Мінск 13:50

У Беларусь заляцеў чарговы расійскі беспілотнік

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

22 кастрычніка, Позірк. Увечары 21 кастрычніка і ў ноч на 22 кастрычніка ў паветранай прасторы Украіны было выяўлена 60 беспілотных лятучых апаратаў тыпу “Шахед” і дронаў нявызначанага тыпу, якія належаць Расіі, паведамляюць Паветраныя сілы Узброеных сіл Украіны (УСУ).

42 апараты збілі ў Сумскай, Днепрапятроўскай, Чаркаскай, Данецкай, Запарожскай, Кіеўскай, Херсонскай і Харкаўскай абласцях. У выніку атакі ў Сумскай вобласці маюцца загінулыя і пацярпелыя.

10 расійскіх беспілотнікаў “лакацыйна страчаныя”. Адзін з іх паляцеў у Беларусь, яшчэ тры — назад у Расію, паведамілі ўкраінскія вайскоўцы.

Маніторынгавая група “Беларускі Гаюн” не зафіксавала мінулай ноччу палётаў дронаў над беларускай тэрыторыяй. У той жа час яна заяўляла пра тры “Шахеды”, якія ўварваліся ў паветраную прастору Беларусі ў ноч на 21 кастрычніка, хаця Паветраныя сілы УСУ пра іх не паведамлялі.

Да гэтага ўкраінскія Паветраныя сілы паведамлялі пра залёт на беларускую тэрыторыю расійскіх дронаў у ноч на 20, 18 і 17 кастрычніка. У кожным са згаданых выпадкаў гаворка ішла пра два БПЛА.

4 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка прызнаў факты парушэння мяжы баявымі беспілотнікамі і заявіў, што беларускі бок шмат збівае незалежна ад таго, украінскія яны ці расійскія.

Залёт БПЛА Лукашэнка патлумачыў недасведчанасцю тых, хто іх выкарыстоўвае, і адзначыў, што пасля ўздзеяння сродкаў радыёэлектроннай барацьбы беспілотнікі губляюць арыенцір.

“Некалькі выпадкаў такіх было і з боку Расіі, і з боку Украіны”, — сказаў ён падчас паездкі ў Пінскі раён (Брэсцкая вобласць).

Паводле яго слоў, гэтыя пытанні ў Беларусі вырашаюць “на ўзроўні адмыслоўцаў, не выносячы ў публічнае поле”. Такія дамоўленасці нібы былі дасягнутыя з абодвума бакамі.

У ноч на 3 кастрычніка з’явілася інфармацыя пра ўварванне чарговага расійскага беспілотніка. Тады было выказана меркаванне, што дрон іранскай маркі “Шахед” мог упасці ў Калінкавічах (Гомельская вобласць). Беларускія ўлады інцыдэнт ніяк не каментавалі.

Разам з тым 4 кастрычніка супрацоўнікі КДБ “пры сілавой падтрымцы вайскоўцаў САХРу” затрымалі жыхарку Калінкавічаў. Яны ўварваліся ў дом, відэакамера на якім зафіксавала шум і водбліскі падаючага беспілотніка.

З ліпеня гэтага года рэсурсы, якія спецыялізуюцца на маніторынгу ваеннай сітуацыі, паведамлялі пра мноства выпадкаў уварвання ў паветраную прастору Беларусі беспілотнікаў, якімі Расія атакуе Украіну.

У ноч на 5 верасня некалькі дронаў былі збітыя над Гомелем, рэшткі аднаго з іх упалі на будынак склада, ніхто не пацярпеў. Мінабароны было вымушана прызнаць факт парушэння мяжы лятучымі аб’ектамі, але не назвала, каму яны належылі.

8 верасня Міністэрства абароны Латвіі паведаміла, што ў Рэзекненскім краі (не з’яўляецца прыгранічным, месціцца прыкладна за 35 км ад мяжы з Беларуссю) разбіўся расійскі дрон. 9 верасня кіраўніцтва латвійскіх Нацыянальных узброеных сіл заявіла, што расійскі дрон, які пацярпеў крушэнне ў Гайгалаўскай воласці Рэзекненскага краю, быў “начыненым выбухоўкай беспілотнікам тыпу Shahed”.

Падзяліцца: