Мінск 02:37

БелАЗ заключыў у РФ пагадненні для развіцця тэхнікі на газе

Фота: сайт прадпрыемства БелАЗ

18 кастрычніка, Позірк. Пяць пагадненняў па развіцці газавых праектаў заключыла ААТ “БелАЗ” (Жодзіна, Мінская вобласць) на XIII Пецярбургскім міжнародным газавым форуме, паведаміла 18 кастрычніка прэс-служба прадпрыемства.

У іх ліку пагадненне аб арганізацыі вытворчасці газавых і крыягенных кампанентаў для кар’ернай тэхнікі БелАЗ у Расіі, а таксама пагадненні, якія прадугледжваюць партнёрства беларускага прадпрыемства і вядучых расійскіх кампаній у развіцці газавых праектаў — лізінгавыя праграмы на набыццё кар’ернай тэхнікі на газе, забеспячэнне неабходнай інфраструктуры для яе эфектыўнай працы.

На прадпрыемстве мяркуюць, што такі комплексны падыход дазволіць “стварыць спрыяльныя ўмовы для пераходу горназдабыўных кампаній на кар’ерную тэхніку на газе”.

На форуме, які праходзіў 8–11 кастрычніка, беларускі завод прадставіў 90-тонны кар’ерны самазвал БЕЛАЗ-7558Н на газе з заправачным комплексам расійскай вытворчасці.

Згодна з данымі Белстата, у Беларусі два месяцы запар назіраецца запаволенне тэмпаў росту прамысловай вытворчасці.

Падзяліцца: