Мінск 08:45

Украіна заклікала МАК і UWW не дапускаць беларуску Курачкіну да чэмпіянату свету па барацьбе

Фота: noc.by

11 кастрычніка, Позірк. Кіеў заклікаў Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) і Міжнародную федэрацыю барацьбы (UWW) не дапускаць да спаборніцтваў барцоў з Беларусі і Расіі, паведамляе Міністэрства моладзі і спорту Украіны.

Адпаведны ліст прэзідэнту МАК Томасу Баху і прэзідэнту UWW Ненаду Лалавічу падпісалі міністр моладзі і спорту Украіны Мацвей Бедны, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Вадзім Гутцайт і кіраўнік украінскай федэрацыі барацьбы Юрый Капытка.

Гаворка пра спартсменаў, якія падтрымліваюць ваенную агрэсію супраць Украіны. Да такіх украінскі бок адносіць расійскіх барцоў Абдулрашыда Садулаева і Заура Угуева і беларуску Ірыну Курачкіну, бо яны “былі заўважаныя на прапагандысцкіх мерапрыемствах або ў сацсетках падтрымлівалі вайну”.

“Прадстаўнікі Украіны заклікаюць Міжнародны алімпійскі камітэт захоўваць салідарнасць з украінскім народам і прыняць меры, каб не дапусціць расійскіх і беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў, пакуль ідзе вайна”, — гаворыцца ў звароце.

Падкрэсліваецца “недапушчальнасць удзелу спартсменаў з гэтых краін у чэмпіянаце свету па неалімпійскіх вагавых катэгорыях у Тыране, які адбудзецца з 28 па 31 кастрычніка”.

24 верасня Міжнародная федэрацыя барацьбы прыняла рашэнне змякчыць крытэрыі допуску для барцоў і абслуговага персаналу з Беларусі і Расіі.

Як заяўлялася, на будучых турнірах UWW для прызнання спартсменаў з Беларусі ці Расіі недапушчаным да спаборніцтваў будуць разглядацца толькі “доказы прамога вайсковага ўдзелу ў вайне супраць Украіны або публічныя заявы [у пісьмовай або вуснай форме] у падтрымку вайны і/або яе прамоўтэраў або ўдзельнікаў”. Усе раней прынятыя рашэнні аб нядопуску беларусаў і расіян федэрацыя перагледзіць у адпаведнасці з новымі крытэрыямі.

28 лютага 2022 года, праз некалькі дзён пасля пачатку вайны ва Украіне, Міжнародны алімпійскі камітэт заклікаў спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.

25 студзеня 2023 года выканкам МАК пацвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ праз вайну супраць Украіны, аднак адзначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах “толькі праз ягоны пашпарт”.

28 сакавіка МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям у тыпах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расійскія атлеты могуць спаборнічаць “у якасці індывідуальных нейтральных спартсменаў” (без выкарыстання сцяга, гімна і іншай сімволікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны “актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеянняў” і не маюць дзейных кантрактаў з сілавымі і ваеннымі ведамствамі сваіх краін.

З аналагічнымі ўмовамі МАК дапусціў індывідуальных спартсменаў з Беларусі і Расіі да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях-2024 у нейтральным статусе.

Падзяліцца: