Мінск 10:43

Ліквідуецца школа замежных моў, якой кіруе ганаровы консул Партугаліі

Фота: старонка школы Streamline ў "Фэйсбуку"

22 кастрычніка, Позірк. Прыватная школа замежных моў Streamline Language School з 17 кастрычніка знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, вынікае з запісу ў базе Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР).

Медыяпраект “Альянс расследавальнікаў Беларусі” сцвярджае, што прычынай ліквідацыі стала праверка, праведзеная ў арганізацыі супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю (ДФР).

“У пачатку кастрычніка ў офіс Streamline прыехаў ДФР з ператрусам, пасля чаго адключылі ўнутраныя серверы, платформу для кіравання бізнесам з усімі інструментамі і рэсурсамі. Таксама былі заблакаваныя рахункі. Выкладчыкам не змаглі выплаціць заробак, а студэнты — аплаціць вучобу”, — паведамілі журналісты-расследвальнікі.

“Хуткасць, з якой знішчылі ўстанову адукацыі, сведчыць пра тое, што гэта не толькі спроба падлатаць бюджэт за кошт чужых сродкаў, але і расчысціць “паляну” для сваіх. Адначасова знішчэнне незалежных курсаў замежных моў можа сведчыць аб жаданні стрымаць адток кадраў за мяжу”, — гаворыцца ў публікацыі.

Падкрэсліваецца, што тэлефон дырэктара моўнай школы Эдуарда Цалюка ў Беларусі недаступны.

Цалюк у 2016 годзе быў прызначаны ганаровым консулам Партугаліі ў Беларусі. Цяпер на сайце візавага цэнтра Партугаліі ў Мінску, а таксама на сайце амбасады гэтай краіны ў Расіі Цалюк згадваецца як ганаровы консул.

У 2017 годзе Цалюк казаў, што ў яго консульскія абавязкі ўваходзіць абарона інтарэсаў і дапамога грамадзянам Партугаліі на тэрыторыі Беларусі: “Вельмі вітаецца, калі консул развівае якія-небудзь праекты, напрыклад, у сферы культуры. Нядаўна ўпершыню ў Беларусі мы арганізавалі два канцэрты музыкі фаду. Прыляцелі выканаўцы з Лісабона. Я быў шчаслівы, што некалькі сотняў беларусаў змаглі пазнаёміцца з гэтым унікальным музычным жанрам”.

Як правіла, ролю ганаровых консулаў выконваюць прадстаўнікі дзелавых колаў дзяржавы знаходжання. Ганаровы консул не знаходзіцца на дыпламатычнай службе прадстаўляемай дзяржавы, але выконвае некаторыя консульскія функцыі.

Амбасада Партугаліі ў Маскве адзначае, што ганаровыя консулы аказваюць у адпаведнасці з указаннямі кіраўніка консульскай установы, за якое яны нясуць адказнасць, неабходную і магчымую дапамогу партугальцам. Яны не кампетэнтныя выконваць большасць актаў грамадзянскай рэгістрацыі і натарыяльных дзеянняў, а таксама ажыццяўляць рэгістрацыю выбаршчыкаў і выдачу праязных дакументаў.

Streamline працуе з 1998 года. У 2017 годзе Streamline стала першай моўнай школай у Беларусі, якая атрымала прэстыжную міжнародную акрэдытацыю Quality English Associate School. Таксама мае шэраг акрэдытацый у сферы міжнароднай адукацыі: ICEF, EAQA, English UK і Business English UK. У Streamline ў апошні час навучалі пяці замежным мовам: англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай, італьянскай. Раней у школе навучалі таксама польскай мове.

Падзяліцца: