Мінск 19:15

У памяці беларусаў Аляксандр Мядзведзь застанецца “ўвасабленнем сілы, мудрасці і патрыятызму” — Лукашэнка

Фота: НАК Беларусі

2 верасня, Позірк. Трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь, які пайшоў з жыцця 2 верасня, быў “легендай сусветнага спорту”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Пайшоў з жыцця вялікі атлет, трэнер, грамадскі дзеяч, — гаворыцца ў апублікаваным яго прэс-службай тэксце паслання са спачуваннямі сям’і нябожчыка. — Усяго сябе ён прысвяціў служэнню нашай роднай Беларусі. Зрабіў неацэнны ўнёсак у развіццё нацыянальнай школы барацьбы і алімпійскага руху”.

Паводле яго слоў, у памяці беларускага народа славуты барэц “назаўжды застанецца як увасабленне сілы, мудрасці і патрыятызму”.

Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка адзначыў, што жыццёвы шлях Мядзведзя з’яўляецца “найвялікшым прыкладам барацьбы, спартыўнай дысцыпліны і дасягненняў”.

“Маштаб яго асобы, цвёрды характар, энергія, цягавітасць і стойкасць прымушалі захапляцца ім да апошніх дзён”, — падкрэсліў кіраўнік НАК.

Трохразовы алімпійскі чэмпіён, сяміразовы чэмпіён свету, ураджэнец Белай Царквы (Кіеўская вобласць Украіны) барэц Аляксандр Мядзведзь не дажыў да 87-годдзя ўсяго два тыдні.

Прызнаны лепшым спартоўцам Беларусі XX стагоддзі, а таксама лепшым барцом вольнага стылю ў гісторыі; уведзены ў Залу спартыўнай славы барацьбы.

Быў віцэ-прэзідэнтам НАК Беларусі.

Падзяліцца: