Мінск 21:08

За два месяцы ад агню пацярпела не менш як 35 адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

2 верасня, Позірк. У другой палове жніўня агнём было знішчана або пашкоджана не менш як дзевяць адзінак тэхнікі і абсталявання, якія належаць прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу, сведчыць праведзены “Позіркам” маніторынг паведамленняў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

17 жніўня ў Івацэвіцкім раёне (Брэсцкая вобласць) адбыўся пажар у мабільным (прычапным) зернесушыльным комплексе Mecmar SSI 25/210 T2, а ў Магілёўскім раёне быў знішчаны трактар “Кіравец К-742М”.

У Глыбоцкім раёне (Віцебская вобласць) 20 жніўня гарэў трактар “Кіравец К-744Р1” — агонь пашкодзіў кабіну і заднія колы.

Маторны адсек, кабіна і колы былі пашкоджаныя ў выніку загарання трактара “МТЗ-82.1” у Горацкім раёне (Магілёўская вобласць).

26 жніўня ў Драгічынскім раёне (Брэсцкая вобласць) агнём быў знішчаны пагрузчык “Амкадор 320”, у Бярэзінскім раёне (Мінская вобласць) — прэс-падборшчык “ПРА-155”, а таксама 0,9 т саломы ў рулонах.

Прэс-падборшчык Kuhn VB 2260 быў знішчаны 28 жніўня ў Смаргонскім раёне (Гродзенская вобласць).

У Мазырскім раёне (Гомельская вобласць) 29 жніўня агонь пашкодзіў кабіну і заднія колы трактара “МТЗ-82”. У той жа дзень быў знішчаны прычапны прэс-падборшчык Massey Ferguson у Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць).

30 жніўня ў Бабруйскім раёне (Магілёўская вобласць) агнём пашкоджаны маторны адсек, заднія колы і кабіна збожжаўборачнага камбайна КЗС-1218 “Палессе GS12”.

За другую палову жніўня агонь знішчыў 139,12 т саломы ў рулонах, 5 т сена, 1 га пасеваў і 0,4 т насення проса.

У ліпені — жніўні, паводле маніторынгу “Позірку”, знішчана або пашкоджана мінімум 35 адзінак тэхнікі.

53% пажараў, якія адбыліся сёлета на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, звязана з “чалавечым фактарам”, паведаміў на прэс-канферэнцыі 18 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Турчын.

“З іх дзве траціны звязаныя з парушэннем правілаў эксплуатацыі электрасетак або электраабсталявання”, — сказаў прадстаўнік ведамства.

Паводле яго слоў, кіраўніцтву гаспадарак неабходна звярнуць увагу на “вартаўнічую ахову”, бо “бескантрольнасць прыводзіць да ўзгаранняў”, у тым ліку праз “свавольства дзяцей”.

Іншым фактарам пажаранебяспекі Турчын назваў “бескантрольнае выкарыстанне агню — паленне ў месцах складавання і правядзення зварачных работ”.

Падзяліцца: