Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 15 кастрычніка 2026 года ў 10:00

Нобелеўскую прэмію прысуджаюць ужо больш за 125 гадоў. Лаўрэаты 2026 года былі абвешчаныя на Нобелеўскім тыдні (5–12 кастрычніка). Уручэнне адбудзецца 10 снежня ў Осла (прэмія міру) і Стакгольме (астатнія).
За стагоддзе з чвэрцю сярод яе намінантаў былі пісьменнікі, навукоўцы і грамадскія дзеячы, якія нарадзіліся і/або жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Некаторыя з іх перамаглі, іншыя — апынуліся блізка да перамогі, многія — неаднаразова вылучаліся, але так і не сталі лаўрэатамі.
Як з’явілася Нобелеўская прэмія
Прэмію заснаваў шведскі вынаходнік і прадпрымальнік Альфрэд Нобель, які атрымаў вядомасць дзякуючы вынаходству дынаміту.
У завяшчанні, падпісаным 27 лістапада 1895 года ў Парыжы, ён распарадзіўся накіраваць асноўную частку свайго багацця на штогадовыя ўзнагароды людзям, якія прынеслі найбольшую карысць чалавецтву.
Першапачаткова Нобель прадугледзеў пяць кірункаў: фізіку, хімію, фізіялогію і медыцыну, літаратуру і прэмію міру.
Пасля яго смерці ў 1896 годзе выканаўцам завяшчання спатрэбілася некалькі гадоў, каб арганізаваць сістэму ўзнагароджання. Першыя прэміі ўручылі 10 снежня 1901 года — у гадавіну смерці ідэйнага натхняльніка ўзнагароды.
У 1969 годзе да пяці першапачатковым напрамках дадалася прэмія па эканамічных навуках памяці Альфрэда Нобеля, заснаваная Банкам Швецыі.
Фармальна яна адрозніваецца ад пяці прэмій, прадугледжаных завяшчаннем, хоць прысуджаецца ў межах той жа сістэмы.
Навуковыя прэміі і прэмію па літаратуры прысуджаюць у Швецыі, прэмію міру — у Нарвегіі.
Кандыдатуры вылучаюць члены парламентаў і ўрадаў, кіраўнікі дзяржаў, лаўрэаты мінулых гадоў, рэктары універсітэтаў, прафесары ў адпаведных галінах навукі і інш. Сам факт намінацыі не азначае, што кандыдат уваходзіў у лік фіналістаў або быў блізкі да атрымання ўзнагароды.
Імёны намінантаў становяцца вядомыя толькі праз 50 гадоў. Таму звесткі аб вылучэнні сучасных пісьменнікаў і навукоўцаў нярэдка заснаваныя на паведамленнях арганізацый, якія аб’яўлялі аб сваіх ініцыятывах, а не на адкрытым архіве Нобелеўскага камітэта.
Адкуль грошы праз 125 гадоў пасля смерці Нобеля?
Нобелеўскія прэміі працягваюць фінансавацца за кошт багацця Альфрэда Нобеля. Пасля яго смерці асноўная частка спадчыны была перададзеная ў кіраванне Нобелеўскаму фонду, які інвестуе ў акцыі, аблігацыі, нерухомасць і іншыя актывы.
Даходы ад інвестыцый дазваляюць штогод выплачваць прэміі і пакрываць выдаткі на іх прысуджэнне, захоўваючы капітал фонду для будучых пакаленняў. У 2026 годзе сума кожнай поўнай Нобелеўскай прэміі складае 11 млн шведскіх крон (1,1 млн долараў ЗША).
Як адбываецца цырымонія ўручэння
Цырымонія ўручэння нобелеўскіх прэмій праходзіць 10 снежня, у гадавіну смерці Альфрэда Нобеля. Узнагароды па фізіцы, хіміі, фізіялогіі або медыцыне, літаратуры і эканоміцы ўручаюць у Стакгольме.
Лаўрэаты атрымліваюць з рук караля Швецыі залаты медаль, дыплом і дакумент, які пацвярджае грашовую ўзнагароду. Пасля цырымоніі ў Стакгольмскай ратушы праходзіць урачысты банкет на больш чым тысячу гасцей.
Нобелеўскую прэмію міру паводле завяшчання Нобеля ўручаюць асобна — у Осла. Цырымонія праходзіць у гарадской ратушы ў прысутнасці нарвежскай каралеўскай сям’і. Узнагароду ўручае старшыня нарвежскага Нобелеўскага камітэта.
Такі падзел існуе з моманту заснавання прэміі: пры жыцці Нобеля Швецыя і Нарвегія знаходзіліся ў уніі, а выбар лаўрэата прэміі міру вынаходнік даверыў камітэту, прызначанаму нарвежскім парламентам.
Хто стаў лаўрэатам 2026 года
У 2026 годзе прэміі па літаратуры ўдастоеная канадская паэтэса, эсэістка і перакладчыца Эн Карсан — за “наватарскую творчасць, якая аб’ядноўвае розныя літаратурныя формы і антычную традыцыю”.
Прэмія міру аддадзеная паўднёваафрыканскай юрыстцы Наві Пілэй за “намаганні па ўмацаванні міжнароднага права і прасоўванні міру”. І ў яе ёсць сувязь з Беларуссю.
У 2008–2014 гадах Пілэй займала пасаду вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. У гэты перыяд яна неаднаразова крытыкавала палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі.
У снежні 2010 года, пасля разгону пратэстаў супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, Пілэй выказала занепакоенасць ужываннем сілы супраць дэманстрантаў, затрыманнямі апазіцыйных кандыдатаў і ціскам на грамадзянскую супольнасць.
У красавіку 2012 года быў падрыхтаваны даклад Упраўлення вярхоўнага камісара ААН аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. У дакуменце згадваўся, у прыватнасці, арышт кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага — будучага лаўрэата нобелеўскай прэміі міру.
У ліпені таго ж года Савет ААН па правах чалавека заснаваў мандат спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі ў Беларусі.
Бяляцкі вітаў прысуджэнне ўзнагароды Пілэй, назваўшы гэта “важным сігналам падтрымкі міжнародных праваабарончых інстытутаў”.
У галіне фізіялогіі і медыцыны ўзнагарода прысуджаная Карлу Дайсероту, Петару Хегеману і Георгу Нагелю за адкрыцці, звязаныя са святлоадчувальнымі іённымі каналамі і оптагенетыкай.
Прэмію па фізіцы вырашана ўручыць Фрэнсісу Хальцану за ўнёсак у стварэнне нейтрыннай абсерваторыі IceCube і адкрыццё нейтрына астрафізічнага паходжання.
Лаўрэатамі ў галіне хіміі сталі Анры Каган і Кэнсо Саай за працы па асіметрычным сінтэзе малекул.
Нобелеўская прэмія па эканоміцы прысуджаная Роберту Холу і Майклу Вудфарду за мікраэканамічныя асновы макраэканамічнай стабілізацыі.
Хто атрымаў прэмію ў найноўшай гісторыі Беларусі
Беларусь стала першай постсавецкай краінай, якая атрымала абедзве гуманітарныя прэміі — па літаратуры і міру, прычым адбылося гэта ўсяго за сем гадоў.
Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў 2015 годзе. Шведская акадэмія адзначыла яе “шматгалосную творчасць, у якой адлюстраваныя пакуты і мужнасць сучаснікаў”.

Алексіевіч нарадзілася ва ўкраінскім Івана-Франкоўску, вырасла ў Беларусі. Вядома, што ў прамежку з 2003-га па 2015 год яна была намінаваная сама меней дзевяць разоў. Можна сказаць, што прэмію Алексіевіч атрымала досыць хутка.
Знакамітаму нямецкаму пісьменніку Гюнтару Грасу спатрэбілася 33 гады, а чэшскаму набеліяту Яраславу Сейферту — 30. Былі і гісторыі нашмат цікавейшыя.
Вядомы выпадак, калі пісьменніка намінавалі на “нобеля” 155 разоў. Гэта іспанскі філолаг, гісторык і фалькларыст Рамон Менендэс Підаль. Яго вылучалі на ўзнагароду 26 гадоў запар, а пікам намінацыйнай кампаніі стаў 1956 год, калі ў Шведскую акадэмію паступіла адразу 95 заявак на яго падтрымку.
Гэта быў першы і апошні маштабны міжнародны “флэшмоб”: скаардынаваная акцыя сотняў навукоўцаў, літаратараў і крытыкаў павінна была літаральна прымусіць камітэт прысудзіць узнагароду Підалю.
Аднак беспрэцэдэнтны ціск не спрацаваў: Нобелеўскі камітэт праігнараваў гэты масавы заклік і аддаў прэмію іншаму іспанскаму аўтару, паэту Хуану Рамону Хіменэсу, давёўшы, што колькасць лістоў зусім не гарантуе перамогу.
Алесь Бяляцкі, заснавальнік праваабарончага цэнтра “Вясна”, атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру ў 2022 годзе, падзяліўшы яе з расійскай праваабарончай арганізацыяй “Мэмарыял” і ўкраінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабодаў. Узнагароду прысудзілі за “намаганні па абароне правоў чалавека, дэмакратыі і мірнага суіснавання”.
Паводле адкрытых крыніцаў, праваабаронца быў намінаваны мінімум сем разоў.
Ён нарадзіўся ў Карэліі, аднак з трох гадоў рос на радзіме бацькоў у Беларусі.

Хто нарадзіўся на тэрыторыі Беларусі, але атрымаў прэмію, жывучы за яе межамі
Жарэс Алфёраў (1930–2019) нарадзіўся ў Віцебску. Савецкі і расійскі фізік атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы ў 2000 годзе сумесна з нямецкім навукоўцам Гербертам Крэмерам.
Палову прэміі ім прысудзілі за распрацоўку паўправадніковых гетэраструктур, якія ўжываюцца ў высакахуткаснай электроніцы і оптаэлектроніцы. Другую палову атрымаў амерыканскі інжынер Джэк Кілбі за ўнёсак у вынаходніцтва інтэгральнай схемы. Алфёраў зрабіў навуковую кар’еру ў СССР і Расіі.
Менахем Бегін (1913–1992) нарадзіўся ў Брэст-Літоўску — цяперашнім Брэсце. Ён стаў прэм’ер-міністрам Ізраіля і ў 1978 годзе атрымаў Нобелеўскую прэмію міру разам з прэзідэнтам Егіпта Анварам Садатам.
Узнагароду ім прысудзілі за перамовы, якія прывялі да заключэння мірнага пагаднення паміж дзвюма краінамі. Важным этапам перамоваў сталі Кэмп-Дэвідскія пагадненні, заключаныя пры пасярэдніцтве прэзідэнта ЗША Джымі Картэра.
Шымон Перэс (1923–2016) нарадзіўся ў вёсцы Вішнева, якая сёння знаходзіцца ў Мінскай вобласці. Ён займаў пасады прэм’ер-міністра і прэзідэнта Ізраіля, кіраваў знешнепалітычным ведамствам краіны.
У 1994 годзе Перэс атрымаў Нобелеўскую прэмію міру сумесна з прэм’ер-міністрам Ізраіля Іцхакам Рабінам і палесцінскім лідарам Ясірам Арафатам за намаганні па дасягненні міру на Блізкім Усходзе. Узнагарода была звязаная з перамоўным працэсам, які прывёў да падпісання пагадненняў у Осла.
Эліза Ажэшка: першы вядомы намінант з Беларусі
Першым вядомым прэтэндэнтам на Нобелеўскую прэмію, які нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, была польскамоўная пісьменніца Эліза Ажэшка (1841–1910).
Яна з’явілася на свет у сядзібе Мілкаўшчызна непадалёк ад Гродна і стала адным з прыкметных прадстаўнікоў польскай літаратуры XIX стагоддзя. У Гродне ўсталяваны помнік Ажэшку, на аднайменнай вуліцы працуе яе дом-музей — дакладная копія дома, дзе яна жыла і працавала.
У 1905 годзе Ажэшку вылучылі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Паводле апублікаваных звестак, яна атрымала восем намінацый і дайшла да фінальнага разгляду разам з Львом Таўстым і Генрыкам Сянкевічам.
Частка членаў камітэта прапаноўвала падзяліць узнагароду паміж Ажэшка і Сянкевічам, аднак прэмію ў выніку прысудзілі толькі Сянкевічу.
Паводле слоў аднаго з акадэмікаў, Ажэшка саступала Сянкевічу “як мастак-апавядальнік і віртуоз мовы”, але валодала тым, што, на думку самога Нобеля,”мела б большую вагу, чым вялікі эпічны размах”: “У яе вялікае, багатае, сэрца, якое кахае”.
Ураджэнка Беларусі мела рэальны шанец стаць першай жанчынай, якая атрымала вышэйшую літаратурную ўзнагароду. Але гэтага не здарылася, і першай літаратурнай набеліяткай ў 1909 годзе стала шведка Сельма Лагерлёф.
Першай жанчынай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію, была полька Марыя Складоўская-Кюры. Яна застаецца адзіным лаўрэатам прэмій па фізіцы (1903) і хіміі (1911).
Як насуперак этыцы сын вылучыў бацьку
Прафесар Леў Розанаў, які загадваў кафедрай нармальнай фізіялогіі Белдзяржуніверсітэта і атрымаў афіцыйнае права вылучаць кандыдатаў, у 1928 годзе выкарыстаў гэты прывілей неардынарна.
Насуперак акадэмічнай этыцы ён намінаваў на вышэйшую навуковую ўзнагароду ўласнага бацьку —земскага лекара-эпідэміёлага Паўла Розанава.
Пры гэтым у вылучанага кандыдата адсутнічалі колькі-небудзь сур’ёзныя навуковыя працы, а яго імя згадвалася ў медыцынскай перыёдыцы толькі аднойчы. Нобелеўскі камітэт такую прапанову разглядаць адмовіўся.

Навукоўцы з Беларусі, чые адкрыцці прэтэндавалі на прэмію
Напалеон Цыбульскі (1854–1919) — фізіёлаг, які нарадзіўся ў Крываносах на тэрыторыі сучаснай Беларусі (Гродзенская вобласць). Даследваў фізіялогію кровазвароту і эндакрыннай сістэмы. Яго кандыдатуру вылучалі на Нобелеўскую прэмію па фізіялогіі або медыцыне ў 1911, 1914 і 1918 гадах. Лаўрэатам ён не стаў.
Леанід Мандэльштам (1879–1944) нарадзіўся ў Магілёве, адзін з найбуйнейшых фізікаў свайго часу. У 1930 годзе яго намінавалі на Нобелеўскую прэмію па фізіцы. Мандэльштам разам з Рыгорам Ландсбергам адкрыў камбінацыйнае рассейванне святла — з’яву, якая пазней атрымала назву эфект Рамана (у 1930 годзе Нобелеўскую прэмію за даследаванні рассейвання святла прысудзілі індыйскаму фізіку Чандрасекарэ Венкатэ Раману).
Майсей Куніц (1887–1978) нарадзіўся ў Слоніме. Быў біяхімікам і даследаваў ферменты, уключаючы трыпсін і рыбануклеазу. Куніц разам з Джонам Нортропам вылучаўся на прэмію па фізіялогіі/медыцыне ў 1937 годзе, а ў 1941-м — па хіміі. Нортроп атрымаў прэмію ў 1946 годзе.
Філіп Левін (1900–1987) нарадзіўся ў Клецку. Пасля пераезду ў ЗША стаў вядомым імунагематолагам, даследаваў групы крыві, у прыватнасці рэзус-фактар і яго сувязь з гемалітычнай хваробай немаўлятаў.
Яго кандыдатуру на Нобелеўскую прэмію па фізіялогіі/медыцыне вылучалі ў 1946, 1950, 1952 і 1953 гадах.
Якаў Зяльдовіч (1914–1987) нарадзіўся ў Мінску. Фізік-тэарэтык, астрафізік і фізікахімік, зрабіў унёсак у вывучэнне ядзерных рэакцый, касмалогіі і эвалюцыі Сусвету. Зяльдовіча вылучалі на Нобелеўскую прэмію па хіміі ў 1968 годзе, а ў 1971-м — па фізіцы.
У апошнім выпадку яго кандыдатуру прапанавалі разам з амерыканскімі астрафізікамі Маартэнам Шмітам і Джонам Уілерам.
Віталь Гальданскі (1923–2001) паходзіць з Віцебска. Даследчык у галіне ядзернай хіміі, ядзернай фізікі і мёсбауэраўскай спектраскапіі.
У 1971 годзе яго вылучылі на Нобелеўскую прэмію па хіміі разам са шведскім фізікам Каем Сігбанам.
У архіве Нобелеўскай прэміі захаваўся запіс аб намінацыі: хімік Мікалай Эмануэль, які іх вылучыўў, лічыў, што ўзнагароду варта было падзяліць паміж двума навукоўцамі. Аднак прэмію ім тады не прысудзілі. Сігбан атрымаў Нобелеўскую прэмію праз 10 гадоў — без Гальданскага.
Намінант, які змяніў міжнароднае права, паходзіць з Беларусі
Рафаэль Лемкін (1900–1959) нарадзіўся непадалёк ад Ваўкавыска. Юрыст габрэйскага паходжання, ён прысвяціў жыццё распрацоўцы міжнародна-прававых механізмаў супраць масавага знішчэння людзей.
На фармаванне поглядаў Лемкіна паўплываў судовы працэс над армянінам Сагамонам Тэйліранам, які ў 1921 годзе застрэліў у Берліне былога міністра ўнутраных спраў Асманскай імперыі Талаата-пашу — аднаго з галоўных арганізатараў генацыду армян.
На судзе абмяркоўваліся масавыя забойствы і дэпартацыі армян, а нямецкі суд прысяжных апраўдаў Тэйлірана, пастанавіўшы, што малады армянін дзейнічаў у стане афекту.
Гэтыя падзеі згадваюцца ў новым рамане вядомага беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча “Падземныя пераходы” (можа быць, менавіта ён калісьці стане чарговым айчынным набеліятам?).
Працэс над Тэйліранам прымусіў Лемкіна задумацца, чаму масавае знішчэнне людзей не пераследуецца як самастойнае міжнароднае злачынства і ці можа асобны чалавек вяршыць правасуддзе замест суда.
Пазней гэтыя разважанні сталі адным са стымулаў яго працы над міжнародна-прававым вызначэннем генацыду і механізмамі пакарання за яго.
Лемкін увёў у міжнародны абарот паняцце генацыду і адыграў ключавую ролю ў прасоўванні Канвенцыі ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, прынятай у 1948 годзе.
Яго кандыдатуру на Нобелеўскую прэмію міру вылучалі неаднаразова — паводле апублікаваных біяграфічных даных, шэсць разоў з 1950-га па 1959 гады. Аднак прэмію ён так і не атрымаў.
Уладзімеж Колас (1928–1996) — польскі хімік і фізік, які нарадзіўся ў Пінску. Стаў адным з заснавальнікаў сучаснай квантавай хіміі, вядомы піянерскімі разлікамі электроннай структуры малекул.
У 1973 годзе Коласа вылучылі на Нобелеўскую прэмію па хіміі разам з фізікам і хімікам Клеменсам Рутанам і хімікам Лютаславам Вальневічам.
У архіве Нобелеўскай прэміі захаваўся запіс аб намінацыі, аднак узнагароду навукоўцы не атрымалі.
Аўром Суцкевер (1913–2010) — яўрэйскі паэт, адзін з найбуйнейшых аўтараў, якія пісалі на ідышы. Нарадзіўся ў Смаргоні, у дзяцінстве разам з сям’ёй апынуўся ў Сібіры, затым жыў у Вільні (Вільнюсе). Падчас Другой сусветнай вайны знаходзіўся ў Віленскім гета, удзельнічаў у супраціве нацыстам, ратаваў яўрэйскія культурныя каштоўнасці.
У 1970, 1974 і 1975 гадах яго вылучалі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Намінацыі зафіксаваныя ў архіве Нобелеўскага камітэта. Лаўрэатам Суцкевер не стаў.
Каго яшчэ намінавалі з беларускіх пісьменнікаў
У найноўшай гісторыі Беларусі аб вылучэнні на Нобелеўскую прэмію аб’яўлялі і літаратурныя арганізацыі.
Рыгор Барадулін (1935–2014) – паэт, перакладчык і народны паэт Беларусі. У 2005 годзе Беларускі ПЭН-цэнтр абвясціў пра рашэнне прадставіць яго кандыдатуру на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У публікацыях пра паэта таксама згадвалася, што ў 2006 годзе ён фігураваў сярод намінантаў.
Адным з твораў, на якія звярталі асаблівую ўвагу прыхільнікі вылучэння Барадуліна, быў зборнік рэлігійнай паэзіі “Ксты”.
Васіль Быкаў (1924–2003). Адзін з самых вядомых пісьменнікаў XX стагоддзя, які праславіўся прозай пра Другую сусветную вайну, маральны выбар і адказнасць чалавека. Яго творы перакладзеныя на многія мовы.
Кандыдатуру Быкава называлі сярод магчымых прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры; у падтрымку міжнароднага прызнання яго творчасці выступалі замежныя літаратары.
Паводле розных гістарычных сведчанняў (у прыватнасці, дзённікаў Барадуліна), першая спроба вылучыць Быкава на вышэйшую літаратурную ўзнагароду была здзейсненая ў 1993 годзе.
Спробы перыядычна паўтараліся, але дзесяці гадоў Быкаву не хапіла. У 2003-м ён памёр.
Уладзімір Някляеў (1946) — паэт і празаік. У лютым 2011 года Беларускі ПЭН-цэнтр падтрымаў прапанову вылучыць яго на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Ініцыятарам выступіў паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.
У 2012 годзе аб новым вылучэнні Някляева паведамлялі як аб сумеснай ініцыятыве Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў (незалежны). Прэмію ён не атрымаў.
Георгій Марчук (1947–2023) — пісьменнік, драматург і сцэнарыст. Працаваў галоўным рэдактарам кінастудыі “Беларусьфільм”, кіраваў выдавецтвам “Мастацкая літаратура”.
Аб яго намінацыі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры паведамлялася ў 2009 годзе. Намінатарам упершыню быў праўладны Саюз пісьменнікаў Беларусі. Інфармацыю аб наступных намінацыях ад гэтай арганізацыі знайсці не ўдалося.
Важна адрозніваць публічна абвешчанае вылучэнне і пацверджаны запіс у архіве Нобелеўскага камітэта. Імёны намінантаў апошніх дзесяцігоддзяў афіцыйна не раскрываюцца на працягу 50 гадоў, таму магчымасць незалежнай праверкі падобных паведамленняў абмежаваная.
Алесь Разанаў (1947–2021) — паэт, перакладчык. Эксперыментаваў з паэтычнымі формамі, ствараў версеты і кароткія філасофскія тэксты, перакладаў творы замежных аўтараў.
У беларускім літаратурным асяроддзі Разанава называлі магчымым кандыдатам на Нобелеўскую прэмію па літаратуры; у прыватнасці, пісьменнік Уладзімір Арлоў згадваў яго сярод айчынных аўтараў, якія маглі б прэтэндаваць на ўзнагароду. Аднак надзейнага пацверджання канкрэтнага вылучэння ў адкрытых крыніцах знайсці не ўдалося.
Хто з беларускіх палітыкаў намінаваўся на прэмію
На Нобелеўскую прэмію міру вылучаўся Станіслаў Шушкевіч (1934–2022), першы кіраўнік незалежнай Беларусі. У 2007 годзе ініцыятыву праявіў былы прэзідэнт Польшчы Лех Валенса, лаўрэат гэтай прэміі ў 1983 годзе. Шушкевіч быў адным з падпісантаў Белавежскіх пагадненняў, якія паклалі канец існаванню СССР.
У 2011 годзе яго кандыдатуру зноў прапанавалі на прэмію — разам з былым прэзідэнтам Украіны Леанідам Краўчуком і расійскім палітыкам Генадзем Бурбулісам, якія таксама ўдзельнічалі ў падпісанні пагадненняў.
Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала ў 2021 годзе былі вылучаныя на Нобелеўскую прэмію міру. Ініцыятарам стаў дэпутат нарвежскага парламента Гейр Тоскедаль, які адзначыў іх барацьбу за сумленныя выбары і ўклад у мірны супраціў беларускім уладам.
Жаночае трыа было сімвалам пратэстнага руху пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Лаўрэатамі прэміі яны не сталі.
У 2021 і 2022 гадах асобна намінавалі Святлану Ціханоўскую, лідара дэмакратычных сіл. Яе вылучалі адпаведна прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і нарвежскі парламентарый Хаарэк Эльвенес.
Мікалай Статкевіч (1956) — апазіцыйны палітык. У студзені 2025 года дэпутат Еўрапарламента ад Літвы Пятрас Аўштравічус вылучыў яго на Нобелеўскую прэмію міру.
На той момант Статкевіч знаходзіўся ў зняволенні, адбываючы 14-гадовы тэрмін паводле абвінавачання ў “арганізацыі масавых беспарадкаў”. Нобелеўскім лаўрэатам Статкевіч не стаў.
А што Лукашэнка?
Асобная гісторыя звязаная з нібыта вылучэннем на Нобелеўскую прэмію міру Аляксандра Лукашэнкі. У верасні 2020 года дзяржаўны тэлеканал АНТ паведаміў, што той стаў кандыдатам на ўзнагароду. Аднак гэтая інфармацыя была скапіяваная з сатырычнага сайта “Панарама”.
Пацверджаных звестак аб рэальным вылучэнні Лукашэнкі на Нобелеўскую прэмію няма. Сам ён у кастрычніку 2025 года назваў Нобелеўскі камітэт “палітызаванай структурай“ і заявіў, што ад прэміі дакладна б адмовіўся.
Лукашэнка двойчы станавіўся лаўрэатам Шнобелеўскай прэміі — парадыйнай узнагароды за дасягненні, “якія спачатку выклікаюць смех, а затым прымушаюць задумацца”.
У 2013 годзе яму прысудзілі Шнобелеўскую прэмію міру за забарону публічных апладысментаў, а беларускім міліцыянерам — за затрыманне аднарукага мужчыны, які “ўдзельнічаў у акцыях пратэсту з дапамогай воплескаў”.
У 2020 годзе Лукашэнка зноў апынуўся сярод лаўрэатаў: разам з лідарамі яшчэ васьмі краін ён атрымаў узнагароду ў катэгорыі “медыцынская адукацыя” за абыякавасць да пандэміі каранавіруса.
* Аўтар выказвае ўдзячнасць беларускаму эксперту па нобелеўскіх прэміях К.А. за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі



