Мінск 14:31

Хрэнін адправіўся Расію “назіраць” за вучэннямі беларускіх вайскоўцаў — Мінабароны

Фота: Мінабароны

22 жніўня, Позірк. Міністр абароны Віктар Хрэнін прыбыў на палігон Ашулук (Астраханская вобласць) у 185-ы цэнтр баявой падрыхтоўкі і баявога прымянення паветрана-касмічных сіл РФ, паведамляе прэс-служба беларускага абароннага ведамства.

Заяўляецца, што чыноўнік “будзе назіраць за чарговым этапам аператыўна-тактычнага вучэння з баявой стральбой, у якім удзельнічаюць злучэнні і воінскія часткі родаў войскаў ВПС і войскаў СПА Беларусі”.

Пра тое, што падраздзяленні беларускіх ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны адправіліся ў Расію для ўдзелу ў сумесных аператыўна-тактычных вучэннях з баявой стральбой на палігоне Ашулук, паведамлялася 12 жніўня.

Адзначалася, што вайскоўцы падчас вучэнняў “падвысяць узровень зладжанасці падраздзяленняў, а таксама адпрацуюць новыя тактычныя прыёмы і спосабы вядзення супрацьпаветраных і паветраных баёў”.

Паводле сцвярджэння Мінабароны, 20 жніўня ў рамках вучэнняў беларускія зенітчыкі ўпершыню ажыццявілі баявы пуск з машыны, якая рухаецца.

Падзяліцца: