаў гэта сказаў”.

Вось такі цяпер у Беларусі палітычны плюралізм і такая канкурэнцыя на выбарах.

Сядзіце і ня цвыркайце! Нават ахова птушак стала “экстрэмізмам“

Гэтак жа старанна быў праполаты і трэці сектар. Зразумела, што праваабарончыя і іншыя структуры, якия шчыпалі ўладу, адразу пайшлі пад нож.

Праваабаронцы "Вясны" Валянцін Стэфановіч, Алесь Бяляцкі (лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года) і Уладзімір Лабковіч на судзе ў Мінску ў 2023 годзе
Фота: "Вясна"

“Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі. <…> Калі мы кагосьці не ліквідавалі, то мы іх ліквідуем найбліжэйшым часам“, — заявіў Лукашэнка журналісту Бі-бі-сі Стывену Розенбергу ў лістападзе 2021 года.

І гэта той выпадак, калі слова кіраўнік стрымаў. Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Lawtrend, з 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 1.990 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый.

Былі дабітыя, у прыватнасці, незалежныя прафсаюзы, Аляксандр Ярашук і іншыя іх лідары апынуліся за кратамі. На гэтым полі манапольна зацвердзілася праўладная, савецкага ўзору Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ).

Пры гэтым улады не пашкадавалі і зусім бяскрыўдныя структуры накшталт асацыяцыі фелінолагаў “Кацяня”. Апафеозам рэпрэсіўнага абсурду ў трэцім сектары стала знішчэнне аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны“.

Мінюст тады бліснуў фармулёўкай, што арганізацыя, маўляў, “пад выглядам валанцёрства па выратаванні птушак <…> ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць, накіраваную на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча ў краіне“. Няўжо вучылі папугаяў крычаць “Далоў дыктатара!“?

Знішчыўшы непадкантрольныя (і проста тыя, што трапілі пад гарачую руку) структуры грамадзянскай супольнасці, улады пачалі нязграбна канструяваць яе муляж. “Надышоў час прыняць закон і прапісаць, што наша грамадзянская супольнасць — гэта не НДА, НКА і іншая дрэнь“, — заявіў Лукашэнка ў 2021-м.

У 2023 такі закон, які жорстка рэгламентуе дзейнасць трэцяга сектара, быў прыняты. Фактычна ён апякуецца гранічна лаяльным ГОНГО.

Мінюст вызначыў пяць арганізацый, якім дазволена быць “суб’ектамі грамадзянскай супольнасці“, якія маюць права на “ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі ў асаблівых формах“.

Такі прывілей атрымалі аб’яднанне “Белая Русь” (не блытаць з партыяй, хоць два боты пара), БРСМ, Беларускі саюз жанчын, ФПБ і аб’яднанне ветэранаў. Гэтым структурам, якія ходзяць перад уладамі на задніх лапках, выдзелена квота ў 400 месцаў (траціна мандатаў) у складзе УНС.

Часам не да законаў“: палітычныя вязні ў сярэднявечных умовах

У верасні 2020-га, калі ішоў разгром пратэстаў, Лукашэнка выступіў перад пракурорамі з фразай, якая стала змрочным мемам: “Часам не да законаў“.

Разгон пратэстаў у Брэсце ў 2020 годзе
Фота: tut.by

Улады і раней падгібалі заканадаўства пад свае патрэбы, але апошняе пяцігоддзе адзначылася сапраўдным прававым бязмежжам.

Беларускі Хельсінкскі камітэт, паводле слоў яго эксперта Кацярыны Дэйкала, пасля 2020 года “адзначае сістэмнае прыняцце неправавога заканадаўства з мэтай апраўдаць рэпрэсіі (легалізацыю беззаконня). Гэта выводзіць ступень эрозіі прававой сістэмы на іншы ўзровень, у адрозненне ад папярэдняга, калі дзяржава захоўвала хаця б фармальныя прыстойнасці”.

Людзей, не згодных з палітыкай рэжыму, абвінавачваюць у экстрэмізме, тэрарызме, здрадзе дзяржаве. Паводле звестак “Вясны“ на канец верасня мінулага года, мінімум 9.044 чалавекі сутыкнулася з 2020-га з крымінальным пераследам з палітычных матываў.

Кіраўнік канчаткова развязаў рукі сілавікам. Ніхто з іх не адказаў за збіццё, катаванні, смерці ўдзельнікаў мірнай рэвалюцыі 2020 года. Наадварот, дзяржыморды рэжыму спраўна атрымліваюць новыя чыны, кватэры, узнагароды.

У калоніях для палітвязняў мэтанакіравана ствараюць пякельныя ўмовы, уключаючы рэжым інкамунікада. Ад апавяданняў тых, хто вырваўся з гэтага кашмару і апынуўся ў бяспецы, — валасы дыбам. Гэта сапраўднае сярэднявечча, вакханалія садызму, якая заахвочваецца зверху.

З 2021 года не менш за дзевяць палітычных вязняў памерла за кратамі. У іх ліку — актывіст Партыі БНФ Вітольд Ашурак (незалежныя следчыя мяркуюць, што смерць насіла гвалтоўны характар), мастак Алесь Пушкін (якому, верагодна, не надалі своечасова меддапамогу).

Перайграў сам сябе?

Сілавікі ж, якіх Лукашэнка ў парыве любоўнага захаплення назваў “прыгажунамі”, сталі прывілеяванай кастай, іх удзельная вага ў сістэме прыкметна павысілася.

Нядаўна кіраўнік рэжыму, каментуючы захоп амерыканскай “Дэльтай“ свайго сябра Нікаласа Мадуры, падкрэсліў: “Вы памятаеце летась пасяджэнне Савета бяспекі Беларусі, дзе мы размеркавалі ролі на выпадак “а што, калі не будзе прэзідэнта”. Слухайце, як у ваду глядзелі. Таму варыянт Венесуэлы ў Беларусі нерэальны. Нават калі гэта адбудзецца, у нас усё на гэты выпадак прадугледжана“.

Сапраўды, нават у новай канстытуцыі прапісана, што “ў выпадку гібелі прэзідэнта ў выніку замаху на яго жыццё, здзяйснення акта тэрарызму, ваеннай агрэсіі, з прычыны іншых дзеянняў гвалтоўнага характару ” стырно кіравання пераходзяць у рукі Савета бяспекі, дзе, натуральна, пераважаюць людзі ў пагонах. Заўважым, аднак, што гэта зусім не выключае жорсткай унутрывідавых сутычкі за ўладу.

І насамрэч Лукашэнка перамудрыў са страховачнымі механізмамі. Таму ж УНС у новай канстытуцыі ён надаў надзвычайныя паўнамоцтвы. Хутчэй за ўсё, такім чынам ствараў сабе запасны аэрадром, калі Крэмль у разгар пратэстаў настойваў на транзіце ўлады.

Але аўтакрат бестрапетна закатаў пратэсты ў асфальт і пакідаць крэсла, за якое нібыта “не трымаецца пасінелымі пальцамі“, перадумаў (калі калісьці думаў наогул).

Так, ён разумее, што не вечны, і з боку відаць, што гэты мачо ўжо не торт, здароўе падводзіць. Але пракрастынацыя прымушае гнаць прэч думкі аб праклятым транзіце. Авось яшчэ пратрымаюся, пакуль памужнее любімы малодшы сын. Чым мы горш за Аліевых?

Ілюстрацыя: Eugene Shelestov / pexels.com

Пры гэтым ён асцерагаецца, што паміж наступным прэзідэнтам і УНС з яго дрымотнымі каласальнымі паўнамоцтвамі — гэтай пачварай Франкенштэйна — можа разгарэцца бітва за ўладу.

І наогул — вакол нейкія дробныя людцы, годнага пераемніка і праз лупу не разглядзіш, на што кіраўнік іншы раз наракае амаль адкрытым тэкстам. Хоць сам жа такіх і падабраў, каб не было патэнцыйных канкурэнтаў. Атрымліваецца — перайграў сам сябе.

І нават пасля ўсёй гэтай адмоўнай селекцыі кадраў, палітычных чыстак ва ўсіх структурах — выпадкі накшталт здачы Мадура сваімі ж не даюць спаць спакойна. Зноў мроіцца здрада, зноў прыходзіць і душыць прывід 2020 года.

Падзяліцца: