Мінск 01:34

Латушка заклікаў краіны АБСЕ падтрымаць зварот Літвы ў МУС

Фота: тэлеграм-канал Паўла Латушкі

10 кастрычніка, Позірк. Падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе супраць беларускіх уладаў заклікаў краіны АБСЕ намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка ў рамках сайд-івента “Мабілізацыя Маскоўскага механізма АБСЕ для вывучэння прымусовага перамяшчэння экстратэрытарыяльнага пераследу”.

Арганізаванае НАУ сумесна з праваабарончым цэнтрам “Вясна” і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі мерапрыемства прайшло 9 кастрычніка на палях Канферэнцыі па чалавечым вымярэнні АБСЕ.

У ім прынялі ўдзел дыпламаты прадстаўніцтваў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Літвы, Францыі, Швецыі і іншых краін пры АБСЕ, прадстаўнікі дыпламатычных місій у Варшаве, МЗС Польшчы, а таксама беларускіх, польскіх і міжнародных праваабарончых арганізацый. Перад удзельнікамі са сведчаннямі выступілі некалькі ахвяраў рэжыму Лукашэнкі.

“З 2020 года Беларусь стала арэнай масавых злачынстваў і буйнамаштабных міжнародных злачынстваў. Масавыя катаванні, бесчалавечнае і зневажальнае абыходжанне, згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага гвалту, гвалтоўныя знікненні, адвольныя турэмныя зняволенні і забойствы здзяйсняюцца рэжымам. І ўсе гэтыя злачынствы адбываюцца ў абстаноўцы поўнай беспакаранасці вінаватых, якая прыводзіць да таго, што сотні тысяч беларусаў вымушаны ўцякаць з краіны”, — заявіў палітык.

Паводле інфармацыі ў тэлеграм-канале Латушкі, “мерапрыемства было засяроджана на прадстаўленні аналізу патэнцыялу Маскоўскага механізма АБСЕ для вывучэння прымусовага перамяшчэння беларусаў і іх экстратэрытарыяльнага пераследу”.

Маскоўскі механізм АБСЕ — метад працы дадзенай арганізацыі ў галіне чалавечага вымярэння па ініцыятыве краін-удзельніц. Уключае стварэнне місій экспертаў ці дакладчыкаў для працы са становішчам з чалавечым вымярэннем у пэўнай краіне. Эксперты і дакладчыкі не могуць быць прызначэнцамі, грамадзянамі або рэзідэнтамі адпаведнай краіны або дзяржаў-ініцыятараў місіі.

Адносна Беларусі Маскоўскі механізм прымяняўся ў 2011 і 2020 гадах.

11 ліпеня гэтага года АБСЕ перазапусціла ў дачыненні да Беларусі Венскі механізм, які лічыцца менш эфектыўным.

30 верасня ўрад Літвы перадаў у офіс пракурора МУС матэрыялы аб “трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ў дачыненні да беларусаў”. Вільнюс патлумачыў сваё рашэнне тым, што больш не можа бяздзейнічаць.

У звароце ў МУС літоўскі ўрад адзначыў: “Маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што з 1 мая 2020 года і да гэтага часу супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі па загадзе высокапастаўленых беларускіх палітычных, праваахоўных і ваенных чыноўнікаў здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці”. Пад імі маюцца на ўвазе дэпартацыя, пераследы і “іншыя бесчалавечныя акты”.

Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці ў МУС.

У каментары пракурора МУС Карыма Хана, апублікаваным 30 верасня на сайце суда, гаворыцца, што перадача дзяржавай — удзельніцай Рымскага статута заявы ў Міжнародны крымінальны суд не прыводзіць аўтаматычна да пачатку расследавання.

3 кастрычніка Латушка паведаміў, што перададзеныя Літвой матэрыялы былі накіраваныя ў Палату папярэдняй вытворчасці МУС, па справе “прызначаны суддзі” і “сфарміравана група асоб, якія будуць займацца расследаваннем”.

Падзяліцца: