Мінск 02:28

Грошы для Маляваныча сабралі на працягу дня

Крыніца: BySol

22 кастрычніка, Позірк. Цягам дня былі сабраныя 3 тыс. еўра для актора і тэлевядоўцы Аляксандра Ждановіча, вядомага як Маляваныч, вынікае са звестак на сайце Фонду салідарнасці BySol.

Цяпер сабрана 3.441 еўра, збор быў адкрыты раніцай 22 кастрычніка.

Ждановіч стаў ахвярай тэлефонных махляроў, у выніку чаго пазбавіўся 3 тыс. еўра.

“У пятніцу 18 кастрычніка Аляксандр павінен быў праводзіць вечар “Батлейкі” ў варшаўскім Беларускім моладзевым хабе. Перад самым выступам яму патэлефанавалі “супрацоўнікі банка” і паведамілі “трывожную навіну”: нібыта была спроба зняць сродкі з яго рахунку. Каб абараніць грошы, Аляксандру трэба было тэрмінова падаць асабістыя звесткі. У выніку доступ да банкінгу апынуўся заблакаваным, а сродкі скрадзеныя”, — гаворыцца ў каментары да збору.

“Махляры спачатку размаўлялі па-ўкраінску. Калі я сказаў, што кепска яе ведаю, перайшлі на расійскую мову. Вядома, шмат што мусіла мяне насцярожыць. Але гэтыя “артысты” мяне купілі на тое, што назвалі некаторыя даныя, якія, як я думаў, маглі ведаць толькі сапраўдныя супрацоўнікі банка. Увогуле, як прафесіянал скажу: сыграна на выдатна”, — паведаміў Ждановіч “Нашай Ніве”.

Пасля гэтага ён заблакаваў свой банкаўскі рахунак.

Аляксандр Ждановіч працаваў у Беларусі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага (Рускі тэатр), з 1996 года вёў перадачу “Калыханка” на тэлебачанні.

Увосень 2020 года быў арыштаваны на 9 сутак за ўдзел у адной з пратэстных акцый. У 2021-м звольнены з Рускага тэатра. У пачатку 2022-га, калі ім зноў зацікавіліся сілавікі і пачалі выклікаць на допыты, эміграваў у Грузію.

У чэрвені стала вядома пра пераезд акцёра ў Варшаву.

Гл. таксама:

“Беларускае культурніцкае кола увесь час звужалася”. Чаму Маляваныч пакідае Грузію

Падзяліцца: