Мінск 12:39

У апошні дзень анамальна цёплага надвор’я ў Беларусі зафіксаваны гістарычны максімум тэмпературы

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 29 верасня 2024 года ў 18:48

29 верасня, Позірк. Новы гістарычны максімум тэмпературы зафіксаваны ў Беларусі 28 верасня, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз аператыўных і архіўных даных Белгідрамета.

У Гомелі паветра прагрэлася да 27,7 градуса. Ранейшы рэкорд дня пратрымаўся адзін год: 28 верасня 2023-га ў Брэсце тэмпература паднялася да 26,6 градуса. Тады быў перакрыты экстрэмум, зарэгістраваны ў Пінску ў 1942 годзе, пры нямецкай акупацыі (25,8 градуса).

Акрамя Гомеля рэкорды перапісаныя таксама ў Мазыры — 27,4 (23,7 у 1981-м), Брагіне — 27,2 (24,4 у 2023-м), Васілевічах — 27 (24,4 у 1932-м), Касцюковічах — 26,7 (24,5 у 2023-м), Лельчыцах — 26,2 (25 у 2007-м), Мсціславе — 25,1 (22,6 у 2023-м) і Слаўгарадзе — 24,7 (23,8 у 2023-м).

Для параўнання: летась 28 верасня было перакрыта 29 рэкордаў, з пачатку месяца — 119 супраць 195 з 1 да 28 верасня сёлета.

У жніўні — верасні 2024-га перапісана агулам 279 максімумаў, за мінулы перыяд анамальна цёплага надвор’я (з 30 жніўня) — 203.

29 верасня, паводле прагнозу Белгідрамета, будзе не вышэй за 16 градусаў, 30-га — да 17, 1 кастрычніка — да 18. У ноч на 30 верасня чакаюцца замаразкі да мінус 2. У гэтым сезоне тэмпература яшчэ не апускалася да мінусавых паказчыкаў. Папярэдні раз сіноптыкі дапускалі замаразкі ў ноч на 23 верасня, аднак тэмпература на ўсіх метэастанцыях засталася вышэй за нуль.

Падзяліцца: