Мінск 19:41

Беларусы ў Вільнюсе выказалі салідарнасць з іранцамі, якія змагаюцца супраць дыктатуры

Акцыя салідарнасці з народам Ірана (31 студзеня 2026 года, Вільнюс)
Фота: "Позірк"

Беларусы далучыліся да акцыі супраць дыктатуры ў Іране, якая прайшла 31 студзеня ў цэнтры Вільнюса.

Масавыя пратэсты ў Іране распачаліся напрыканцы снежня 2025 года на фоне эканамічнага крызісу, але пасля перараслі ў патрабаванні звяржэння ўлады на чале з “духоўным лідарам” — аяталой Алі Хамянеі. Пратэсты ахапілі ўсе буйныя гарады (паралельна праходзілі і праўладныя выступы). Улады традыцыйна ўжылі гвалт для падаўлення вулічнай актыўнасці. Дакладную інфармацыю пра колькасць загінулых атрымаць не атрымліваецца, бо ў краіне па-ранейшаму адключаны або моцна ўскладнены доступ у інтэрнэт.

Адзін з арганізатараў мерапрыемства, іранец Беньямін Дарамі, які жыве ў Літве дзевяць гадоў, распавёў журналістам, што мэта акцыі заключаецца ў тым, каб “стаць голасам іранцаў, голасам нячутых людзей, што рызыкуюць сваім жыццём, свабодай, целамі, сем’ямі — усім, выходзячы на ​​вуліцы і змагаючыся з агульным для ўсіх ворагам — ворагам ЗША, Еўропы, беларускага народа, Украіны, усяго Блізкага Усходу”.

Паводле яго слоў, акцыю зладзілі звычайныя іранцы, сярод іх няма прыхільнікаў якіх-небудзь палітычных партый. “Мы не былі актывістамі. Мы былі цалкам звычайнымі людзьмі: хадзілі на працу, вярталіся дадому, праводзілі выходныя з сябрамі і сем’ямі. Але пасля таго, што адбылося ў нашай краіне, мы зразумелі, што мы маем адказнасць і павінны паклапаціцца пра нашу краіну і наш народ”, — сказаў ён.

Дарамі адзначыў, што ў Іране адключаны інтэрнэт, людзі ўнутры “не могуць заявіць пра сябе”. “І гэта наша адказнасць — прадстаўляць іх інтарэсы, пакуль яны працягваюць барацьбу ўнутры краіны”, — падкрэсліў суразмоўца.

На пытанне, якой дапамогі дэмакратычна настроеныя іранцы чакаюць ад цывілізаваных краін, Дарамі нагадаў: “Зусім нядаўна Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі быў уключаны ў спіс тэрарыстычных арганізацый, што, безумоўна, правільны крок, але яго недастаткова, мы чакаем большага”. У першую чаргу, падкрэсліў ён, гаворка пра спыненне “любых дыпламатычных стасункаў з іранскім урадам, з іранскім рэжымам, бо гэты рэжым не прадстаўляе іранскі народ”.

“Мы таксама чакаем ад іншых краін, у прыватнасці ад ЗША, каб яны выканалі абяцанні, дадзеныя на самым пачатку, — адзначыў суразмоўца. — Мы чакаем ад Ілана Маска, Марка Цукерберга ды іншых лідараў сацыяльных сетак, каб яны спынілі распаўсюд прапаганды Ісламскай Рэспублікі ва ўмовах, калі звычайныя людзі ў Іране пазбаўленыя доступу да інтэрнэту. Нельга дазваляць іранскаму рэжыму распаўсюджваць ілжывую інфармацыю. Гэта і ёсць нашыя чаканні — быць у адной лодцы, бо мы змагаемся з адным і тым жа ворагам, быць з намі, дапамагаць нам, падтрымліваць нас і дазволіць нам зрынуць гэты рэжым”.

Суарганізатар акцыі Беньямін Дарамі
Фота: "Позірк"

Паводле слоў Дарамі, прамое ваеннае ўмяшанне ЗША будзе ўспрынятае іранскім народам як падтрымка. “Людзі адчулі ўпэўненасць пасля слоў [амерыканскага прэзідэнта] Дональда Трампа. Па сутнасці, ён абяцаў абарону, ён казаў, што калі людзі выйдуць на вуліцы і калі рэжым будзе страляць у іх і забіваць іх, то ім прыйдуць на дапамогу. Такое чаканне існуе, мы чакаем, што гэтыя абяцанні будуць выкананыя, — сказаў ён.

На пытанне, ці мае іранская дыяспара ў Літве сувязь з суайчыннікамі ў самім Іране, ці вядома, колькі людзей загінула, Дарамі канстатаваў, што “дакладная колькасць невядомая”.

“Ходзяць чуткі, нават французскае тэлебачанне згадвала лічбу больш за 80.000 чалавек — гэта вельмі вялікая колькасць, — заявіў ён. — Аднак гэтыя звесткі тычацца буйных гарадоў. Мы не ведаем, што адбываецца ў малых гарадах. Мы дагэтуль не ведаем, што адбываецца ў турмах. Мы бачылі, як рэжым выкарыстоўвае баявую зброю, аўтаматычную зброю, страляючы наўпрост па людзях. Мы не ведаем, што менавіта яны робяць у турмах. Мы не ведаем, колькі пакаранняў смерцю адбылося за апошнія дні. Мы бачылі целы, бачылі людзей з агнястрэльнымі раненнямі галавы — пры гэтым на іх усё яшчэ былі медыцынскія прыборы, яны знаходзіліся ў бальніцах і чакалі лячэння, але ім стралялі ў галаву, дабівалі іх. Калі рэжым забівае нявінных людзей у такіх умовах, то толькі Бог ведае, што яны робяць у глухіх турмах”.

Былы палітвязень, палітычны актывіст Сяргей Спарыш у гутарцы з “Позіркам” адзначыў, што ўдзел беларусаў — гэта знак салідарнасці з народам Ірана, які цяпер “у такой жа сітуацыі, у якой быў народ Беларусі”.

“Беларусі, на жаль, у 2020 годзе ніхто не дапамог, рэальнай дапамогі не было, — канстатаваў суразмоўца. — Цяпер [наступствы] расхлёбваюць усе суседзі — спачатку Украіна, а потым можа атрымацца так, што будуць расхлёбваць і Літва, і Латвія, і Польшча. Праз тое, што Еўрасаюз і Амерыка не праявілі сябе так, як меліся праявіць у 2020 годзе, мы маем гэтую дурную вайну, што не патрэбная нікому. А яе можна было пазбегнуць, бо [прэзідэнт РФ Уладзімір] Пуцін пабаяўся б, хутчэй за ўсё, нападаць, калі б не было магчымасці зладзіць бліцкрыг. А бліцкрыг быў магчымы толькі дзякуючы ўдару з тэрыторыі Беларусі па Кіеве”.

“Калі цяпер Ірану ніхто не дапаможа, то ў Ірана, у рэжыму аятол, будзе ядзерная зброя. [Прэзідэнт ЗША Дональд] Трамп ужо раз дамаўляўся з Паўночнай Карэяй, і мы ведаем, да чаго гэта прывяло — да таго, што Паўночная Карэя мае ядзерную зброю. Але рэжым Паўночнай Карэі меншы вар’ят за рэжым Ірана. І калі ў аятол будзе ядзерная зброя, як і самі іранцы кажуць, хутчэй за ўсё, рэжым не пабаіцца яе выкарыстаць. Таму ці зараз іранскаму народу дапамагаюць, ці мы хутчэй за ўсё будзем мець ядзерную вайну гадоў праз дзесяць”, — дадаў актывіст.

Акцыя салідарнасці з народам Ірана (31 студзеня 2026 года, Вільнюс)
Фота: "Позірк"

Спарыш падкрэсліў, што салідарнасць — гэта “заўсёды самае галоўнае”, бо “любая дапамога вынікае з салідарнасці”.

“Дапамога можа быць самай рознай, але ў гэты момант наўрад ці маецца сэнс адпраўляцца добраахвотнікамі ваяваць у Іран. Пакуль што гэта бескарысна, — заявіў ён. — Але як мінімум трэба сябраваць з дыяспарай, трэба мець зносіны, трэба казаць пра іх праблемы, трэба казаць, перш за ўсё, пра наш досвед негатыўны, які быў у Беларусі”.

“Трэба размаўляць з дыпламатамі. Хто мае выхад на дыпламатаў, трэба кахаць не толькі пра беларускія праблемы, трэба казаць пра сусветныя праблемы, бо Беларусь — гэта частка свету. І тыя праблемы, якія хвалююць жыхароў Судана, жыхароў Ірана і да таго падобнае, яны гэтак жа хваляваць маюць і нас. Бо гэта ўсё наўпрост на нас уплывае. Мы зараз адна вялікая вёска. Калі ў адным доме здарыўся пажар, ён можа перакінуцца і на нас”, — падсумаваў суразмоўца.

Яшчэ адзін экс-палітвязень Яўген Афнагель паведаміў “Позірку”, што беларускія актывісты пазнаёміліся з прадстаўнікамі іранскай дыяспары “прыблізна месяц таму, калі пачаліся падзеі ў Іране”.

“Проста ўзнікла такая ідэя — правесці сумесную акцыю, каб беларусы і іранцы, якія разам змагаюцца супраць дыктатуры, прычым супраць дыктатараў, якія сябруюць паміж сабой, падтрымліваюць адзін аднога, правялі разам сумесную акцыю ў Вільні з мэтай прыцягнуць увагу да падзей у нашых краінах, — сказаў ён. — Бо тое, што адбывалася ў нас у 2020 годзе, і тое, што адбываецца ў Іране, яно відавочна мае свае паралелі. Зразумела, што ў Іране падзеі нашмат больш крывавыя, нашмат больш жорсткія, але прырода дыктатараў усюды аднолькава”.

На пытанне, як беларусы могуць дапамагчы іранскаму народу, акрамя салідарнасці, Афнагель адказаў: “Ведаеце, мацней за салідарнасць наўрад ці, што можа быць”. “Мы можам зараз проста падтрымаць іх. Мы можам распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Іране. Таксама, як і яны, распаўсюджваюць інфармацыю пра тое, што адбываецца з беларусамі. Мы можам абменьвацца досведам — досведам барацьбы з дыктатурай”, — сказаў ён.

Раней салідарнасць з народам Ірана выказала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. Экс-палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронца Алесь Бяляцкі заклікаў сусветную супольнасць “спыніць рэкі крыві, якія затапілі вуліцы іранскіх гарадоў”.

Падзяліцца: