Мінск 21:47

Стратэгічны дыялог ЗША і беларускага дэмакратычнага руху будзе праходзіць штогод — Вячорка

Першы стратэгічны дыялог Злучаных Штатаў Амерыкі з беларускім дэмакратычным рухам, які адбыўся 6–8 снежня ў Вашынгтоне, стаў “беспрэцэдэнтнай падзеяй”, заявіў па яго выніках журналістам галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Фота: старонка Франака Вячоркі ў "Фэйсбуку"

Палітык звярнуў увагу на тое, што ЗША ніколі раней не праводзілі стратэгічны дыялог з некім, хто не прадстаўляе ўрад краіны. “Таму было вельмі складана ўсё гэта падрыхтаваць, арганізаваць, знайсці адпаведны фармат, каб маглі ўдзельнічаць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, незалежных СМІ, а з другога боку — прадстаўнікі амерыканскага ўрада”, — сказаў ён.

Самі амерыканцы здзіўленыя, што гэта ўсё атрымалася. Спадзяюся, што заўтра пачнецца ўжо рэальная праца.

Паводле слоў Вячоркі, бакі дамовіліся стварыць рабочыя групы “па трох-чатырох напрамках”. Іх дзейнасць будзе звязаная з дапамогай палітвязням; прыцягненнем да адказнасці вінаватых у рэпрэсіях; падтрымкай прыватнага сектара, культурных ініцыятыў, моладзі і беларускіх дыяспар.

Таксама яна будзе тычыцца падтрымкі ўсіх ініцыятыў, “накіраваных на аказанне дапамогі ўнутры краіны”. “У тым ліку [гэта] і сумесныя стратэгічныя камунікацыйныя дзеянні, каб спыніць расійскую агрэсію ў Беларусі”, — сказаў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Рабочыя групы, у склад якіх увойдзе па некалькі чалавек з кожнага боку, адзначыў ён, будуць рэгулярна сустракацца ў анлайн-фармаце. “І мы думаем правесці ўжо ў наступныя некалькі месяцаў сумесныя канферэнцыі, мерапрыемствы, магчыма, брэйнстормінгі [пра тое], як вырашаць пытанне беларусаў за мяжой і як прадухіліць паглынанне Беларусі Расіяй”, — паведаміў Вячорка.

Асобна будзе вялікая дыскусія па санкцыях. Гэта тое, дзе мы недапрацоўваем, бо санкцыі неэфектыўныя.

“Падчас дыскусій было шмат ідэй, што можна зрабіць з санкцыйным рэжымам, бо ні ЗША, ні Брусель гэтыя пралазы, якія раскрываюцца проста як чорныя дзіркі, не паспяваюць латаць. А тыя рэакцыі, якія мы бачым (як было ўчора з прынятым [ЗША] пакетам санкцый), яны запозненыя. Бо ўжо тыя, хто дапамагае Лукашэнку, прасунуліся на пяць крокаў наперад”, — дадаў палітык.

Галоўны дарадца Ціханоўскай звярнуў увагу на тое, што паралельна са стратэгічным дыялогам адбылося некалькі падзей, якія з ім “не звязаныя наўпрост, але рыхтаваліся да гэтай даты”. Гаворка пра новы пакет абмежавальных мер, які “латае частку пралазаў”, а таксама ўводзіць санкцыі супраць генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова. На яго думку, гэта “добрае пасланне”.

Цяпер уся гэтая тусоўка вакол Чырвонага Крыжа, якая ўдзельнічае ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, будзе ведаць, што саўдзел у злачынствах будзе каштаваць дорага.

“Другая [падзея] — гэта падача Акта аб дэмакратыі ў Беларусі-2023, новай версіі законапраекта, які падтрымлівае дэмакратычную Беларусь, на разгляд у Кангрэс. Мы спадзяемся, што ўжо на наступным тыдні ці праз тыдзень ён будзе прыняты і апублікаваны да Новага года”, — сказаў Вячорка.

Яшчэ адной падзеяй ён назваў прызначэнне спецпасланніка ЗША па Беларусі. “Чакаем. Калі рашэнне пра гэта будзе абвешчана, мы не ведаем, але здаецца, што згода [па гэтым пытанні] маецца, — адзначыў палітык. — Раней <…> Дзярждэпартамент прапаноўваў прызначыць, але Кангрэс бачыў гэтую ролю па-іншаму. Нібыта зараз ёсць адпаведны кампраміс. Мы спадзяемся, да Новага года ці на пачатку наступнага года будзе і само прызначэнне, і разуменне, як гэты спецпасланнік будзе працаваць”.

Паводле яго слоў, чакаецца “змена фармату працы амерыканскіх місіі і арганізацый у Вільнюсе і Варшаве”, паколькі ЗША вырашылі “па-іншаму выбудаваць сваю дапамогу”.

Большую ўвагу [вырашана] прысвяціць непасрэдна беларускім арганізацыям у выгнанні і супрацы з імі.

“На гэты момант амерыканскія арганізацыі, якія працуюць з Беларуссю, працуюць як філіялы, напрыклад, кіеўскага офіса ці працуюць праз Вашынгтон. Але зараз будуць прызначаныя людзі, якія працуюць толькі па Беларусі. У іх партфелях будуць тыя тэмы, што акрэслены на стратдыялогу. І гэта таксама можна назваць яго вынікам”, — дадаў Вячорка.

Пазітыўны момант галоўны дарадца дэмлідара бачыць у тым, што “амерыканцы гатовыя мяняць пазіцыю па візах”. Як правіла, гэта двухбаковы працэс — “лукашэнкаўская Беларусь дае на адзін год візы і амерыканцы таксама даюць візы на адзін год”, аднак цяпер, “здаецца, маецца гатоўнасць паламаць гэты прынцып і пачаць выдаваць больш доўгія візы”. “Я не разумею, чаму расіянам выдаюць на тры гады візы, а беларусам — на адзін год. І гэта быў бы такі магутны сігнал салідарнасці”, — сказаў палітык.

Другі момант звязаны з наданнем часовай абароны беларусам, якія знаходзяцца ў ЗША. “Гэта не мільёны людзей і не сотні тысяч, – падкрэсліў ён. — Гаворка ідзе пра тысячу чалавек, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь. Гэты статус таксама дапамог бы вырашыць пытанні з легалізацыяй для многіх пасля новага дэкрэта (“консульскага ўказа”, які забараніў падаўжаць дзейныя і выдаваць новыя асабістыя дакументы беларусам за мяжой. — “Позірк”.)”.

Таксама гэта пасадзейнічала б, каб у еўрапейскіх краінах пытанні з пашпартамі замежнікаў [для беларусаў] вырашаліся хутчэй.

На стратдыялогу, сказаў Вячорка, было шмат пытанняў “пра лукашэнкаўскія выбары” у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў у лютым 2024 года, “пра выбары ў Каардынацыйную раду”, пра “пашпарт новай Беларусі”. “Тут пакуль што ідзе дыскусія, пакуль толькі мы падыходзім да нейкага разумення, таму канкрэтных дамоўленасцей тут няма”, — канстатаваў ён.

Палітык адзначыў негатыўны момант: “Мы трапілі ў вельмі няўдалы момант сюды”. “Калі прызначаўся дыялог, ніхто не ведаў, што здарыцца Ізраіль і ХАМАС, ніхто не ведаў, што будзе крызіс палітычны ўнутры Кангрэса ЗША, — патлумачыў ён. — Калі паглядзець медыя амерыканскія, мы чакалі, што гэта (дыялог. — Позірк”.) будуць паўсюль трансляваць, [будзе] асвятляцца ўсімі тэлеканаламі. Але мы бачым, што зараз фокус у іх зусім на іншым. Таму мінус у тым, што мы камунікацыйна не атрымалі той увагі, якую хацелі першапачаткова”.

Вячорка прызнаў, што беларускім удзельнікам стратдыялогу “хацелася б больш канкрэтных дамоўленасцей” з ЗША, “але так працуе амерыканская сістэма — яны не могуць нічога паабяцаць”, “яны могуць узяць на разгляд, бо ў іх зараз няма рэсурсаў нешта рэалізоўваць”.

Цяпер амерыканская дапамога ўся ідзе на Украіну, на Беларусь яе вельмі мала.

“Каб рэалізоўваць усе тыя ідэі, што мы прапаноўвалі, патрэбныя сродкі. А сродкі можа даць Кангрэс, але ён зараз займаецца іншымі пытаннямі”, — дадаў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Фармат беларускай дэлегацыі, на яго думку, “быў эксперыментальны, але правільны”. “Былі прадстаўленыя практычна ўсе групы беларускага дэмакратычнага руху, — адзначыў палітык. — Не заўсёды згаджаліся адзін з адным. І спрэчка пра палітвязняў таксама прагучала — трэба здымаць санкцыі да іх вызвалення ці <…> пасля. Мы гэтую ўнутрыбеларускую спрэчку не змаглі ўтрымаць у сабе, яна ўсё адно трапіла на дыскусію ў стратдыялогу, але гэта нармальна. Думаю, што і амерыканцы разумеюць, што не можа быць адной пазіцыі па ўсіх пытаннях, бо людзі розныя і ў іх розныя прыярытэты. Тут галоўнае знайсці правільнае кампраміснае рашэнне”.

Стратдыялог — гэта інстытут, ён ужо створаны, запушчаны, яго нельга згарнуць назаўтра.

“Ён будзе праходзіць штогод. Ідэя [у тым], каб кожны год праходзілі такія пленарныя пасяджэнні, калі збіраюцца ўсе прадстаўнікі”, — сказаў галоўны дарадца Ціханоўскай.

Ён выказаў надзею на тое, што налета да дыялогу з беларускага боку падключыцца “не 50 чалавек, як зараз было, а <…> 100–150 чалавек”. 2Але тут трэба добра папрацаваць. І невядома, якія будуць вынікі амерыканскіх выбараў, таму што гэта акурат трапляе на той перыяд”, — сказаў палітык.

“А анлайн-сустрэчы будуць, мы спадзяемся, кожны месяц ці кожны квартал. Плюс сталыя мерапрыемствы. Нашая мэта ў бліжэйшыя тыдні на ўвесь год распісаць мерапрыемствы, якія будуць праходзіць у рамках стратдыялогу, якім чынам беларуская дэлегацыя ўдзельнічае, якім чынам амерыканцы”, — падсумаваў Вячорка.

Падзяліцца: