Мінск 08:47

На мінулым тыдні Беларусь па бязвізу наведала амаль на траціну менш замежнікаў, чым на папярэднім

Крыніца: ДПК

4 лістапада, Позірк. З 28 кастрычніка па 4 лістапада Беларусь у бязвізавым парадку наведала 4.440 жыхара краін ЕС (тыднем раней — 6.524; -31,9%), сведчаць звесткі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За тыдзень у Беларусь прайшлі 2.358 грамадзян Літвы (2.237; +5,4%), 466 грамадзян Польшчы (455; +2,4%), Латвіі — 1.061 (3.007; -64,7%) і 555 грамадзян з іншых еўрапейскіх дзяржаў (825; -32,7 працэнта).

Бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года для жыхароў Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня таго ж года — для жыхароў Польшчы. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў падаўжаў яго тэрмін, апошні раз — да канца 2024 года.

Усяго Беларусь па бязвізе наведалі 995.735 жыхароў Еўропы. У тым ліку з Латвіі прыбылі 311.477, Літвы — 573.855, Польшчы — 100.091.

19 ліпеня 2024 года беларускія ўлады распаўсюдзілі бязвізавы рэжым на грамадзян яшчэ 35 краін Еўропы. Большасць з іх рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Згодна з апублікаванай 17 ліпеня заявай Міністэрства замежных спраў, размова аб жыхарах Аўстрыі, Андоры, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Ліхтэнштэйна, Люксембург Мальты, Манака, Нідэрландаў, Нарвегіі, Партугаліі, Румыніі, Сан-Марына, Паўночнай Македоніі, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Яны могуць уязджаць у Беларусь без візы праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску “па сапраўдных дакументах”, знаходзіцца на беларускай тэрыторыі “не больш за 30 сутак з дня ўезду”.

Падзяліцца: