Мінск 21:57

Войскі Беларусі наўрад ці ўварвуцца ва Украіну — праз фактары, якія стрымліваюць Лукашэнку, лічыць ISW

Вайскоўцы 6-й мехбрыгады
Ілюстрацыйнае фота: "Гродзенская праўда"

27 жніўня, Позірк. Цяперашняе нарошчванне беларускіх войскаў уздоўж мяжы з Украінай, верагодна, накіраванае на “адцягненне і расцягванне ўкраінскіх сіл на больш шырокай лініі фронту”, гаворыцца ў штодзённым аглядзе амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі мяркуюць, што войскі Беларусі наўрад ці ўварвуцца ва Украіну — праз стрымліваючыя фактары, якія стаяць перад Аляксандрам Лукашэнкам.

Непасрэдна ўварванне Беларусі ва Украіну або прыцягненне арміі да вайны аслабіла б “здольнасць Аляксандра Лукашэнкі абараняць свой рэжым”, было б вельмі непапулярным унутры краіны, а таму “вельмі малаверагодна”.

“У Беларусі набліжаюцца прэзідэнцкія выбары, і Лукашэнка, верагодна, захоча захаваць кантроль над грамадскімі настроямі, а таксама выкарыстаць сваіх вайскоўцаў для задушэння любых пратэстаў, звязаных з выбарамі, як ён гэта зрабіў напрыканцы 2020 года”, — адзначае ISW.

Яшчэ адным стрымліваючым фактарам аналітыкі назвалі імкненне пазбегнуць “унутраных палітычных выдаткаў”, якія пацягне за сабой рашэнне ўдзельнічаць у вайне. “Магчымая мабілізацыя, чаканыя страты на полі бою, далейшая міжнародная ізаляцыя Беларусі і негатыўныя эканамічныя наступствы, верагодна, узмоцняць грамадскую незадаволенасць і звядуць на нішто намаганні Лукашэнкі па аднаўленні стабільнасці свайго рэжыму з 2020 года”, — гаворыцца ў аглядзе.

Немалаважным фактарам, на думку аналітыкаў, з’яўляецца таксама жаданне Лукашэнкі “захаваць аўтаномію і суверэнітэт, адначасова адлюстроўваючы Беларусь як раўнапраўнага партнёра Расіі”. Далучэнне Беларусі да вайны наўпрост, мяркуюць аўтары дакумента, будзе азначаць, што “Маскве ўдалося ліквідаваць прастору для манеўру Лукашэнкі і ўсталяваць сюзерэнітэт над Беларуссю”.

25 жніўня МЗС Украіны выступіла з заявай, у якой заклікала ўлады Беларусі адвесці войскі ад дзяржаўнай мяжы “на адлегласць, якая перавышае далёкасць паражэння наяўных у РБ сістэм агню”. На наступны дзень беларускае знешнепалітычнае ведамства абвінаваціла Кіеў у “хітрай гульні” і заявіла, што не атрымлівала афіцыйнага звароту ад украінскага боку.

У інтэрв’ю тэлеканалу “Расія” ў сярэдзіне жніўня Лукашэнка заявіў, што Украіна трымае каля беларускай мяжы больш за 120 тыс. салдат. “Бачачы іх агрэсіўную палітыку, мы ўвялі туды і размясцілі ў пэўных пунктах — так, як гэта ў выпадку вайны, абароны было б — нашых вайскоўцаў”, — сказаў ён.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, Кіеў узмацніў свой кантынгент пасля таго, як у Беларусь былі перакінутыя расійскія войскі для ўдзелу ў парадзе 3 ліпеня: нібыта з асцярог, што яны нападуць з Гомельскай вобласці, як у лютым 2022 года.

У адказ на гэта Лукашэнка, паводле яго слоў, перакінуў да ўкраінскай мяжы “амаль траціну арміі” ў дадатак да пастаяннага кантынгенту, пасля высвятлення сітуацыі па каналах спецслужбаў дадатковыя сілы былі адведзеныя абодвума бакамі.

Напрыканцы чэрвеня беларускія ўлады абвінавацілі Украіну ў актывізацыі выведніцкай дзейнасці, перамяшчэнні да мяжы баявых падраздзяленняў. Мінск дэманстратыўна ўзмацніў ахову мяжы, выступіў з пагрозамі на адрас Кіева.

У сярэдзіне ліпеня Лукашэнка загадаў вярнуць войскі з паўднёвай мяжы ў месцы сталай дыслакацыі, паколькі вайскоўцы далі рады сітуацыі “дыпламатычнай мовай”.

Расійская прапаганда заявіла пра здраду з боку Лукашэнкі, паколькі, як сцвярджалася, украінскія войскі, якія вызваліліся, былі перакінутыя з паўночнага кірунку на фронт, у тым ліку для наступальнай аперацыі ў Курскай вобласці РФ.

10 жніўня Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў парушэнні беларускай паветранай прасторы беспілотнымі лятучымі апаратамі і загадаў вярнуць да паўднёвай мяжы адведзеныя ў ліпені войскі.

Падзяліцца: