Мінск 19:25

Галоўны хірург Мінздароўя Румо звязаў паказчыкі трансплантацый касцявога мозгу са “станаўленнем інстытута прэзідэнцтва”

Фота: Міністэрства аховы здароўя

25 кастрычніка, Позірк. Больш за 3,2 тыс. трансплантацый касцявога мозгу выканана ў Беларусі за 30 гадоў, паведаміў дырэктар МПНЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, галоўны пазаштатны хірург Міністэрства аховы здароўя Алег Румо.

Прэс-служба Мінздароўя апублікавала яго відэакаментарый перад адкрыццём навукова-практычнай канферэнцыі “Гематалогія. Учора, сёння, заўтра”, прысвечанай 30-годдзю першай трансплантацыі касцявога мозгу ў Беларусі.

Румо падкрэсліў, што першая трансплантацыя касцявога мозгу ў Беларусі была зроблена ў перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці і інстытута прэзідэнцтва. “Як з развіццём беларускай дзяржаўнасці ўвогуле ў нас усё ў парадку — мы стварылі магутны інстытут за кароткі прамежак часу — так і з трансплантацыяй касцявога мозгу”, — сказаў урач.

Паводле слоў Румо, штогод у Беларусі праводзіцца 300 такіх аперацый.

Першая трансплантацыя касцявога мозгу пацыенту з вострай лейкеміяй у Беларусі выканана ў лютым 1994 года ў 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска (МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі).

Касцяны мозг — гэта губчатая мяккая тканіна ўнутры косткі. Перасадка касцявога мозгу прадугледжвае ўвядзенне ў чалавечы арганізм здаровых крывятворных клетак, каб замяніць пашкоджаныя або хворыя.

Гэтая працэдура эфектыўная пры розных захворваннях, напрыклад, цяжкіх формах апластычнай анеміі, пухлінных захворваннях крыві, сур’ёзных паражэннях імуннай сістэмы, генетычных і аутоімунных захворваннях.

Падзяліцца: