Мінск 21:33

У затрыманні ў Польшчы арганізатараў нелегальнай міграцыі з Беларусі бралі ўдзел паліцыянты з васьмі краін

Крыніца: Падляскае аддзяленне памежнай аховы Польшчы

25 кастрычніка, Позірк. Супрацоўнікі паліцыі з васьмі краін удзельнічалі ў аперацыі па затрыманні арганізатараў схемы нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі і РФ у Еўрапейскі саюз, паведамляе партал Euneighbours са спасылкай на Еўрапол.

Удакладняецца, што ў склад аператыўнай групы Еўрапола ўвайшлі прадстаўнікі Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Украіны і Чэхіі.

Аперацыя праводзілася з 14 па 16 кастрычніка, гаворыцца ў публікацыі. У злачынную сетку ўваходзілі грамадзяне Польшчы, Украіны, Беларусі, Расіі і Грузіі, пры гэтым, як заяўляецца, сярод затрыманых “у асноўным грамадзяне Польшчы, Расіі і Украіны”.

Адзначаецца, што грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у ЕС, пры транспартоўцы мігрантаў “часта выступалі ў ролі кіроўцаў, бо за свае паслугі яны звычайна бяруць менш, чым грамадзяне Еўрасаюза”.

“Мігранты (у асноўным выхадцы з Афганістана, Егіпта, Ірана, Ірака, Сірыі і Егіпта) легальна дастаўляліся ў Беларусь альбо наўпрост, альбо праз Расію. Затым члены сеткі кантрабандыстаў дастаўлялі мігрантаў да польска-беларускай мяжы, якую яны перасякалі нелегальна. У Польшчы мігрантаў забіралі іншыя члены сеткі і на машынах перапраўлялі ў іншыя краіны ЕС — у асноўным у Германію”, — паведамляе партал.

Сцвярджаецца, што праз сетку прайшло каля 600 мігрантаў, з кожнага з якіх бралася плата ў памеры каля 5 тыс. еўра, яшчэ 500 еўра кожны нелегал павінен быў перадаць кіроўцам у Польшчы за перавозку да канчатковага пункта прызначэння ў Заходняй Еўропе.

Пра тое, што ў розных раёнах Польшчы затрымана 11 чалавек — беларускіх, польскіх, расійскіх і ўкраінскіх грамадзян, абвінавачаных у арганізацыі нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі і РФ у краіны Заходняй Еўропы, паведаміла 24 кастрычніка польскае выданне Wiadomosci са спасылкай на прэс-сакратара Падляскага аддзялення памежнай аховы Катажыну Здановіч.

У дачыненні да шасці чалавек прыменена мера стрымання ў выглядзе часовага арышту.

Адзначалася, што ў аперацыі ўдзельнічала каля 120 супрацоўнікаў польскага памежнага ведамства і прадстаўнікоў Еўрапола.

Сілавікі абшукалі 11 аб’ектаў нерухомасці і некалькі транспартных сродкаў, якімі карысталіся затрыманыя. Вынятыя сродкі сувязі, кампутары, дакументы і 80 тыс. злотых (каля 20 тыс. долараў).

Здановіч паведаміла, што ў пераважнай большасці выпадкаў роля затрыманых заключалася ў пошуку ў Польшчы кур’ераў, якія забіралі б мігрантаў у раёне мяжы з Беларуссю і адвозілі б іх да мяжы з Германіяй.

Адзін з затрыманых, грамадзянін РФ, “дзейнічаў пад выглядам вядзення бізнесу па пракаце аўтамабіляў” у Польшчы. Ён сам набіраў кур’ераў і даваў ім аўтамабілі для перавозкі нелегальных мігрантаў.

Паведамлялася, што ад пачатку года супрацоўнікі Падляскага памежнага ўпраўлення затрымалі 321 арганізатара нелегальнай міграцыі. Суды наклалі часовы арышт на 66 з іх.

4 чэрвеня Памежная ахова Польшчы паведаміла, што ў Варшаве затрыманы 26-гадовы грамадзянін Беларусі. Яго абвінавацілі ў кіраўніцтве злачыннай групай, якая займалася арганізацыяй нелегальнай міграцыі. Паводле інфармацыі ведамства, у выніку дзейнасці гэтай групы ў краіну незаконна трапіла каля 2 тыс. чалавек.

Тады абвінавачанні былі выстаўленыя 30 грамадзянам Польшчы, Беларусі і Украіны, чацвёра з іх былі змешчаныя пад арышт.

Ад пачатку года Польшча спыніла каля 28 тыс. спробаў нелегальнага пранікнення на сваю тэрыторыю праз мяжу з Беларуссю (+22,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2023 года).

Падзяліцца: