be
Arrow
Мінск 12:21

Змяняць свет вакол сябе — “Нацыя лідараў” запісвае на юбілейны курс “Публічная палітыка для пачаткоўцаў”

“Позірк” працягвае знаёміць сваіх чытачоў з бясплатнымі анлайн-курсамі адукацыйнага хаба “Нацыя лідараў”. З 23 лютага па 8 сакавіка (даты лёгка запомніць кожны беларус і не толькі) ідзе рэгістрацыя ўжо на дзясяты, юбілейны паток курса пра публічную палітыку.

Наколькі цікавая гэтая тэма ў сучасных умовах, якія веды атрымаюць слухачы курсаў і ці ёсць у іх шанец ужыць іх на практыцы, мы паразмаўлялі з аўтарам і вядоўцам курса, вядомым палітолагам Паўлам Усавым.

Цікаўнасць да палітыкі як сістэмы захоўваецца, нягледзячы на вайну і рэпрэсіі

— Для пачатку простае пытанне. Дзясяты набор на курс пра публічную палітыку сведчыць пра тое, што цяпер, у 2026 годзе, беларусы яшчэ не страцілі цікавасці да тэмы?

— Насамрэч ідэя стварыць такі курс узнікла яшчэ на пачатку 2022 года, то-бок перад поўнамаштабнай вайной Расіі супраць Украіны. Тады праблемы, звязаныя з Беларуссю, і праблемы палітыкі як такой, розных гістарычных і палітычных з’яў, датычных Беларусі, цікавілі вялікую колькасць беларусаў як за мяжой, так і ўнутры краіны.

Яшчэ назіралася тое, што можна назваць “ўмоўным пікам агульнай мабілізацыі”, але сістэмных ведаў наконт таго, чым увогуле ёсць палітыка і дзяржава, як суадносяцца дзяржава і грамадства, у беларусаў, у тым ліку актыўных, не было.

Таму мы вырашылі падрыхтаваць агульны сістэмны курс, які ў пэўнай ступені зрабіўся б уводзінамі ў публічную палітыку, каб людзі, які цікавяцца гэтымі пытаннямі, мелі ўяўленне пра палітыку і ў прыватнасці пра публічную палітыку.

На першыя патокі курса запісвалася шмат людзей, яны былі даволі папулярныя. Усё гэта рабілася на агульнаваланцёрскіх асновах.

Канешне, вайна ва Украіне трошкі пераключыла ўвагу, да таго ж працягваліся рэпрэсіі супраць беларусаў у краіне і — дыстанцыйна — за яе межамі, і гэта паўплывала на актыўнасць удзельнікаў курса.

Але курс усцяж прыцягвае ўвагу. Агулам у кожным патоку бяруць удзел да 30, часам да 50 чалавек у залежнасці ад сітуацыі. Гэта сведчыць пра тое, што нават цяпер, калі беларусы жывуць у цяжкіх умовах татальнага кантролю і рэпрэсій, гэтыя пытанні застаюцца ў цэнтры ўвагі.

Павел Усаў
Фота: асабісты архіў Паўла Усава

Непадрыхтаванасць да перамен пагражае новай спіраллю аўтарытарызму

— А чаму гэта важна?

— Па-першае, цяпер, вядома, мы знаходзімся ў сітуацыі, калі казаць пра хуткія перамены ў Беларусі не даводзіцца, вельмі цяжка прагназаваць, калі яны могуць адбыцца. І вельмі важна гэты перыяд, — назавём яго перыядам чакання трансфармацыі скарыстаць для таго, каб павысіць палітычную культуру, палітычную свядомасць, грамадзянскую культуру. Каб беларусы, калі адбудзецца працэс трансфармацыі, мелі ўяўленне пра дзяржаўнае кіраванне, палітычныя працэсы, ролю грамадства ў палітычных працэсах і публічнай палітыцы.

Бо сама па сабе публічная палітыка — працэс, звязаны з дзейнасцю ўлады па вырашэнні важных фундаментальных пытанняў, якія закранаюць інтарэсы грамадства.

Толькі пры актыўным удзеле грамадства можна забяспечыць прыняцце такіх рашэнняў, якія будуць, прынамсі, адпавядаць чаканням большасці ў дэмакратычным аспекце.

І вось разуменне тых розных аспектаў дзяржаўнай, публічнай палітыкі хаця б на базавым узроўні вельмі важна.

Другі момант: такія курсы, у тым ліку пра публічную палітыку, агулам важныя таму, што трэба сфарміраваць актыў грамадства, каб ствараліся нейкія групы, ініцыятывы ў перыяд чакання перамен у Беларусі. Без такога сістэмнага падыходу (зразумела, што ў Беларусі зараз гэта ўсё ідэалагізавана) потым будзе цяжка хутка падрыхтаваць адпаведную колькасць людзей, якія будуць думаць на ўзроўні дзяржаўных інтарэсаў, забяспечваць іх.

І можа здарыцца так, што да ўлады прыйдуць людзі, якія да палітыкі маюць вельмі далёкае дачыненне і мы зноў упішамся ў спіраль аўтарытарызма.

Канешне, я не думаю, што ў глабальным сэнсе гэтыя курсы нейкім чынам паўплываюць на свядомасць усяго грамадства, але мне падаецца, што будзе вялікім дасягненнем, калі паступова я паспею падзяліцца ведамі хаця б з тысячай людзей. Я раблю гэта крок за крокам ужо чатыры гады.

“Актывізаваць” уласнае наваколле

— З будучыняй разабраліся, а што слухачам з Беларусі рабіць з новымі ведамі зараз? Можа, ўступіць ва ўмоўную “Белую Русь” ці БРСМ?

На жаль, у сённяшняй Беларусі ўключыцца ў сапраўдную актыўную палітычную дзейнасць немагчыма.

Нейкая столь актыўнасці была магчымая да падзей 2020 года, калі можна было паўдзельнічаць у мясцовых выбарах, пазбіраць подпісы на парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах.

Сёння без актыўнай супрацы з уладамі ці праўладнымі структурамі ўвайсці ў адкрытае палітычнае жыццё ўнутры краіны не атрымаецца. Заклікаць жа людзей мімікрыраваць, прыстасоўвацца, уступаць у БРСМ ці “Белую Русь” лічу няправільным.

Цяпер у Беларусі публічнай палітыкі фактычна не існуе. Бо яна ўсё ж мае на ўвазе актыўны ўдзел грамадства ў прыняцці палітычных рашэнняў, а ў нас ніякія рашэнні не прымаюцца пры ўдзеле грамадства, толькі “адабрам-с”.

Але нават ў такіх умовах я раю ў той ступені, у якой гэта магчыма, і пры захаванні ўнутраных гарантый бяспекі спрабаваць “актывізаваць” сваё ўласнае наваколле, ствараць нейкія групы па інтарэсах, дыскусійныя клубы.

Вядома, што, седзячы за мяжой, безадказна нейкім чынам заахвочваць людзей да актыўнасці ў Беларусі. І я лічу, што людзі, якія знаходзяцца “на зямлі”, а кантакты з такімі людзьмі ў нас адбываюцца рэгулярна, яны дзеляцца праблемамі, просяць нейкія парады, самі павінны прымаць канчатковае рашэнне, у якой форме рэалізоўваць сваю дзейнасць. Я не магу прыняць на сябе адказнасць нешта ім рэкамендаваць.

Агульна, што можна зараз параіць ім рабіць узбагачаць саміх сябе. Калі гэтыя веды спатрэбяцца, сказаць цяжка. Але калі мы закладаем верагоднасць таго, што ў Беларусі адбудуцца перамены, такія людзі будуць запатрабаваныя.

Практычнае заданне: аналіз сітуацыі ў беларускіх рэгіёнах

— Якія веды могуць спатрэбіцца?

Напрыклад, падчас дыскусій на нашых занятках я вельмі настойваю, каб людзі, якія паходзяць з рэгіёнаў, спрабавалі зрабіць для сябе аналіз эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі на месцах, падумаць, што там можна змяніць.

Бо развіццё Беларусі, у тым ліку яе публічнай палітыкі, будзе звязана з тым, наколькі хутка атрымаецца падымаць і развіваць рэгіёны, правесці адміністрацыйна-тэрытарыяльныя рэформы, вырашыць ключавыя рэгіянальныя праблемы.

Мы ведаем, што ў рэгіёнах асабліва зараз ужо ёсць цяжкасці ў сацыяльна-эканамічным плане. І вось такі аналіз праблем і магчымых шляхоў іх вырашэння гэта практычнае заданне для людзей.

І, магчыма, з наступнага курса, які пачнецца ў сакавіку, я запрапаную, каб для “Нацыі лідараў” людзі высылалі менавіта такія аналізы, пісалі тэксты, спрабавалі ўключыць сябе ў тэарэтычна-практычную дзейнась па ацэнцы лакальных праблем, і выступалі з прапановамі па іх вырашэнні.

Вяртацца і будаваць краіну, інакш наша дзейнасць не мае сэнсу

— З беларусамі ў Беларусі разабраліся. Можа, ёсць такія беларусы, якія знаходзяцца ўжо за мяжой і пасля вашых курсаў вырашылі, напрыклад, пайсці ў Каардынацыйную раду ці ўступіць у нейкую арганізацыю грамадзянскай супольнасці?

Насамрэч курс не закладае нейкіх механізмаў, не дае парад, як займацца палітычнай дзейнасцю, ставараць палітычныя партыі ці арганізацыі.

Хаця, акрамя тэарэтычнай часткі, ёсць і дыскусіі, якія доўжацца па паўтары гадзіны. Іх цягам курса тры, і мы абмяркоўваем на іх розныя пытанні, у тым ліку, напрыклад, менавіта такога кшталту: ці варта ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду?

Я, напрыклад, з прычын “арганізацыйных падыходаў” не падтрымліваю іх. І тым не менш, я заўсёды кажу, што любая дзейнасць ці актыўнасць, якая дапамагае развівацца, павінна мець месца, і нікога не адгаворваю займацца ёю.

Толькі падкрэсліваю, што гэтым трэба займацца актыўна і асцярожна. Прычым для беларусаў за мяжой, нягледзячы на нейкую фрустрацыю, расчараванне, захаванне магчымасці займацца такой дзейнасцю вельмі важнае. Будучыня грмадзянскай супольнасці фарміруецца ў тым ліку за мяжой, і на гэта я раблю акцэнт.

Тым маладым людзям, якія не страцілі надзеі і веры ў перамены, усё ж такі прыйдзецца вяртацца і будаваць краіну. Інакш, калі не падыходзіць да сітуацыі ў Беларусі менавіта з такога пункту гледжання, наша дзейнасць не мае сэнсу.

Застаецца спадзявацца, што будзе актыў, які вернецца і будзе браць удзел у рэформах.

Прытрымлівацца палітычнай маралі

А пра што ўвогуле ваш курс?

Збольшага гэта ўводзіны ў публічную палітыку, хаця на перспектыву мы, можа, крыху яго пашырым.

Мы робім упор на тыя сферы публічнай палітыкі, дзе грамадства можа ўдзельнічаць у працэсах прыняцця рашэнняў.

І гэта не тычыцца, напрыклад, партый, палітычных сістэм, выбараў як такіх, што ўкладаецца ў больш шырокае паняцце паліталогіі.

Курс мае тэарэтычна-практычны накірунак. Таму, як я ўжо казаў, мы надаём значную ўвагу мясцоваму самакіраванню як элементу публічнай палітыкі.

Мы размаўляем пра тое, як адбываецца працэс прыняцця палітычных рашэнняў. І, зразумела, пра бюракратыю, палітычныя эліты. Пра сацыяльна адказную палітыку, якая сёння вельмі папулярная на Захадзе і на якой пастаянна спекулюе Аляксандр Лукашэнка.

І як бы мы ні крытыкавалі ўмяшальніцтва дзяржавы ў працэсы сацыяльнага забеспячэння, без сацыяльных пакетаў не можа існаваць ніводная дзяржава, і гэта трэба разумець.

А яшчэ мы абмяркоўваем карупцыю як вельмі важны элемент, які з’яўляецца з прычыны пасіўнасці грамадства і слабасці дэмакратычных інстытутаў. І з гэтым мы сутыкаемся, на жаль, нават у дэмакратычных краінах.

Калі слухачы ставяць пытанні, я заўсёды звяртаю ўвагу на такі важны элемент, як палітычная і сацыяльная адказнасць.

Усё ж такі неабходна прытрымлівацца нейкіх прынцыпаў, можна сказаць палітычнай маралі. Гэта нібыта прапісана ў законах, аднак якраз адсутнасць нейкай сістэмы каштоўнасцей прыводзіць да таго, што ўлада разам з грашыма і статусам разбэшчвае так, што потым на працягу 30 год не ведаеш, як ад гэтага пазбавіцца…

Таму вось гэтыя асновы разумення, ментальныя падыходы трэба закладаць зараз.

Калі мой курс слухаюць палітычныя апаненты — няхай адукоўваюцца

— А хто вашы слухачы? “Нацыя лідараў” гэта, як мы ўжо неаднаразова пісалі, пра адукацыю для дарослых.

Вядома, збольшага камунікацыя адбываецца ўжо не са студэнтамі, да якіх у Беларусі зараз дагрукацца вельмі цяжка.

Ужо нават цяжка дакладна сказаць, людзі якога ўзросту прыходзяць на курс пра публічную палітыку, бо ўсе удзельнічаюць ананімна. Але потым на мерапрыемствах людзі падыходзяць, дзякуюць.

Бывае адваротная сувязь і з беларускімі слухачамі. Хаця, як я адзначыў, я не магу ведаць, хто дакладна слухае мой курс у Беларусі. Але калі сярод іх ёсць палітычныя апаненты, то няхай адукоўваюцца!

Далучыцца да “Нацыі лідараў” можна:

у “Тэлеграме” — t.me/nationofleaders_channel

у “Інстаграме” — instagram.com/nationofleaders_insta/

у “Фэйсбуку” — facebook.com/nationofleaders.org

у “Ютубе” — youtube.com/channel/UCjK4cecItrRTAorGbx8y1-w

у “Саўндклаўд” — soundcloud.com/nationofleaders

Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: