
Вестка пра смерць Аляксандра Мілінкевіча стала шокам для беларускага дэмакратычнага руху. Нягледзячы на цяжкую хваробу, апошнім часам з сям’і палітыка і грамадскага дзеяча паступалі сігналы, якія абнадзейвалі, — ён праходзіў рэабілітацыю пасля складанай аперацыі.
І вось сёння раніцай стала вядома пра смерць 79-гадовага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года.
“Позірк” паразмаўляў з людзьмі, якія добра ведалі Мілінкевіча, працавалі або сябравалі з ім.
“Сімвал годнасці, адказнай палітыкі і здольнасці аб’ядноўваць людзей”
“Смерць Аляксандра Мілінкевіча — гэта вялікая страта для Беларусі, — заявіў лідар руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. — Ён быў адным з тых людзей, якія ў самыя складаныя часы захоўвалі вернасць прынцыпам, еўрапейскаму выбару і мірнаму дэмакратычнаму шляху развіцця краіны”.
На яго думку, для многіх Мілінкевіч стаў “сімвалам годнасці, адказнай палітыкі і здольнасці аб’ядноўваць людзей вакол агульных каштоўнасцяў”.
Унёсак палітыка ў станаўленне сучаснага беларускага дэмакратычнага руху, лічыць Губарэвіч, “застанецца важнай часткай найноўшай гісторыі краіны”.
Ён прызнаўся, што гэта і яго асабістая страта: “Я ўдзячны Аляксандру Мілінкевічу за давер, падтрымку і прыклад таго, як можна заставацца прынцыповым, адкрытым да дыялогу і пры гэтым ніколі не адступаць ад сваіх перакананняў. Яго будзе вельмі не хапаць”.
“Паводле сваіх якасцяў быў вельмі падобны на Вацлава Гавела”
“Мала каго ў беларускай апазіцыі паважалі так, як Аляксандра Мілінкевіча, — адзначыў лідар Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. — Сціпласць, прастата, паважлівае стаўленне да людзей арганічна спалучаліся ў яго з прыстойнасцю і высакароднасцю. Паводле гэтых якасцяў ён дзіўным чынам быў падобны на прэзідэнта Чэхіі легендарнага Вацлава Гавела, з якім у Аляксандра Уладзіміравіча склаліся цёплыя, сяброўскія адносіны”.
На думку Ярашука, гэта было зусім не выпадкова: “Абодва яны прыкметна вылучаліся сваёй чалавечнасцю, сваімі высокімі гуманістычнымі прынцыпамі. Як Гавел для Чэхіі, так і Мілінкевіч для Беларусі быў бы, можна не сумнявацца, ідэальным прэзідэнтам, за якога беларусам было б не сорамна і якім можна было б ганарыцца”.
На жаль, адзначае лідар БКДП, “не наканавана было спраўдзіцца гэтым надзеям”.
“Аляксандра Мілінкевіча не стала, але яго прыклад годна пражытага жыцця, яго жыццёвы подзвіг, не сумняваюся, будуць натхняць не адно пакаленне беларускіх палітыкаў на беззапаветнае служэнне роднай Беларусі і яе народу, барацьбу за іх свабоду і росквіт”, — сказаў Ярашук.
“Сапраўдны патрыёт, які хацеў бачыць Беларусь свабоднай”
“Вельмі сумна было даведацца, што паважаны спадар Мілінкевіч сышоў у лепшы сусвет, — заявіў экс-амбасадар Швецыі ў Беларусі (2008–2012) Стэфан Эрыксан. — Ён быў добрым чалавекам, сапраўдным патрыётам, які хацеў бачыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай”.
Дыпламат узгадаў, як годна Мілінкевіч прадстаўляў дэмакратычныя сілы на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года. Не сцерліся з памяці Эрыксана і “нефармальныя сустрэчы, у прыватнасці, у яго любімых Берштах (вёска ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца дом палітыка. — “Позірк”.)”.
“Шкада, што ён не дажыў, каб убачыць тую іншую Беларусь, пра якую марыў”, — адзначыў экс-амбасадар.
Мілінкевіч нарадзіўся ў Гродне ў сям’і заслужанага настаўніка БССР. У 1965 годзе з выдатнай адзнакай скончыў школу, у 1969-м — фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута.
Пасля заканчэння аспірантуры Інстытута фізікі АН БССР працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам. У 1976-м абараніў дысертацыю па тэме “Механізм генерацыі звышмагутных лазерных імпульсаў”.
Працаваў школьным настаўнікам, выкладчыкам у ВНУ (у т.л. Алжыра), быў намеснікам кіраўніка Гродзенскага гарвыканкама. Прайшоў стажыроўку ва ўніверсітэтах Польшчы, ЗША, Францыі, вывучаў сучасныя метады адукацыі ў Вялікабрытаніі і досвед развіцця спорту ў Канадзе.
Аўтар 65 навуковых прац і манаграфій па квантавай электроніцы, лазернай тэхніцы, а таксама па гісторыі, культуры, адукацыі, архітэктуры Беларусі.
У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе дэмакратычных сіл быў абраны адзіным кандыдатам ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 19 сакавіка 2006-га. Сабраў больш за 250 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.
Паводле афіцыйных звестак Цэнтрвыбаркама, набраў 6,12% галасоў.
Удзельнічаў у паслявыбарных пратэстах, адбыў палітычна матываваны адміністрацыйны арышт.
У 2006–2016 гадах быў лідэрам руху “За Свабоду”.
У 2017 годзе разам з пісьменніцай Святланай Алексіевіч і іншымі вядомымі людзьмі зарэгістраваў у Варшаве фонд “Вольны беларускі ўніверсітэт”, з’яўляўся яго кацлерам.
26 кастрычніка 2006-га быў узнагароджаны штогадовай прэміяй імя Сахарава “За свабоду думкі”, заснаванай Еўрапарламентам у 1988 годзе.
У апошнія гады Мілінкевіч жыў за мяжой. Быў пазаштатным дарадцам дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.
25 лістапада 2025 года ягоная жонка Іна Кулей паведаміла, што муж трапіў у рэанімацыю ў вельмі цяжкім стане. Перад гэтым палітык перанёс аперацыю па стэнціраванні соннай артэрыі, якая на 80% была закрытая тромбам. Пасля яго выдалення і аднаўлення крывацёку рэзка падняўся ціск. Мілінкевіч быў уведзены ў медыкаментозны сон, каб арганізм не марнаваў сілы на рухі.
Пазней Мілінкевіч быў пераведзены ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі.
26 траўня Кулей звярнулася да грамадскасці з просьбай фінансава дапамагчы палітыку. На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” яна адзначыла, што наступствы лістападаўскай аперацыі “сталіся не такімі, як мы ўсе спадзяваліся”. Сума, запытаная на рэабілітацыю ў Варшаве — каля 120 тыс. злотых (больш за 30 тыс. долараў), была сабраная за некалькі дзён.



