Мінск 13:26

На месцы прыватнага сектара ў раёне вуліцы Арлоўскай у Мінску пабудуюць шматпавярховікі на 624 кватэры

Праект новай забудовы на месцы прыватнага сектара
Крыніца: "Мінск-Навіны"

30 верасня, Позірк. У 2025 годзе пачнецца рэканструкцыя ўчастка ў цэнтры сталіцы ў межах вуліц Арлоўскай — Шчадрына, паведамляе агенцтва “Мінск-навіны” са спасылкай на кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёна сталіцы Валерыя Вараніцкага.

Паводле яго слоў, цяпер распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя: “Гэтыя вуліцы злучаць цэнтральную частку раёна з Даўгінаўскім трактам. У нас [у гэтым месцы] шмат дамоў сядзібнага тыпу, пабудаваных яшчэ ў мінулым стагоддзі. Вядома, надаецца асаблівая ўвага рамонту вулічна-дарожнай сеткі на такіх тэрыторыях, замене асфальтавага пакрыцця. Там, дзе гэта магчыма, не парушаючы правы і не заходзячы на ўчасткі, уладкоўваем пешаходныя сувязі для жыхароў”.

Падчас рэканструкцыі на вул. Шчадрына і Арлоўскай будзе знесеная частка прыватнага сектара. Жыхары прыватных дамоў ужо часткова рассяляюцца, на вызваленай тэрыторыі пабудуюць шматкватэрныя жылыя дамы, гаворыцца ў публікацыі.

Адзначаецца, што ў рамках першай чаргі будаўніцтва плануецца ўзвесці дамы на 7–12 паверхаў, там будзе 624 кватэры агульнай плошчай 45.648 кв. м.

Раней, згодна з прынятым у 2008 годзе рашэннем Мінгарвыканкама, у гэтым раёне ўжо была знесеная частка малапавярховай забудовы. На вуліцах Чарвякова і Ураджайнай былі ўзведзеныя вышынныя шматкватэрныя дамы.

У студзені — жніўні 2024 года ў БеларусІ арганізацыі ўсіх формаў уласнасці пабудавалі 22,4 тыс. новых кватэр — на 3,4% менш, чым за аналагічны перыяд 2023 года (23,2 тыс.), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У эксплуатацыю ўведзена 2 млн 153,9 тыс. квадратных метраў агульнай плошчы жылля (-0,5%; 2 млн 164,4 тыс.).

Падзяліцца: