Мінск 02:41

У Беларусі ствараецца база персанальных даных авіяпасажыраў

Фота: "Позірк"

16 кастрычніка, Позірк. Савет міністраў зацвердзіў Палажэнне аб парадку стварэння, эксплуатацыі, развіцця і абслугоўвання аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы персанальных даных пасажыраў паветраных судоў. Адпаведная пастанова ўрада № 752 ад 12 кастрычніка 2024 года апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступіла ў дзеянне.

Згодна з дакументам, ствараецца інфармацыйная сістэма Міністэрства транспарту і камунікацый, у якую авіякампаніі, якія ажыццяўляюць міжнародныя паветраныя перавозкі, будуць перадаваць персанальныя даныя пасажыраў, якія пакідаюць і накіроўваюцца ў Беларусь.

Таксама будзе створаная сістэма інфармавання перавозчыкаў аб пасажырах, якім будзе адмоўлена ва ўездзе ў Беларусь.

У пастанове адзначаецца, што персанальныя даныя, якія перадаюцца авіякампаніямі, будуць уключаць прозвішча, імя, імя па бацьку, пол, дату нараджэння, даныя аб грамадзянстве пасажыра, від, серыю і нумар дакумента, на падставе якога набыты праязны дакумент, тэрмін яго дзеяння.

Таксама ў базе будзе захоўвацца назва перавозчыка, нумар рэйса, дата і час вылету, колькасць пасажыраў, аэрапорты вылету і прызначэння, пачатковы і канчатковыя пункты маршруту перавозкі, код браніравання.

Тэрмін захоўвання персанальных даных авіяпасажыраў і інфармацыі аб іх перавозцы ў базе складае два гады.

Пастанова прадугледжвае, што фінансаванне расходаў па эксплуатацыі, развіццю і абслугоўванню інфармацыйнай сістэмы ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і “іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам”.

23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, пасля памілаваныя.

Пасля інцыдэнту авіякампаніі “Белавія” забаронена лётаць у краіны Еўрасаюза, нацыянальны перавозчык знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі. У Беларусь, а таксама над яе тэрыторыяй не лятаюць еўрапейскія авіякампаніі.

Падзяліцца: