Мінск 19:57

Ціханоўская падзякавала кіраўніку польскага МУС за дапамогу беларусам

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

4 кастрычніка, Позірк. Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падзякавала міністру ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томашу Семаняку за дзейнасць рабочай групы па пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы.

Таксама, паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, на сустрэчы 4 кастрычніка ў Варшаве яна выказала ўдзячнасць за шырокія выключэнні для праезду аўтамабіляў на беларускіх нумарах і правозу прадуктаў для асабістага карыстання, а таксама спрашчэнне ўмоў знаходжання беларусаў у Польшчы.

“Польшча заўсёды была побач з беларусамі, і я ўдзячная за Вашу прынцыповую пазіцыю па ціску на рэжым і за дапамогу беларусам”, — сказала палітык.

Адзначаецца, што ў ходзе сустрэчы былі перададзены новыя прапановы ад беларускіх дэмакратычных сіл па далейшаму спрашчэнню працэдур легалізацыі беларусаў у Польшчы, у тым ліку — па выдачы польскіх праязных дакументаў на больш працяглы тэрмін, відаў на жыхарства для дзяцей і іншых дакументаў. Суразмоўцы абмеркавалі магчымасць стварэння міжведамаснай рабочай групы па Беларусі для вырашэння такіх пытанняў у будучыні.

Таксама дэмлідар высока ацаніла ўклад польскіх уладаў і грамадства ў барацьбу са жнівеньскай паводкай, падкрэсліўшы, што беларусы ў Польшчы актыўна далучыліся да валанцёрскіх ініцыятыў.

Абмеркавана сітуацыя з палітычнымі зняволенымі і шляхі іх вызвалення, у тым ліку журналіста і актывіста Саюза палякаў Анджэя Пачобута, становішча польскай меншасці ў Беларусі, пытанні бяспекі на польска-беларускай мяжы, а таксама зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд супраць рэжыму.

Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, ключавымі пытаннямі, якія абмяркоўваліся на сустрэчы, былі бягучае становішча беларускіх грамадзян у Польшчы і польскай меншасці ў Беларусі.

Святлана Ціханоўская наведвае Варшаву 1–4 кастрычніка.

Падзяліцца: