Мінск 02:36

З палону вызвалены ўкраінскі праваабаронца Буткевіч, які дапамагаў беларусам — уцекачам ад рэпрэсій

Максім Буткевіч
Архіўнае фота: Stanislav Yurchenko / RFE-RL

18 кастрычніка, Позірк. Украінскі праваабаронца і вайсковец Максім Буткевіч вызвалены з расійскага палону, у якім ён прабыў больш за два гады, паведамляе Цэнтр правоў чалавека ZMINA са спасылкай на бацьку вызваленага.

Паводле наяўнай інфармацыі, мужчыну вызвалілі ў выніку абмену ваеннапалоннымі (Мінабароны РФ паведаміла пра вызваленне 95 сваіх вайскоўцаў у абмен на такую ж колькасць украінскіх байцоў, расіяне цяпер знаходзяцца ў Беларусі).

Буткевіч з’яўляецца сузаснавальнікам згаданай арганізацыі ZMINA. У свой час ён працаваў ва Упраўленні вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, адказваў за рэгіён “Украіна — Малдова — Беларусь”. Быў каардынатарам праграмы “Без межаў” па дапамозе перасяленцам, якія ўцякалі ад вайны. У рамках гэтай праграмы ён пасля падзей 2020 года ў Беларусі стаў таксама дапамагаць беларусам, якія ратавалісь ўцёкамі ад рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Выступаў за лібералізацыю міграцыйных правілаў для пераследаваных беларусаў, указваючы на тое, што праз складаную працэдуру легалізацыі большая іх частка вымушаная перабірацца ў іншыя краіны.

У сакавіку 2022 года Буткевіч абвясціў аб прыпыненні праваабарончай дзейнасці і ўступіў у шэрагі Узброеных сіл Украіны.

24 чэрвеня таго ж года пракрамлёўскія медыі апублікавалі відэазапіс з украінскімі ваеннапалоннымі, сярод якіх быў Буткевіч.

10 сакавіка 2023 года “суд” у так званай “луганскай народнай рэспубліцы” — частцы акупаванай і пасля анексаванай Расіяй Луганскай вобласці Украіны — прыгаварыў Буткевіча да 13 гадоў пазбаўлення волі за тое, што ён нібыта параніў двух цывільных у Севераданецку.

Падзяліцца: