Мінск 16:29

За тыдзень у Беларусь уехала больш за 2,5 тыс. украінскіх грамадзян

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

6 верасня, Позірк. За мінулы тыдзень (з 6:00 30 жніўня па 6:00 6 верасня) у Беларусь уехаў 2.541 грамадзянін Украіны (за папярэднія сем дзён — 2.761), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Непасрэдна праз украінска-беларускую мяжу за гэты перыяд не накіраваўся ніхто (тыднем раней — аналагічна), транзітам праз Польшчу — 2.083 (2.179), Літву — 422 (539), Латвію — 36 (43).

Ад пачатку года ў Беларусь уехала 94.056 грамадзян Украіны: з украінскай тэрыторыі — 36, транзітам праз Польшчу — 74.626, Літву — 17.988, Латвію — 1.406.

Усяго з 24 лютага 2022 года ў Беларусь прыбыло 240.548 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.954, транзітам праз Польшчу — 172.414, Літву — 46.238, Латвію — 5.942.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” сёлета ў лютым амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначыў, што ў адкрытых крыніцах звестак пра колькасць украінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыць ён.

“Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных ўцекачоў ці людзей, якія ўехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян”, — адзначыў Кізім.

Паводле жнівеньскіх даных ААН, у свеце было зафіксавана 6 млн 168,1 тыс. украінскіх уцекачоў.

Падзяліцца: