Мінск 09:26

У Міжнародны дзень дэмакратыі Ціханоўская заклікала падтрымаць беларускі народ у барацьбе за свабоду

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

15 верасня, Позірк. Падтрымаць беларускі народ у яго барацьбе за свабоду заклікала сусветную супольнасць Святлана Ціханоўская ў Міжнародны дзень дэмакратыі.

“Дэмакратыя — гэта не толькі права, але і агульны абавязак для ўсіх. Мы поўныя рашучасці стварыць новую Беларусь, заснаваную на справядлівасці, чалавечай годнасці і вяршэнстве закона”, — напісала дэмакратычны лідар на сваёй англамоўнай старонцы ў “Х” (“Твітары”).

Міжнародны дзень дэмакратыі адзначаецца 15 верасня пачынаючы з 2008 года паводле рашэння Генеральнай Асамблеі ААН.

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у пасланні з нагоды Міжнароднага дня дэмакратыі адзначыў, што яго святкаванне — “магчымасць падкрэсліць, наколькі важна адстойваць свабоду слова, грамадзянскія свабоды і вяршэнства права, забяспечваць падсправаздачнасць устаноў і абараняць і заахвочваць правы чалавека”.

“Гэта асабліва важна ў год, калі ў больш чым 50 краінах, на якія прыпадае палова насельніцтва планеты, адбываюцца выбары. Пры гэтым ва ўсім свеце гэтыя правы і каштоўнасці апынуліся пад пагрозай. Парушаюцца свабоды. Звужаецца грамадзянская прастора. Узмацняецца палярызацыя. Расце недавер”, — адзначыў Гутэрыш.

Сёлета тэма Міжнароднага дня дэмакратыі прысвечаная важнасці штучнага інтэлекту як “інструмента добрага кіравання”. “Калі не прыняць ніякіх мер з нагоды той небяспекі, якую ўяўляе штучны інтэлект, то яго выкарыстанне можа абярнуцца сур’ёзнымі наступствамі для дэмакратыі, міру і стабільнасці. Так, ён можа стаць падмогай у распаўсюдзе дэзінфармацыі і ненавісніцкіх выказванняў і стварэнні так званых “дыпфейкаў”, — падкрэсліў генеральны сакратар ААН.

Падзяліцца: