Мінск 18:39

МАРГ заявіў пра дамінуючае становішча “Яндэкс Go” на рынку паслуг таксі ў Мінску і Мінскім раёне

Крыніца: сайт "Яндэкс Go"

22 кастрычніка, Позірк. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) завяршыла аналіз рынку паслуг па арганізацыі перавозак пасажыраў аўтамабілямі-таксі ў Мінску і Мінскім раёне. Ведамства высветліла, што дамінуючае становішча займае ТАА “БелГо Корп” (сэрвіс “Яндэкс Go”).

Прадаўцамі на гэтым рынку, паведамляе прэс-служба МАРГ, з’яўляюцца дыспетчары (у тым ліку ўладальнікі інфармацыйных сістэм), а спажыўцамі — перавозчыкі (у тым ліку таксапаркі з кіроўцамі і аўтамабілямі) і пасажыры. Пры гэтым дыспетчар аказвае пасажырам бясплатную паслугу (замову паездкі), перавозчык жа перадачу замовы аплачвае.

Для кампаніі “БелГо Корп”, як адзначаецца, вызначаны “спосаб цэнавага рэгулявання — парадак усталявання і прымянення тарыфаў”, які “будзе змяшчаць тарыфныя правілы і прынцыпы працы суб’екта гаспадарання на рынку Мінска і Мінскага раёна”.

Першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец заявіў 19 кастрычніка ў эфіры тэлеканала АНТ, што для “Яндэкс Go” як для манапаліста будзе ўведзенае цэнавае рэгуляванне. Адначасова для сэрвісу “аўтаматычна пачынаюць дзейнічаць усе патрабаванні антыманапольнага заканадаўства, гэта значыць недыскрымінацыйныя правілы доступу спажыўцоў да яго паслуг, недапушчэнне манапольна высокіх або манапольна нізкіх цэн”.

Прадстаўнік МАРГ таксама паведаміў, што ведамства зацікавілася тым, як у сэрвісу фармуюцца падвышальныя каэфіцыенты на цану паездак у “гарачыя гадзіны”.

Летась 14 лістапада тэма перавозак абмяркоўвалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

25 студзеня ён падпісаў указ № 32, які прадугледжвае стварэнне “рэестра аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах”.

У рэестр (аператар і ўладальнік — Транспартная інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацый) уключаюцца звесткі пра перавозчыкаў, транспартныя сродкі (аўтобусы, легкавыя аўтамабілі, аўтамабілі-таксі), кіроўцаў, дыспетчараў перавозак у нерэгулярных зносінах, дыспетчараў таксі.

Замежных дыспетчараў, якія хочуць працаваць на беларускім рынку, згаданы ўказ “Аб аўтамабільных перавозках пасажыраў” абавязвае ствараць юрыдычныя асобы на тэрыторыі краіны.

15 лютага начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Андрэй Гладкі заявіў, што транспартныя сродкі арганізацый, якія не будуць уключаныя ў рэестр аўтамабільных перавозак пасажыраў, могуць быць на падставе рашэння суда канфіскаваныя ў даход дзяржавы.

Сёлета з 1 жніўня па 31 кастрычніка за ўключэнне ў рэестр дзяржаўная пошліна не спаганяецца.

Падзяліцца: