Мінск 23:10

Алесь Бяляцкі: Рычаг эканамічных і палітычных санкцый, які трымае ў руках ЕС, нельга аддаваць

Вольга Быкоўская

Алесь Бяляцкі ў Карлавым універсітэце (Прага)
Фота: Місія дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе

Праваабаронца, кіраўнік цэнтра “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год Алесь Бяляцкі ў 1980-я гады быў адным з першых, хто пачаў святкаваць Дзень Волі. Сваё стаўленне да гэтай даты ён выразна акрэсліў у інтэрв’ю “Радыё Свабода” ў 2008-м, да 90-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі: “Гэта адзінае свята, я абсалютна перакананы, якое ўсе свядомыя беларусы павінны святкаваць на вуліцы”.

Сёлета Бяляцкі, вызвалены ў снежні 2025 года ў межах дамовы паміж Вашынгтонам і Мінскам, упершыню за пяць гадоў змог павіншаваць суайчыннікаў асабіста: “Дзе б мы зараз ні былі, дзе б мы ні знаходзіліся і дзе б мы ні жылі на Беларусі, адкуль б мы ні былі, <…> у гэта дзень мы ўсе думаем пра Беларусь. <…> Я ўпэўнены, я перакананы, я вельмі спадзяюся, што ў рэшце рэшт усе мы агульнымі намаганнямі даб’емся незалежнасці, дэмакратычнасці, свабоды для беларускага народа і для нашага края”.

Дарэчы, калі б праваабаронца даседзеў да канца тэрміну, то выйшаў б акурат на 112-ю гадавіну БНР, 25 сакавіка 2030 года.

Цяпер Бяляцкі наганяе тое, што прапусціў не паводле свайго жадання, і “сустракаецца з народам” — пакуль толькі па-за межамі Беларусі, у якой яму не дазволілі застацца ўлады. На мінулым тыдні праваабаронца наведаў Прагу, дзе правёў перамовы з прэзідэнтам Пятром Павелам, а таксама наведаў Карлаў універсітэт, дзе распавёў пра сябе, пра Беларусь і пра свае погляды на тое, што адбываецца навокал.

“Позірк” запісаў размову і публікуе асноўныя выказванні Бяляцкага.

Візіт у Чэхію: данесці сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі

“Я ўжо не першы раз у Празе. Упершыню гэта было больш за 25 гадоў таму. Я сустракаўся з Вацлавам Гавелам, яшчэ калі ён быў прэзідэнт. У 2005-м я атрымаў прэмію Homo Homini чэшскай праваабарончай арганізацыі People in Need, і яе мне ўручаў Вацлаў Гавел. Былі і іншыя паездкі, улічваючы, што тут працавала і працягвае працаваць “Радыё Свабода”, тут жыве шмат маіх сяброў-праваабаронцаў”.

“Асноўная мэта візіту — данесці сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Што там адбываецца зараз і што мы хацелі б і прасілі б у чэшскага ўрада і ў чэшскага народа ў гэтай трагічнай сітуацыі для беларускага народа”.

“Мы прагаварылі асноўныя праблемы, якія зараз стаяць перад беларускай супольнасцю. Мы размаўлялі пра вызваленне палітзняволеных. Сярод іх мае сябры, калегі, праваабаронцы, журналісты, грамадскія актывісты. І мы гаварылі, якім чынам можна дабіцца вызвалення палітзняволеных і самае галоўнае — спыніць палітычныя рэпрэсіі”.

“Чым больш інфармацыі, тым больш тэрыторыя бяспекі для ахвяраў рэпрэсій”

“Мы вельмі ўдзячныя таму, што ёсць увага да тых праблем, якія ёсць у Беларусі з правамі чалавека, з дэмакратычнымі свабодамі, таму што я разумею, што ўвесь час здараюцца новыя выпадкі, пачынаюцца новыя войны, новыя праблемы, у нас страшная вайна ідзе побач каля Беларусі паміж Расеяй і Украінай. І нашы праблемы становяцца як бы неактуальнымі. І, канешне, для нас вельмі важна, калі пра Беларусь кажуць. Таму вялікая падзяка журналістам, якія цікавяцца сітуацыяй у Беларусі”.

“Кожны індывідуальна вырашае, казаць пра гэта (рэпрэсіі. — “Позірк”.) ці не казаць. І калі казаць, то што. Бо вельмі часта такая інфармацыя сапраўды можа стукнуць моцна па тваіх сваяках, па тваіх родных. Ці, калі ты сядзіш у турме, яна можа стукнуць па табе. Праваабаронцы ведаюць: чым больш інфармацыі, тым больш усё ж такі тэрыторыя бяспекі для ахвяраў рэпрэсій. Але мы ніколі не даём інфармацыю пра затрыманні, пра арышты, калі сваякі супраць, каб гэтая інфармацыя разыходзілася, бо тут ёсць этычнае пытанне”.

“Таго, што мы збіраем, дастаткова, каб паказаць маштабныя сістэмныя парушэнні правоў чалавека. Палітзняволеных больш на 300-400, але пра іх даводзіцца маўчаць”.

“Улады, канечне, зацікаўленыя, каб як мага менш інфармацыі выходзіла навонкі, каб мага менш пра гэта ведалі людзі. Я згадваю свой першы тэрмін, калі мая жонка дала інтэрв’ю — дзесяць год таму гэта яшчэ можна было, — што мне не перадаюць лекі. Начальнік калоніі выклікаў мяне і кажа: “Вы можаце абвергнуць гэтую інфармацыю, сказаць, што вы атрымліваеце гэтыя лекі? Вы можаце пазваніць сваёй жонцы і сказаць, каб яна больш не давала такіх інтэрв’ю?» Я сказаў: “У вас ёсць яе тэлефон — званіце і гаварыце з ёй”. На гэтым размова скончылася”.

“Мы маем такія трагічныя, можна сказаць, выпадкі, калі родных палітзняволеных таксама затрымлівалі, яны таксама траплялі ў турму. Такая практыка даволі распаўсюджаная для лукашэнкаўскага рэжыму. Цяпер у турме знаходзяцца сын Віктара Бабарыкі, сын Анатоля Лябедзькі, сядзяць сямейныя пары — і муж, і жонка”.

“Адміністрацыя калоніі мае інструкцыі, як знішчаць чалавечую годнасць”

“Гэта жорсткія ўмовы [у зняволенні] — ты трапляеш проста ў зусім іншы свет. Мала таго, што асяроддзе вакол цябе такое, сказаў бы, крымінальнае, таму што са мной сядзелі забойцы, гвалтаўнікі, людзі, якія адбылі па 20, па 30 гадоў у турме. У іх ужо як бы сваё разуменне гэтага свету, яно зусім не такое, як у нас”.

“Палітычных зняволеных там трактуюць яшчэ горш, таму што адміністрацыя калоніі звычайна мае цэлыя інструкцыі, якім чынам знішчаць тваю чалавечую годнасць, і ўвесь час ідуць пакаранні за так званыя парушэнні: за тое, што ў цябе не зашпілены гузік, за тое, што ты не павітаўся своечасова, і ўсе гэтыя парушэнні канчаюцца штрафнымі ізалятарамі ці іншымі відамі пакарання”.

“Адміністрацыя арганізоўвае правакацыі супраць палітзняволеных праз іншых зняволеных, таксама увесь час трэба быць пільным. Табе не аказваюць нармальнай медыцынскай дапамогі”.

“За 2,5 года, пакуль я быў у калоніі, ужо пасля СІЗА, я атрымаў 33 парушэнні. І кожнае парушэнне канчалася нейкім пакараннем. Так што быў злосным парушальнікам унутранага распарадку”.

“Калі падышоў час [сканчэння пакарання] — яны называюць гэта атэстацыяй, — начальнік калоніі сядзіць, сядзяць афіцэры і выклікаюць мяне. Ты мусіш дакладваць: “Беляцкий Александр Викторович, статья…., срок 10 лет, начало срока 14.07.21, конец срока 25.03.30, состою на профучете по категории лиц, склонных к экстремистской деятельности”. Вось гэта поўны даклад, які ты мусіш выкладваць разоў пяць, а то і сем у дзень пры кожнай сустрэчы з афіцэрам, з кімсьці з супрацоўнікаў калоніі. Начальнік паслухаў, пытаецца, колькі ў мяне парушэнняў. Яму кажуць: “33”. Я ўжо сам не ведаў, кінуў лічыць. Ён кажа: “О не, злоснік, злоснік, ідзі. Усё, значыць, ты ўжо не падлягаеш ніякім льготам, ты мусіш сядзець далей вось у гэтым жорсткім рэжыме”.

“Білі супрацоўнікі калоніі, у Шклове біў начальнік калоніі”

“Усяго сядзела ў маёй калоніі [у Горках] да 50 палітзняволеных. Таму што кагосьці прысылалі, кагосьці адсылалі, кагосьці выпускалі на волю. Некалькі чалавек мне казалі пра тое, што іх білі. Білі супрацоўнікі калоніі, у Шклове біў начальнік калоніі. Ну і самае распаўсюджанае: пры затрыманні і потым першыя дні ў следчым ізалятары людзей таксама вельмі часта збівалі. Хаця адкрыта гэта яны не робяць. Звычайна гэта робіцца ў масках ці ў нейкіх памяшканнях ізаляваных”.

“Пасля 20-га года людзей збівалі тысячамі. Гэта ўвогуле стала практыкай тых службаў, якія затрымліваюць, арыштоўваюць. Мне ў гэтым плане трошкі пашанцавала, таму што намі займаўся Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Гэта не непасрэдна ГУБАЗіК, дзе працуюць садысты, гестапаўцы — яны рэальна збіваюць людзей, не гледзячы ні на што: жанчына ты ці не, які ў цябе ўзрост”.

“Мяне затрымліваў ДФР. Гэта было трохі гумарыстычна, таму што гэта было 14 ліпеня, вельмі горача. Я сяджу зранку, 7 гадзін раніцы, сярод часныку і палю часнык. 21-ы год, ковід, мы ўсе працуем аддалена і стараемся не кантактаваць адзін з адным. І тут з’яўляецца восем чалавек у белых кашулях і чорных нагавіцах, падхопліваюць мяне і на допыт адразу”.

“Сказаць, што мне чагосьці не хапала ў турме… Я сядзеў як той часнык, мне нічога не трэба было, нармальна было.Я ні пра што не сумаваў у турме. Асабліва даваць нейкую слабіну там, пачынаць сумаваць я не дазваляў сабе, проста не дазваляў. Трэба было трымацца, трымаць паўзу і цярпець. Вось фактычна ўся тактыка і стратэгія гэтага сядзення”.

Сустрэча Алеся Бяляцкага ў Вільнюсе 13 снежня 2025 года пасля вызвалення і вывазу з Беларусі
Фота: "Позірк"

“Спадар Бяляцкі, ці гатовы вы выплаціць падатак з той прэміі?”

“Мне ўвогуле не было ніякай інфармацыі пра тое, што я атрымаў Нобелеўскую прэмію. Я выпадкова даведаўся. Гэта адбылося літаральна ў той дзень, калі гэта было абвешчана. Мы хадзілі знаёміцца з крымінальнай справай кожны дзень, там было больш за 300 тамоў. І гэта трэба было прагледзіць і прачытаць за месяц. І, калі канваір вёў мяне па калідоры, насустрач ішоў нехта з палітзняволеных і сказаў: “Алесь, як быццам бы вам далі Нобелеўскую прэмію”. Я сказаў: “Не, так не бывае”, — і пайшоў далей. Спакойны абсалютна, бо я не верыў у гэта нават на 1%. Але калі зайшоў у пакой, дзе сядзелі адвакатка і следчая, адвакатка сказала: “Так, Алесь, ужо перадаюць “вражэскія галасы”, што вы атрымалі Нобелеўскую прэмію. Мяне віншуюць іншыя мае калегі”. Тады я пераканаўся, што гэта так”.

“Я тады крычаў, што гэта немагчыма, немагчыма. Гэта было шокам для мяне. Ніякага афіцыйнага паведамлення мне не перадалі ў калонію. Адзінае, што прыйшло — ліст з падаткавай інспекцыі: “Спадар Бяляцкі, ці гатовы вы выплаціць падатак з той прэміі, якую, мы чулі, вы атрымалі?” Гэта быў адзіны афіцыйны ліст, які прапусцілі ў турму”.

ЗША і Лукашэнка: Нагадвае перамовы перагаворшчыкаў з тэрарыстамі

“Гэтыя перамовы, якія зараз праводзяць амерыканскія дыпламаты з Лукашэнкам, мне нагадваюць перамовы перагаворшчыкаў з тэрарыстамі. Ідзе такі абмен: вы нам дайце двух закладнікаў, мы вам дадзім скрынку вады. Вось нас вызвалілі 123 чалавекі 13 снежня, нас памянялі за адмену санкцый супраць калійных угнаенняў. Гэта быў рэальны абмен закладнікаў”.

“Мяне разбудзілі ў чатыры ранку з завязанымі вачыма, з кайданкамі на руках, везлі праз усю Беларусь з усходу на захад і выкінулі за мяжу і нічога не сказалі: ні пра памілаванне, ни пра што. І толькі за мяжой я ўжо даведаўся, што я памілаваны”.

“З аднаго боку добра, што палітзняволеныя выходзяць, але з другога — мы не бачым спынення палітычных рэпрэсій: выпускаюць адных, садзяць другіх. Не было б гэтых санкцый, мы б сядзелі ў турме”.

На сённяшні дзень для Лукашэнкі сітуацыя ў Беларусі вельмі камфортная. Як ён кажа: “Прастора зачышчаная, апанентаў няма”. Ён там адзін і бог, і цар, так сказаць, і герой. Што яму мяняць? Таму рычаг эканамічных і палітычных санкцый, які трымае ў руках Еўрапейскі звяз, нельга аддаваць, пакуль палітычныя рэпрэсіі не будуць спыненыя канчаткова”.

“Тое, што адбывалася ў 20-м годзе, можна параўнаць з мірнай негвалтоўнай рэвалюцыяй”

“Не было б у Лукашэнкі падтрымкі Расіі, канкрэтна Пуціна, то ўжо, я думаю, мы размаўлялі б пра яго ў мінулым часе. Ён проста жыццёва залежыць ад гэтай падтрымкі, ад гэтага сяброўства так званага. Лукашэнка не збіраецца сыходзіць, хаця былі абяцанкі пасля 20-га года: “Я не буду больш удзельнічаць у выбарах”. Тым не менш ён застаецца, верагодна, што ён будзе ўжо намагацца быць па максімуме, да канца”.

“Але за гэтыя 30 гадоў кардынальна змянілася грамадства Беларусі. На пачатку 90-х гадоў, яшчэ на пачатку 2000-х, рэальна большасць беларусаў падтрымлівала яго. І мы працавалі ў такой некамфортнай сітуацыі. У вялікіх гарадах людзі былі больш дэмакратычныя. У маленькіх мястэчках, у вёсках багата людзей падтрымлівала яго”.

“Улада ператварылася ў рэальную хунту. Яна не мае падтрымкі сярод людзей. Я гэта выразна адчуваў нават сярод зняволеных з самых нізкіх сацыяльных слаёў. Поўнае непрыняцце гэтай улады”.

“Тое, што адбывалася ў 20-м годзе, можна параўнаць з мірнай негвалтоўнай рэвалюцыяй. Яна, на жаль, не прывяла да зменаў ва ўладзе, не ўсе рэвалюцыі перамагаюць. Але яна выразна паказала, што беларускае грамадства змянілася, яно мае еўрапейскія арыенціры, хоча жыць па справядлівасці, дабіваецца справядлівых выбараў, шануе правы чалавека”.

“Беларускае грамадства гатовае да дэмакратычных зменаў. Яно паказала гэтае імкненне да дэмакратычных зменаў. Яно неаднароднае, нідзе няма аднароднага грамадства. Але большасць беларусаў праеўрапейскія, прадэмакратычныя. Сёння з гэтым вельмі цяжка паспрачацца”.

“Мне распавялі, што ў Чэхіі абмяркоўваецца закон аб замежных агентах, аб большым кантролі над сродкамі масавай інфармацыі. Мы гэта ўсё праходзілі ў Беларусі, і Расія гэта ўсё прайшла. Я не думаю, што чэшскаму народу і чэшскім дэпутатам, і ўсім людзям, якія маюць адносіны да ўлады, трэба такі шлях, па якім прайшлі мы”.

“Я згадваю сваю размову з вядомым расійскім праваабаронцам Сяргеем Кавалёвым. Ён сябра Андрэя Сахарава, сядзеў у турме багата. Вось я ў яго пытаўся некалі, ён напалову беларус, напалову рускі. Размова была прыкладна 30 гадоў таму. Я пытаўся: “Сяргей Адамавіч, ці будзе ў Расіі дэмакратыя калі-небудзь?” Ён сказаў: “Алесь, абавязкова будзе, але гадоў праз 100″. Так што яшчэ 70 гадоў, можа быць, і будзе там. Я думаю, што Беларусь больш гатовая і рэальна мы даб’ёмся гэтага хутчэй, чым Расія. На жаль, цана падтрымкі Расіі для беларускага народа і беларускай дзяржавы вельмі высокая”.

“Працэс русіфікацыі актывізаваўся”

“За гэты час адбылося вельмі багата негатыўных момантаў, звязаных з каланізацыяй Беларусі з боку Расіі. Гэта вельмі шчыльнае вайсковае супрацоўніцтва, гэта вельмі шчыльнае эканамічнае супрацоўніцтва і гэта знішчэнне беларускай культуры, якое адбывалася ўсе гэтыя гады, а ў апошнія месяцы набыла яшчэ больш моцы. Нейкая хваля пайшла. Закрываюцца непалітычныя, культурніцкія, асветніцкія ініцыятывы, выдавецтвы, пераследуюцца выкладчыкі беларускай гімназіі. Мы канстатуем гэтыя выпадкі наступу на беларускую культуру. Беларускі ПЭН прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй 27 лютага. Тут відавочна, што працэс русіфікацыі актывізаваўся”.

“За апошнія пяць гадоў практычна знішчаны ўвесь грамадскі сектар, усе грамадскія незалежныя арганізацыі, палітычныя актывісты вымушаныя былі ці выехаць, ці трапілі ў турму, тое ж датычылася ўсіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Працаваць у Беларусі зараз немагчыма”.

“Нам трэба яшчэ папрацаваць”

“Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 94-м годзе. Гэта ўжо больш за 30 гадоў. І вот калі б любога спыталі тады, колькі ён прабудзе ля ўлады, 30 гадоў ці не, ніхто б у гэта не паверыў, сказалі б: “Не, гэта проста немагчыма”. Але тым не менш гэта факт”.

“Нашаму праваабарончаму цэнтру ў красавіку будзе ўжо 30 гадоў. Мы ўзніклі ў 96-м годзе як адказ на тыя масавыя рэпрэсіі, якія пачаліся ў Беларусі. Фактычна гісторыя “Вясны”, як і мая біяграфія, вельмі моцна звязаная з тым, што адбывалася ў нашай дзяржаве ўсе гэтыя гады. Былі лепшыя часы, больш спакойныя, былі горшыя часы, але мы ўсё ж такі маглі прыстасавацца да сітуацыі і знайсці магчымасці для праваабарончай працы”.

“Я хачу далей займацца тым, чым займаўся — абаронай правоў чалавека. Падымаць пытанне правоў чалавека ў Беларусі, у нашым рэгіёне, таму што наша сітуацыя вельмі моцна залежыць ад таго, якія змены будуць адбывацца ва Украіне, ці застанецца Украіна незалежнай еўрапейскай краінай. Для нас гэта крайне важна. У рэшце рэшт, мы [яшчэ] не дабіліся тых мэтаў, якія ставілі, ствараючы “Вясну”.

Падзяліцца: