Мінск 02:29

Затрыманы прызыўнік, які нібыта жадаў стаць “кратом” ва ўнутраных войсках МУС

Ілюстрацыйнае фота: тэлеграм-канал УС МУС

18 кастрычніка, Позірк. Пра затрыманне прызыўніка, які, як сцвярджаецца, хацеў укараніцца ва ўнутраныя войскі для збору інфармацыі, паведаміў тэлеграм-канал гэтай структуры Мінстэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што мужчыну затрымлівалі вайскоўцы атрада спецпрызначэння “Буран” разам з супрацоўнікамі ГУБАЗіК.

“Падчас восеньскай прызыўной кампаніі ўвагу аператыўнікаў прыцягнуў адзін грамадзянін, — гаворыцца ў паведамленні. — Хлопец асабліва імкнуўся трапіць у вайсковую часць 5525 (6-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада УВ МУС, дыслакуецца адразу ў двух гарадах — Гомелі і Мазыры. — “Позірк”.), і адпаведна яго чакалі базавыя праверкі. Аднак даволі хутка высветлілася, што прызыўнік — актыўны ўдзельнік экстрэмісцкіх чатаў і абмеркаванняў”.

Сцвярджаецца, што ён “разам з аднадумцамі” (у арыгінальным паведамленні таксама прысутнічае перакрэсленае слова “куратарамі”) абмяркоўваў у інтэрнэце “планы па дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне” і “прапанаваў свае паслугі па ўкараненні ва ўнутраныя войскі”.

“Зараджаны крот быў гатовы фатаграфаваць вайсковую тэхніку, узбраенне, спецсродкі і перадаваць аператыўныя звесткі пра службова-баявую дзейнасць войскаў. <…> Наперадзе ў яго крымінальная справа”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: