Мінск 14:27

Суд канфіскаваў у ІП больш за 2 млн долараў, заробленых на крыптавалюце

Крыніца: ixbt.com

25 верасня, Позірк. Эканамічны суд Брэсцкай вобласці вынес рашэнне аб канфіскацыі ў індывідуальнага прадпрымальніка больш за 6,6 млн рублёў (каля 2,1 млн долараў), заробленых на “незаконных здзелках з крыптавалютай”, паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда.

Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні была ўзбуджаная “ў дачыненні да індывідуальнага прадпрымальніка В., які ажыццяўляў забароненую прадпрымальніцкую дзейнасць”, гаворыцца ў паведамленні. Па матэрыялах справы ІП, “не з’яўляючыся аператарам крыптаплатформ, іншых рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій”, з 22 ліпеня 2022 года па 11 снежня 2023 года займаўся ў інтэрнэце “дзейнасцю, аналагічнай дзейнасці аператараў абмену крыптавалют і аператараў крыптаплатформ”.

“З выкарыстаннем крыптавалютных біржаў, не зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі як аператары крыптаплатформы, і якія не з’яўляюцца рэзідэнтамі ПВТ, берасцеец здзяйсняў здзелкі (аперацыі) з такенамі, а таксама аказваў садзейнічанне ў здзяйсненні гэтых здзелак, у тым ліку выступаючы бокам па такіх здзелках”, — паведамілі ў Вярхоўным судзе.

Для ажыццяўлення названай дзейнасці прадпрымальнік арандаваў офіснае памяшканне ў адным з гандлёвых цэнтраў Брэста, а таксама “прыцягваў наёмных работнікаў без заключэння з імі працоўных і (або) грамадзянска-прававых дагавораў”, гаворыцца ў паведамленні.

Пры гэтым адзначаецца, што на судзе абвінавачаны паказаў, што асноўным відам яго прадпрымальніцкай дзейнасці з’яўляецца сфера грамадскага харчавання.

“Сваімі дзеяннямі жыхар Брэста парушыў патрабаванні падпункта 2.6 пункта 2 дэкрэта прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21.12.2017 №8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, пункта 2 указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.06.2005 № 285 “Аб некаторых мерах па рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці”. У перыяд супрацьпраўнай прадпрымальніцкай дзейнасці ІП В. здзейснена 785 паспяховых здзелак (аперацый) па адчужэнню такенаў. Агульная сума незаконна атрыманага даходу склала 6.646.127, 86 рубля”, — гаворыцца ў заключэнні суда.

ІП прыцягнуты да адказнасці паводле ч. 3 арт.13.3 КаАП (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць). Акрамя канфіскацыі даходу, яму таксама прызначаны штраф у памеры 6.000 рублёў. Акрамя гэтага, як паведамляецца, канфіскаваныя “сродкі здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння і спагнанні іх кошту на агульную суму 11.932,99 рубля”.

Прысуд можа быць абскарджаны.

Падзяліцца: