Мінск 17:30

Пагражаючы адказнасцю за “экстрэмізм”, махляры выманілі ў гамяльчанкі 37 тыс. долараў

Фота: ulsplash.com

29 кастрычніка, Позірк. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце “выманьвання шляхам пагроз і маніпуляцый” каля 124 тыс. рублёў (37,4 тыс. долараў) у 56-гадовай жыхаркі Гомеля, паведамляе прэс-служба ведамства.

Паводле версіі следства, у канцы жніўня жанчыне паступіў званок у месенджары ад невядомага абанента “з аватаркай сотавага аператара” (якога менавіта, не паведамляецца. — “Позірк”.). Суразмоўца прадставіўся работнікам кампаніі і прапанаваў “дыстанцыйна перазаключыць дамову аб аказанні паслуг электрасувязі”. Жанчына пагадзілася, перайшла па прапанаванай спасылцы і запоўніла анкету, паказаўшы пашпартныя даныя, адзначаецца ў рэлізе СК.

Неўзабаве, як заяўляецца, з ёй звязаўся мужчына, які прадставіўся супрацоўнікам Камітэта дзяржкантролю. Ён паведаміў, што жанчына з’яўляецца фігуранткай крымінальнай справы аб “фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці”. “Для падмацавання легенды невядомы скінуў у месенджар фатаграфію падробленага службовага пасведчання”, — удакладняецца ў паведамленні.

“Даведаўшыся пра першы званок, ён запэўніў, што злачынцы паспрабуюць аформіць на яе імя банкаўскія крэдыты і прапанаваў спрацаваць на апярэджанне — узяць некалькі крэдытаў і перавесці грошы на нейкія рахункі, напісаўшы пры гэтым распіску аб невыдаванні аператыўных мерапрыемстваў. Жанчына пагадзілася”, — адзначылі ў ведамстве.

У верасні яе ўгаварылі прадаць асабісты аўтамабіль “Reno Logan” і перавесці грошы на нейкі нібыта бяспечны рахунак.

Пазней жанчына па ўказанні зламыснікаў спрабавала таксама прадаць сваю кватэру, але не змагла знайсці пакупніка. Таму яна ўзяла крэдыт пад яе заклад, а сродкі перавяла на чужы рахунак.

Такім чынам, паводле даных следства, яна пазбавілася не менш за 46 тыс. рублёў.

Акрамя гэтага, невядомыя пераканалі гамяльчанку, што на яе працоўным кампутары выяўленая шкодная праграма, і яна “для выратавання сродкаў працадаўцы” вывела на нібыта бяспечныя рахункі 78 тыс. рублёў, якія належалі арганізацыі.

“Калі мужчына, які выдаваў сябе за супрацоўніка Дзяржкантролю, паведаміў, што грошы жанчыне не вернуць, яна зразумела, што стала аб’ектам падману і распавяла пра яго калегам”, — паведамляе СК.

Гомельскім гарадскім аддзелам Следчага камітэта ўзбуджаная справа паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэкса (завалоданне маёмасцю шляхам падману, здзейсненае ў асабліва буйным памеры). Следчыя ва ўзаемадзеянні з супрацоўнікамі МУС “праводзяць мерапрыемствы па ўстанаўленні асоб, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынства”, адзначылі ў ведамстве.

Крымінальныя артыкулы аб “экстрэмізме” з 2020 года выкарыстоўваюцца ўладамі Беларусі для масавага палітычнага пераследу грамадзян.

Падзяліцца: