Мінск 19:23

Лукашэнка заклікаў немцаў памятаць “жахлівыя факты” Другой сусветнай вайны і запрасіў іх у Беларусь

Ілюстрацыйнае фота: prometheus / unsplash.com

3 кастрычніка, Позірк. Беларусы “вельмі добра ведаюць сапраўднае значэнне” адзінства, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 3 кастрычніка народ Федэратыўнай Рэспублікі Германія з Днём германскага адзінства.

“Амаль два дзесяцігоддзі наш народ быў падзелены штучнымі межамі, што не садзейнічала нармальным стасункам, развіццю краіны і не давала ніякіх перспектыў, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка. — Потым яшчэ большыя страты нанесла Другая сусветная вайна, якая забрала кожнага трэцяга жыхара. Гэтыя жахлівыя факты не павінны забываць ні беларусы, ані немцы”.

На думку Лукашэнкі, цяперашнія беларусы і немцы з’яўляюцца “не проста сведкамі сучасных падзей”, яны здольныя ўплываць на гэтыя падзеі і могуць “змяніць негатыўны сцэнарый развіцця”.

Сучаснае пакаленне беларусаў і немцаў, мяркуе віншавальнік, “мае шмат агульнага і разумее адзін аднаго куды лепш, чым сто гадоў таму”.

“Назапашаны бясцэнны досвед кантактаў у самых разнастайных галінах. Мінск іх беражліва захоўвае нягледзячы ні на што, — сцвярджае Лукашэнка. — Дзверы нашага дома заўсёды адчыненыя для гасцей з Германіі і іншых краін, для ўсіх людзей добрай волі, якія прыходзяць да нас з чыстым сэрцам і жадаюць дабра. Веру, вельмі хутка да каштоўнасці адзінства, якое так цяжка нам далося, дададуцца згода і ўзаемаразуменне”.

Германія, будучы часткай Еўрапейскага саюза, не прызнае Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі. Еўрасаюз увёў у дачыненні да прадстаўнікоў яго рэжыму санкцыі.

У сваю чаргу ўрад Беларусі летась увесну зацвердзіў пералік “замежных дзяржаў, што здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у які ўваходзяць усе краіны ЕС.

6 верасня стала вядома, што Андрэа Віктарын — экс-кіраўніца прадстаўніцтва ЕС у Мінску (2015–2019) і былая пастаянная прадстаўніца амбасады ФРГ (2000–2003), прызначана новым часовым павераным у справах Германіі ў Беларусі.

На профільным мерапрыемстве, праведзеным дэлегацыяй ЕС у ААН у рамках Генасамблеі ў Нью-Ёрку, прадстаўнік МЗС ФРГ заявіў, што Берлін чакае ад рэжыму Лукашэнкі вызвалення ўсіх палітычных вязняў і, у прыватнасці, Марыі Калеснікавай. Ён сказаў пра неабходнасць падтрымкі беларускага грамадства, абвясціў пра намер Германіі выдаваць візы і пра падтрымку ініцыятыў па Беларусі ў рамках АБСЕ.

24 чэрвеня Мінскі абласны суд (суддзя Алег Лапека) вынес смяротны прыгавор грамадзяніну Германіі Рыка Крыгеру. Немец быў прызнаны вінаватым паводле ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), ч. 4 арт. 309 (наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін), ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), ч. 3 арт. 289 (акт тэрарызму), арт. 3581 (агентурная дзейнасць) і арт. 133 (наёмніцтва) Крымінальнага кодэкса.

Пазней быў памілаваны Лукашэнкам і перададзены нямецкаму боку ў рамках абмену зняволенымі паміж РФ і Захадам.

Падзяліцца: