Мінск 08:44

Эксперт BEROC: Пры адсутнасці моцных шокаў рост ВУП у 2025 годзе не перавысіць 2%

Крыніца: pixabay.com

4 лістапада, Позірк. Беларускую эканоміку ў базавым сцэнары, пры адсутнасці моцных шокаў чакае павольнае “астыванне” і запаволенне прыросту ВУП з 4-4,5% у 2024 годзе да 1-2% у 2025 годзе, гаворыцца ў прагнозе старшага навуковага супрацоўніка даследчага цэнтра BEROC Анатоля Харытончыка.

Гэтаму, на яго думку, “будзе адпавядаць дэфіцыт знешняга гандлю таварамі і паслугамі ў дыяпазоне 0–2% ВУП і ўмераны ціск на беларускі рубель, які можа аслабнуць на 4–6% у тэрмінах кошыка валют за наступны год”.

Харытончык прагназуе, што па выніках бягучага года знешні гандаль таварамі і паслугамі складзецца “паблізу балансу або невялікага дэфіцыту ў раёне 1 працэнта ВУП”. “Такі сцэнарый прадугледжвае інэрцыйнае падтрыманне сур’ёзнага маштабу залішняга попыту і, адпаведна, імпарту, аднаўленне паставак за мяжу нафтапрадуктаў пасля рамонту на Мазырскім НПЗ і захаванне аб’ёмаў экспарту ў Расію паблізу існуючых узроўняў”, — лічыць эксперт.

Прагноз на наступны год, адзначыў ён, выглядае “значна больш нявызначаным”, таму што знешнія ўмовы “наўрад ці будуць спрыяльнымі для нарошчвання экспартных паставак беларускай прадукцыі”.

“Тут ключавое значэнне адыграе чаканае запаволенне расійскай эканомікі ва ўмовах значнага ўзмацнення жорсткасці грашова-крэдытных умоў, абмежавання льготных іпатэчных праграм і планаванага паслаблення бюджэтнага стымулу, што плануецца расійскімі ўладамі. Гэта акажа стрымліваючае ўздзеянне на попыт на беларускі экспарт”, — мяркуе прадстаўнік BEROC.

Акрамя таго, дасягнутая мяжа загрузкі вытворчых магутнасцей у беларускай прамысловасці і недастаткова высокі аб’ём інвестыцый для іх хуткага пашырэння “будуць абмяжоўваць перспектывы экспарту з боку яго прапановы”. Імпарт жа ў 2025 годзе, “хутчэй за ўсё, будзе захоўвацца на павышаным узроўні”, гаворыцца ў каментарыі.

Паводле інфармацыі Нацбанка, знешнегандлёвы абарот тавараў і паслуг Беларусі за студзень — жнівень 2024 года склаў 64 млрд 656,5 млн долараў — на 4,7% больш, чым за аналагічны перыяд 2023-га (61 млрд 746,4 млн). Экспарт дасягнуў 32 млрд 420,2 млн (30 млрд 935,6 млн; 4,8%), імпарт — 32 млрд 236,2 млн (30 млрд 810,7 млн; 4,9%). Дадатнае сальда склалася на ўзроўні 184 млн долараў (годам раней было адмоўнае ў памеры 124,9 млн долараў).

Паволе даных Белстата, аб’ём ВУП за дзевяць месяцаў склаў 180,4 млрд рублёў. У супастаўных цэнах гэта на 4,5% больш, чым за аналагічны перыяд 2023 года.

У 2023 годзе ВУП павялічыўся на 3,9%, у 2022-м — знізіўся на 4,7%, у 2021-м эканоміка вырасла на 2,3%, у 2020-м — скарацілася на 0,9%.

Міжнародны валютны фонд чакае рост беларускай эканомікі на ўзроўні 2,4%, Сусветны банк — 4%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця — 4,2%, даследчы цэнтр BEROC — 4-4,5%, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця — 3,7%.

Згодна з найважнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, прырост ВУП павінен скласці 3,8%.

Падзяліцца: