be
Arrow
Мінск 12:23

Ад невядомай капліцы да старажытнага посуду: што цяпер знаходзяць беларускія археолагі

Спецыяльна для "Позірку"
Рэшткі капліцы-склепа XVII стагоддзя ў Талачынскім раёне
Фота: АНТ

Археолагі ў Беларусі працягваюць знаходзіць сведчанні мінулага, якія дапамагаюць удакладніць гісторыю вядомых помнікаў і адкрываюць раней невядомыя старонкі жыцця людзей.

Якія знаходкі найбольш адметныя?

Сярод апошніх знаходак — капліца-склеп XVII стагоддзя, рэшткі старажытных умацаванняў, пахаванні і прадметы побыту, што захаваліся на працягу стагоддзяў.

Капліца, якой няма на старых картах

У Талачынскім раёне (Віцебская вобласць) археолагі выявілі рэшткі капліцы-склепа, якая, паводле папярэдніх ацэнак, была пабудаваная на пачатку XVII стагоддзя.

Як паведамляюць дзяржаўныя СМІ, згадкі пра збудаванне не ўдалося знайсці ні ў гістарычных дакументах, ні на вывучаных старых картах.

Даўжыня будынка дасягае 10 метраў, таўшчыня сцен — 1,5 метра. Фундамент складзены з валуноў. Сярод знаходак — фрагменты размалёўкі, дахоўкі тыпу “бабровы хвост”, будаўнічай керамікі і, як мяркуецца, частка вітража.

Адна з гіпотэз: капліца магла служыць пахавальняй для князёўны, якая патанула. Аднак дакументальных пацвярджэнняў гэтай версіі пакуль няма.

Цяпер аб’ект рыхтуюць да зімовай кансервацыі, а пытанне пра наданне яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці будзе разгледжана пазней.

Гэтая знаходка нагадвае, што нават на тэрыторыі, якую даследавалі на працягу многіх гадоў, могуць захоўвацца архітэктурныя помнікі, пра існаванне якіх раней не ведалі.

Замак Сапегаў: археалогія дапамагае аднавіць страчаны будынак

У ліпені 2026 года археолагі выявілі падмуркі дзвюх вежаў першапачатковага замка Сапегаў у Ружанах (Брэсцкая вобласць).

Ён быў пабудаваны ў канцы XVI — пачатку XVII стагоддзя па ініцыятыве канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Пазней яго перабудавалі ў палац, і частка першапачатковых канструкцый знікла.

Археолагі даследавалі паўночна-ўсходнюю і паўднёвую вежы. Першую часткова вывучалі яшчэ ў 1990-х гадах, а другую знайшлі падчас рэстаўрацыйных работ: спецыялісты натрапілі на муроўку і перадалі інфармацыю археолагам.

Паводле інвентарных апісаў, у адной з вежаў знаходзіўся кабінет Льва Сапегі, у другой — капліца. Знаходкі дазваляюць удакладніць першапачатковую структуру замка і падрыхтаваць яго рэшткі да далейшага вывучэння.

На месцы раскопак падмуркаў вежы замка Сапегаў
Фота: vbrest.by

Пад Мінскам захаваліся драўляны посуд і бяроста XI стагоддзя

У чэрвені 2026 года на Малым гарадзішчы археалагічнага комплексу на рацэ Менцы знайшлі фрагменты абгарэлай драўлянай талеркі і посуду з бяросты, якія датуюць XI стагоддзем. Пра знаходкі тады паведаміў Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук.

Прадметы захаваліся ў пласце пажару. Звычайна драўніна і бяроста разбураюцца ў зямлі значна хутчэй за камень, кераміку і метал, таму такія знаходкі асабліва каштоўныя для даследчыкаў.

Цяпер археолагі працягваюць даследаваць гарадзішча. Яно мае важнае значэнне для вывучэння ранняй гісторыі Мінска. Даследаванні на Менцы таксама дапамагаюць удакладніць, калі ўзніклі першыя ўмацаванні і як развівалася паселішча.

У даследаваннях такога кшталту нават звычайныя прадметы побыту могуць стаць важнай гістарычнай крыніцай, бо дазваляюць даведацца пра паўсядзённае жыццё людзей, а не толькі пра значныя падзеі — войны, князёў і палітычныя ўзрушэнні.

У Гродне знайшлі сляды аперацыі, зробленай каля 500 гадоў таму

У жніўні 2026 года археолагі выявілі ў Гродне фрагменты касцёла і пахаванняў, якія адносяцца да канца XVI — сярэдзіны XVII стагоддзя.

На адным з чарапоў знайшлі сляды трэпанацыі — хірургічнага ўмяшання, падчас якога ў чэрапе робяць адтуліну. Сляды гаення сведчаць, што чалавек паспяхова перажыў аперацыю.

Такія адкрыцці дапамагаюць даследаваць гісторыю медыцыны і зразумець, якія хірургічныя працэдуры праводзілі на беларускіх землях некалькі стагоддзяў таму.

Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Аляксандр Вашанаў распавёў пра знаходку на прэс-канферэнцыі, прысвечанай сёлетнім археалагічным раскопкам.

Што гэтыя знаходкі кажуць пра мінулае Беларусі

Археалагічныя адкрыцці не заўсёды звязаныя з пошукам скарбаў або невядомых гарадоў.

Часам даследчыкам дастаткова выявіць падмурак вежы, фрагмент посуду ці чалавечы чэрап, каб удакладніць гісторыю цэлага паселішча або атрымаць новыя звесткі пра жыццё людзей.

Талачынская капліца вылучаецца тым, што яе пакуль не ўдалося звязаць з вядомымі пісьмовымі крыніцамі. У Ружанах археолагі аднаўляюць архітэктуру вядомага замка, на Менцы даследуюць матэрыяльную культуру ранняга Сярэднявечча, а ў Гродне знаходзяць сведчанні старажытнай медыцынскай практыкі.

Як страчваецца спадчына

Адкрыцці археолагаў адбываюцца на фоне страты ўжо вядомых помнікаў архітэктуры. Часам гэта непазбежна, але ёсць нямала прыкладаў свядомага знішчэння.

У Беларусі ў 2025–2026 гадах зносіліся старыя будынкі, разбураліся сядзібы, а асобныя аб’екты пазбаўляліся статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У ліпені 2026 года ў Мінску, на вуліцы Броўкі, распачаўся знос корпуса былой абласной дзіцячай бальніцы.

Ён быў пабудаваны ў 1930-я гады з удзелам французскага архітэктара Андрэ Люрса, але страціў ахоўны статус яшчэ ў 2019 годзе. На яго месцы плануюецца новы корпус анкалагічнага цэнтра.

У красавіку 2026 года ў Вялікай Бераставіцы (Гродненская вобласць) знеслі каменны пастаялы двор другой паловы XIX стагоддзя. Ён знаходзіўся на Ратушнай плошчы і лічыўся помнікам архітэктуры, аднак пазней таксама страціў ахоўны статус. Пасля зносу засталіся руіны і будаўнічае смецце.

Не ўсе помнікі знікаюць выключна ў выніку зносу. У ліпені 2025 года ў Дзікушках Лідскага раёна (Гродненская вобласць) абрынулася частка шляхецкай сядзібы, у тым ліку значная частка калоннага порціка.

Зруйнаваная шляхецкая сядзіба ў Дзікушках
Фота: тэлеграм-канал "Спадчына / "Наша ніва"

Яшчэ адзін сумны прыклад — Свята-Міхайлаўская царква ў Сцяпанках Жабінкаўскага раёна (Брэсцкая вобласць).

Пасля пажару ў 2025 годзе храм XVIII стагоддзя быў выключаны з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей, пасля чаго будынак страціў ахоўны статус, хоць само гэта не азначае рашэння пра будучы знос.

Пра што сведчаць лічбы

Праблема не абмяжоўваецца асобнымі будынкамі. Паводле маніторынгу Беларускага ПЭНа, у 2025 годзе было зафіксавана 97 выпадкаў неналежнага абыходжання з аб’ектамі гістарычнай і культурнай спадчыны і месцамі памяці.

Гэты паказчык уключае не толькі непасрэднае знішчэнне помнікаў, але і шматлікія іншыя праблемы — ад неналежнага ўтрымання да змены аблічча мемарыяльных аб’ектаў.

Напрыклад, капліца ў вёсцы Расла была адной з прыдарожных каталіцкіх капліц XIX стагоддзя, якімі вядомы Смаргонскі раён (Гродзенская вобласць). У 2019 годзе капліцу ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

У кастрычніку 2025 года 25-гадовы мясцовы жыхар на “Аўдзі” ўрэзаўся ў яе і разбурыў. Сам сур’ёзна не пацярпеў. Як выявілася пазней, мужчына быў п’яны і спяшаўся забраць дзіця са школы.

Пасля аварыі пракуратура дамаглася прыцягнення вінаватага да адказнасці: яго пазбавілі правоў на пяць гадоў і аштрафавалі на 8.400 рублёў.

Асобна за пашкоджанне помніка яго аштрафавалі на 270 рублёў. Выдаткі на аднаўленне таксама планавалі спагнаць з кіроўцы.

У ліпені 2026 года стала вядома, што на праектныя работы выдзелена 5 тыс. рублёў, яшчэ 27 тыс. планавалася выдаткаваць на будаўніцтва. Завяршыць работы збіраліся да верасня.

Аднак вынік выклікаў крытыку. У верасні “Наша ніва” паведаміла, што замест навуковай рэстаўрацыі на месцы гістарычнай капліцы ўзвялі новы будынак, які істотна адрозніваецца ад арыгінала.

Змяніліся прапорцыі, форма ніш і карніза, павялічылася цокальная частка. Будаўнікі, паводле аналізу выдання, адышлі нават ад дэталяў зацверджанага праекта.

Капліца ў вёсцы Расла пасля рэстаўрацыі і да разбурэння ў выніку ДТЗ
Фота: фэйсбук-акаўнт Алега Дзярновіча / Wikimedia Commons / "Наша ніва"

Гісторыя капліцы ў Расле паказвае, што фізічна аднавіць будынак не значыць захаваць гістарычную спадчыну. Нават калі на старым месцы зноў з’яўляецца капліца, страчаныя архітэктурныя асаблівасці могуць быць адноўленыя недакладна або не адноўленыя ўвогуле.

Археалагічныя адкрыцці і страты архітэктурнай спадчыны часта адбываюцца паралельна. Знаходкі дапамагаюць аднавіць невядомыя старонкі гісторыі, а страты нагадваюць, што ўжо вядомыя сведчанні мінулага таксама патрабуюць захавання.

Падзяліцца: