Мінск 04:24

Паліцыя Фларыды пацвердзіла самагубства беларускага хакеіста Кальцова

Архіўнае фота: Федэрацыя хакея Беларусі

29 кастрычніка, Позірк. Смерць беларускага хакеіста і трэнера Канстанціна Кальцова канчаткова кваліфікаваная паліцыяй акругі Маямі-Дэйд (штат Фларыда, ЗША) як самагубства, паведамляе спартыўны партал by.tribuna.com.

Выданне спасылаецца на даныя, прадастаўленыя паліцыяй па журналісцкім запыце.

“На падставе расследавання і доказаў, сабраных нашым бюро па расследаванні забойстваў, гэты інцыдэнт класіфікуецца як самагубства”, — паведаміў прадстаўнік дэпартамента паліцыі Маямі-Дэйд Анхель Радрыгес.

Пра гібель Кальцова стала вядома ў ноч на 19 сакавіка гэтага года. Тады папярэдне паведамлялася, што ён здзейсніў суіцыд. Паліцыя ўдакладніла, што беларус скінуўся з балкона гатэля St. Regis Bal Harbour Resort.

“Аддзел забойстваў паліцыі акругі Маямі-Дэйд узяў на сябе расследаванне відавочнага самагубства Канстанціна Кальцова. Ніякіх падазроных абставінаў не выяўлена”, — заявіў тады прадстаўнік прэс-службы паліцыі.

Амерыканскі інтэрнэт-рэсурс Tennis 365 сцвярджаў, што ён загінуў, суправаджаючы сваю дзяўчыну, знакамітую беларускую тэнісістку Арыну Сабаленка на турнір Miami Open.

42-гадовы Кальцоў не адзін год гуляў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, а таксама быў адным з падпісантаў адкрытага ліста спартсменаў, якія падтрымалі ўвосень 2020 года дзейны рэжым на фоне распачатых у краіне рэпрэсій.

Кальцоў гуляў за зборную Беларусі ў 67 міжнародных матчах, закінуў 21 шайбу. У складзе каманды прадстаўляў краіну на зімовых Алімпійскіх гульнях у 2002 і 2010 гадах. Гуляў за клубы “Дынама-Мінск”, “Спартак” (Масква), “Ак Барс” (Казань) і інш. У 2002–2006 гадах выступаў за каманду Нацыянальнай хакейнай лігі Pittsburgh Penguins (ЗША).

У 2006 годзе далучыўся да клуба “Салават Юлаеў”. У 2016-м скончыў кар’еру гульца і стаў памочнікам трэнера, таксама трэніраваў зборную Беларусі.

27 красавіка Кальцоў быў пахаваны ў Мінску.

Падзяліцца: