Мінск 21:13

За апошнія суткі чарга легкавога транспарту на беларуска-польскай мяжы вырасла амаль на 500 аўтамабіляў

Пункт пропуску "Цярэспаль"
Фота: Польская памежная служба

5 лістапада, Позірк. Чарга легкавых аўтамабіляў на беларуска-польскай мяжы павялічылася за суткі ў 1,7 раза, сведчыць праведзенае “Позіркам” параўнанне дадзеных Дзяржаўнага памежнага камітэта.

На 10 гадзін 5 лістапада выезду з Беларусі ў міжнародным пункце пераходу “Брэст” (на сумежнай тэрыторыі “Цярэспаль”) чакала 1.244 легкавых аўтамабілі (суткамі раней 750; +65,9%).

Дзяржпагранкамітэт сцвярджае, што прапускная здольнасць гэтага пункта складае 1.700 легкавых аўтамабіляў.

На названы час у ПП “Брэст” знаходзілася 55 аўтобусаў (суткамі раней 25).

Закрыццё сумежнымі краінамі Еўрасаюза пунктаў пропуску звязана сярод іншага з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і краін ЕС, які працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Акрамя таго, пасля вынясення палітычна матываванага прысуду журналісту Анджэю Пачобуту (8 гадоў пазбаўлення волі) 10 лютага 2023 года Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух даступных для падарожнікаў пунктаў пропуску — “Баброўнікі” (з беларускага боку “Бераставіца”). Улады Польшчы прама заяўлялі, што менавіта з вызваленнем палітвязня можа быць звязана адкрыццё пунктаў пропуску.

Пры гэтым пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю “датычыцца двухбаковых адносін паміж краінамі”, польскі бок чакае ад Мінска супрацоўніцтва па раней агучаных патрабаванням: спыненне міграцыйнага крызісу, вызваленне Пачобута і выдача забойцы сяржанта Матэвуша Сітэка. Пра гэта ў эфіры Radio ZET заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк.

Падзяліцца: