Мінск 14:28

“Вясна” накіравала ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях скаргу па палітзняволенай Ірыне Такарчук

Фота: "Вясна"

29 жніўня, Позірк. Скаргу ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях (ПГАЗ) у адносінах да 64-гадовай палітзняволенай Ірыны Такарчук накіраваў праваабарончы цэнтр “Вясна”. Аб гэтым ён паведаміў на сваім сайце.

Юрыдычная служба “Вясны” тлумачыць, што зняволенне жанчыны было адвольным і незаконным.

“Ірына была затрымана паводле расплывістых і празмерна шырокіх фармулёўках заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і пазасудовым рашэнні аб прызнанні INeedHelpBY экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта парушае прынцып, паводле якога ніхто не павінен быць пакараны за дзеянні, якія не былі яўна незаконнымі на момант іх здзяйснення”, — гаворыцца ў рэлізе.

Адзначаецца, што “пазбаўленне волі выклікана рэалізацыяй свабоды выказвання меркавання і свабоды асацыяцыі”: “Ірына прыцягнута да крымінальнай адказнасці за атрыманне дапамогі праз сэрвіс INeedHelpBY, праз які любы чалавек мог канфідэнцыйна дапамагчы сем’ям палітзняволеных. Падтрымка палітзняволеных і іх сем’яў разглядаецца ўладамі як выступ супраць іх і на гэтай падставе пераследуецца”.

“Пазбаўленне волі з’яўляецца дыскрымінацыйным, — падкрэслівае юрыдычная служба. — Пераслед Ірыны звязаны з яе сувяззю з сацыяльнай ініцыятывай, якую ўлады разглядаюць як апазіцыйную (у шырокім сэнсе) ім. Гэта парушае міжнародныя нормы, якія абараняюць людзей ад дыскрымінацыі паводле палітычных поглядаў, належнасці да пэўных супольнасцей і іншых прыкметах”.

У звароце таксама адзначана, што “пазбаўленне волі адбылося ў адсутнасці справядлівага судовага разбіральніцтва, Ірыне было адмоўлена ў праве пасля затрымання неадкладна паўстаць перад суддзёй”.

“Больш за тое, агулам беларуская судовая сістэма не з’яўляецца незалежнай і актыўна ўдзельнічае ў палітычна матываваным пераследзе”, — згадваюць праваабаронцы.

13 жніўня стала вядома, што юрысты праваабарончага цэнтра “Вясна”накіравалі зварот у Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях, у якім выказалі занепакоенасць станам здароўя анкахворага палітзняволенага Паўла Кучынскага. У жніўні ён выйшаў на волю па памілаванні.

У студзені згаданая група прыйшла да высновы, што Беларусь парушыла правы прызнанага палітзняволеным адваката Віталя Брагінца. Скаргу ў яго дачыненні падавалі Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека і юрысты арганізацыі Respect-Protect-Fulfill.

Раней ПГАЗ прыйшла да высновы, што журналіст Ігар Лосік быў арыштаваны і заключаны пад варту выключна з-за сваёй прафесійнай дзейнасці. Эксперты спецыяльнай працэдуры ААН канстатавалі, што ўлады Беларусі, арыштаваўшы журналіста, парушылі міжнароднае права ў галіне правоў чалавека.

Ірына Такарчук — 64-гадовая маці былой палітзняволеннай Вольгі Такарчук. Ірына была затрымана ў межах рэйду па сем’ях палітзняволенных, звязанага з дзейнасцю сэрвіса дапамогі рэпрэсаваным INeedHelpBY. У жніўні яна была асуджана да трох гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанням у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361 КК).

Падзяліцца: