Мінск 11:16

Дэпутат Цылько прапанаваў ствараць у Беларусі свае сацсеткі і месенджары, каб не залежаць ад “класавых ворагаў”

Крыніца: ПП НС

28 жніўня, Позірк. Задумацца над стварэннем “уласных незалежных інтэрнэт-платформаў” заклікаў у сваім тэлеграм-канале дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) Алег Цылько.

Па аналогіі з папулярнымі месенджарам “Телеграм” і сацсеткай “Інстаграм” ён прапанаваў назваць іх, “да прыкладу, ТГВУ або InstaBY”.

Такія платформы, паводле слоў парламентарыя, “кожны беларус мог бы выкарыстаць без боязі, што яго ўзламаюць або заразяць інтэрнэт-вірусам”.

У якасці прыкладу аўтар ініцыятывы прывёў Кітай, які “мае свой інтэрнэт, аналагі “Інстаграма”, “ЦікТок” і іншыя сеткі для імгненнага абмену паведамленнямі і відэа”.

Цылько падкрэсліў, што КНР “цалкам кантралюе кантэнт, сочыць за бяспекай, прыватнасцю, блакуе інфармацыю экстрэмісцкай накіраванасці”. “Але, самае галоўнае, не залежыць ад знешніх, так бы мовіць, класавых ворагаў”, — напісаў член ПП НС.

На яго думку, “невялікай Беларусі” складана канкураваць з “тэхналагічнымі гігантамі, якія валодаюць рознымі інтэрнэт-платформамі і валодаюць мільярднымі багаццямі, але стварыць аналагічны месенджар, які будуць выкарыстоўваць дзяржаўныя структуры і будуць адчуваць сябе ў бяспецы, можна і патрэбна”. Для гэтага, перакананы дэпутат, трэба выкарыстоўваць “рэсурс у асобе Парку высокіх тэхналогій”.

Да такой ідэі, паводле прызнанныя парламентарыя, яго падштурхнула сітуацыя вакол затрымання ў Парыжы ўладальніка месенджара “Тэлеграм” Паўла Дурава”. Паводле сцвярджэння Цылько, “пераважная большасць удзельнікаў дыскусіі схіляюцца да меркавання, што арышт Дурава быў справакаваны спецслужбамі ЗША для ажыццяўлення кантролю за самым канфідэнцыйным каналам у свеце”.

“Выкажам здагадку, — напісаў дэпутат, — што аперацыя атрымаецца і “ТГ” пяройдзе пад кантроль спецслужбаў. Якія меры павінны будзем распачаць усе мы — уладальнікі ТГ-каналаў? Працягваць выкарыстоўваць іх і пастаянна падвяргацца “варожай” цэнзуры або зусім адмовіцца ад іх паслуг? Тады чым замяніць аператыўнае давядзенне інфармацыі?”

52-гадовы Цылько — былы намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Гомельаблаўтатранс” па ідэалагічнай працы. Уведзены ў склад ніжняй палаты парламента па выніках электаральнай кампаніі ў лютым 2024 года.

Аб неабходнасці стварэння беларускіх сацсетак і айчыннай пошукавай сістэмы заявіў 15 ліпеня на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар кампаній “БелХард Дэвелапмент” і “БелХард груп” Ігар Мамоненка.

“У нас павінна быць уласная сацыяльная сетка, у нас павінен быць уласны пошукавік, — адзначыў спікер. — Стварыць а-ля “ЦікТок”… Так, на яго стварэнне былі выдаткаваныя дзясяткі мільярдаў. Але паўтарыць гэта можна за некалькі мільёнаў. Змагацца за тое, які кантэнт трапляе ў душы (усё роўна, дзяцей або дарослых), вельмі важна. Каб ён не руйнаваў душу чалавека, выхоўваў у ім агульначалавечыя каштоўнасці. Тут мы павінны працаваць”, — заявіў ён.

Падзяліцца: