Мінск 23:33

Лукашэнка становіцца для Крамля ненадзейным саюзнікам

Дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі (Кіеў) — адмыслова для "Позірку"
Крыніцы выяў: тэлеграм-канал Генштаба УСУ, сайт Лукашэнкі / калаж: "Позірк"

Падзеі апошніх месяцаў істотна павысілі ўвагу да таго, што адбываецца ў Беларусі. І справа зусім не ў тым, што набліжаецца гадавіна прыняцця Аляксандрам Лукашэнкам прэзідэнцкай прысягі (першая яго інаўгурацыя прайшла 20 ліпеня 1994 года). Вакол краіны разгортваецца маштабнае ваенна-палітычнае супрацьстаянне, якое падкрэслівае яе значэнне для бяспекі Еўропы.

Расійскім ваенным дарадцам далі ад варот паварот

Не станем адмаўляць, што каталізатарам зменаў у паводзінах Лукашэнкі стала больш рэзкая пазіцыя афіцыйнага Кіева. І палёт кіраўніка Беларусі па маршруце Мінск — Валдай — Пекін — Джакарта — гэта спроба атрымаць дадатковыя магчымасці для прыняцця рашэнняў.

Вайскова-палітычнае ўзмацненне Украіны ператварыла яе ў чыннік ціску на Мінск. І калі Лукашэнка публічна прызнаў сустрэчу з прадстаўнікамі Уладзіміра Зяленскага і адзначыў у інтэрв’ю тэлеканалу “Аль-Арабія“, што Беларусь “як на далоні“ перад украінскімі беспілотнікамі, то гэта азначае, што ён стаў лепш разумець актуальныя геапалітычныя рэаліі.

Наіўна разлічваць, што Беларусь зможа адным махам разарваць сістэму ўзаемадзеяння з Расіяй, якая выбудоўвалася дзесяцігоддзямі. Хутчэй, гэта нагадвае працэс раз’яднання сіямскіх блізнятаў, адзін з якіх трымае сябе вельмі агрэсіўна.

Ён паслядоўна падпарадкоўваў сваёй волі іншага, які згаджаўся, але цяпер сітуацыя паступова мяняецца. Вядома, не адразу і не ва ўсім. Таму расійскія куратары ў Віцебскай паветрана-дэсантнай і Брэсцкай дэсантна-штурмавой брыгадах застаюцца, аднак наўрад ці яны змогуць аддаць загад на баявое прымяненне падраздзяленняў.

Пры гэтым ёсць звесткі, што расійскія вайсковыя дарадцы былі паказальна не дапушчаныя на нараду ў Генеральным штабе Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь 5 чэрвеня. Напэўна, гэта першая ластаўка за апошні час. Камандаванне УС Беларусі прадэманстравала, што ў яго ёсць свае сакрэты нават ад “братоў па зброі“.

Відавочна, наступным крокам стала, паводле маіх звестак, скасаванне Беларуссю сумесных з Расіяй маштабных вучэнняў з мабілізацыяй і перадыслакацыяй войскаў, якія планаваліся на канец чэрвеня.

Беларусы не хочуць ваяваць з Украінай, і гэта пацвярджаецца не толькі настроямі грамадства, але і паводзінамі вайскоўцаў.

Беларусь ваяваць не хоча

Пазіцыя Лукашэнкі апошнім часам стала вельмі асцярожнай. Вядома, што пытанне ўдзелу Беларусі ў ваенных дзеяннях супраць Украіны яму давялося неаднаразова абмяркоўваць з Уладзімірам Пуціным, у тым ліку два дні на Валдаі.

Адсутнасць інфармацыі аб гэтай сустрэчы двух кіраўнікоў апасродкавана сведчыць аб дыпламатычным супраціве Мінска спробам Масквы цалкам падпарадкаваць сабе абаронную палітыку Беларусі. У апошнія тыдні яе ўлады наўпрост заяўляюць сусветнай супольнасці, што ўсведамляюць рызыкі адкрыцця фронту супраць Украіны і катэгарычна супраць гэтага.

Да прыкладу, фактычна прызнаючы (на закрытых перамовах) наяўнасць на сваёй тэрыторыі — паблізу Віцебска, Слоніма і Бярозы — пляцовак для запуску БПЛА тыпу Shahed, кіраўніцтва Беларусі звяртае ўвагу, што гэта — следства ранейшых навязаных Масквой саюзніцкіх абавязацельстваў, а не суверэннае жаданне малодшага саюзніка атакаваць суседзяў. Як гаворыцца, адчуйце розніцу.

Наіўна меркаваць, што Беларусь аднамомантна адмовіцца ад супрацоўніцтва з Расіяй у вайсковай сферы. Аднак Мінск зрабіў стаўку на іншае: ён дэманструе ўласную ненадзейнасць як хаўрусніка Крамля, што на пятым годзе шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну мае важкае значэнне.

Падзяліцца: