Мінск 11:52

У першай палове 2026 года Беларусь была асноўным імпарцёрам расійскага піва

Ілюстрацыйнае фота: Tetiana Padurets / unsplash.com

13 ліпеня, Позірк. Паводле вынікаў студзеня — чэрвеня 2026 года Беларусь заняла першае месца сярод усіх імпарцёраў расійскага піва, вынікае з інфармацыі Федэральнага цэнтра развіцця экспарту прадукцыі аграпрамысловага комплексу Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ (“Аграэкспарт”).

Адзначаецца, што за шэсць месяцаў у Беларусь гэтага напою было пастаўлена на 13 млн долараў (даныя пра колькасны аб’ём не прыводзяцца).

Паводле ацэнак экспертаў, Расія павялічыла экспарт піва ў грашовым выражэнні на 4% да аналагічнага перыяду 2025 года. Агулам за гэты перыяд на замежныя рынкі было пастаўлена больш за 68,5 тыс. тон піва на суму каля 40 млн долараў.

Зыходзячы з гэтага, можна меркаваць, што ў Беларусь было ўвезена прыкладна 22,3 тыс. тон.

У пяцёрку найбуйнейшых пакупнікоў таксама ўвайшлі: Казахстан (больш за 9,5 млн долараў), Узбекістан (больш за 3 млн), Кітай (больш за 2,7 млн) і Кыргызстан (каля 2 млн).

Запасы піва ў арганізацыях рознічнага гандлю паводле вынікаў першага квартала 2026 года склалі 1.807,3 тыс. дэкалітраў — на 0,8% менш, чым за аналагічны перыяд 2025 года, сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Як паведамлялася раней, у студзені — лістападзе 2025 года, паводле даных “Аграэкспарту”, РФ экспартавала больш за 190 тыс. тон соладавага піва на суму больш за 103 млн долараў (+19% да аналагічнага перыяду 2024 года). У пяцёрку асноўных імпарцёраў тады ўвайшлі Беларусь (доля — 30%), Казахстан (28%), Кітай (10%), Кыргызстан (8%), Таджыкістан (3%).

У траўні 2024 года ўрад забараніў увоз у Беларусь піва, вырабленага ў Чэхіі, Польшчы і краінах Балтыі. Сцвярджалася, што пастанова з’явілася ў якасці меры ў адказ на прынятыя Латвіяй рашэнні пра забарону імпарту з Беларусі харчовай прадукцыі па асобных пазіцыях, Літвой — пра забарону на адзін год увозу сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў з Беларусі, а таксама на ініцыяваны пяццю названымі краінамі рэгламент Савета ЕС, які ўсталяваў падвышаныя мыты на імпарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Змены былі ўнесеныя ў пастанову Савета Міністраў № 700 ад 6 снежня 2021 года. Дакумент вызначыў пералік тавараў вытворчасці “недружалюбных краін”, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

31 снежня 2025 года стала вядома, што забарона была працягнутая да канца 2027 года.

Падзяліцца: