Мінск 11:54

Кубракоў звярнуўся з прапагандысцкім лозунгам да дзяцей

Фота: прэс-служба МУС

28 верасня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў стварыла 136 ваенна-патрыятычных клубаў (ВПК), паведаміў яго кіраўнік Іван Кубракоў на іх першым “рэспубліканскім аглядзе-конкурсе” 28 верасня.

Дзе ён праводзіцца, прэс-служба ведамства не ўдакладняе.

Паводле сцвярджэння міністра, на мерапрыемстве сабраліся “сапраўдныя патрыёты”.

“Дарагія хлопцы, час сапраўды выбраў нас! Менавіта вам, маладому пакаленню, развіваць нашу краіну. І сёння робіцца ўсё для таго, каб моладзевы рух ішоў толькі наперад”, — заявіў ён.

Міністр падзякаваў бацькам выхаванцаў, а таксама “іх настаўнікам у пагонах” за “ўклад у агульную справу, ініцыятывы і актыўны ўдзел у сумесных акцыях і мерапрыемствах”.

Клубы налічваюць больш за 5 тыс. удзельнікаў, заявіў ён дзяржСМІ.

Па словах міністра, 90% выхаванцаў ВПК паступаюць у ведамасныя ВНУ МУС.

“Мы працуем з моладдзю, таму што ўсе цудоўна разумеюць: калі з моладдзю не будзем працаваць мы, з ёй будзе працаваць хто іншы”, — сказаў на заканчэнне кіраўнік ведамства.

Кубракоў азнаёміўся з узорамі “прапанаванай формы ўдзельнікаў ВПК”.

Паведамляецца, што ўдзельнікі “спявалі гімн ваенна-патрыятычных клубаў сталічнай міліцыі, прадэманстраваўшы пры гэтым элементы акрабатыкі”. Яны спаборнічалі ў камбінаванай эстафеце і стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Фота: прэс-служба МУС

На месцы кіраўнік МУС правёў нараду з кіруючым складам органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, на якой заявіў аб “высокім даверы” насельніцтва да “людзей у пагонах”, адначасова запатрабаваўшы “бачыць вострыя пытанні і аператыўна прымаць меры па іх вырашэнні”.

Афіцыйны ідэалагічны складнік у адукацыі і актывізацыя “патрыятычнага выхавання” ў духу лаяльнасці да дзейнай улады і Расіі ўзмацнілася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавых пратэстаў.

Улады ствараюць Рэспубліканскі цэнтр патрыятычнага выхавання на базе Брэсцкай крэпасці. На яго будаўніцтва сродкі збіраюцца праз ахвяраванні.

Праца па “патрыятычным, грамадзянскім выхаванні” ў Беларусі “сёння пачынаецца ў дзіцячым садку”, заявіў 16 чэрвеня міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Пяць службовых асоб было прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці ў Віцебскай вобласці за тое, што ў рэгіёне “праца па грамадзянскім і ваенна-патрыятычным выхаванні непаўналетніх арганізавана не ў дастатковай ступені”, паведаміла 6 жніўня Генеральная пракуратура.

У патрыятычнае выхаванне ўцягнута “ўсё насельніцтва”, сцвярджаў у снежні 2023 года памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Леанід Касінскі.

Паводле яго слоў, на той момант у беларускім войску дзейнічалі 42 ваенна-патрыятычныя клубы, у якіх займалася “больш за паўтары тысячы дзетак”.

Лозунг “Час выбраў нас” актыўна выкарыстоўвае дзяржпрапаганда і прыхільнікі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пад ім у красавіку прайшоў VII Усебеларускі народны сход.

Лозунг адсылае да назвы аднайменнага савецкага тэлесерыяла аб Вялікай Айчыннай вайне беларускага рэжысёра Міхаіла Пташука.

БХК: Улады ўзмацняюць мілітарызацыю ў школах

27 верасня, Позірк. Меры “сацыяльнай абароны дзяцей”, якія выкарыстоўваюцца ўладамі Беларусі, ствараюць "глебу для рэпрэсіўных дзеянняў і індактрынацыі", у ідэалагічнай працы, якая праводзіцца ў школах, павялічваецца "мілітарысцкі кампанент", заявіла юрыст-міжнароднік, эксперт Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК) Кацярына Дзейкала 27 верасня на …
Падзяліцца: