Мінск 06:29

Яшчэ 14 чалавек прызнана палітвязнямі

Фота: pixabay.com

5 лістапада, Позірк. У Беларусі яшчэ 14 чалавек прызнана палітвязнямі, цяпер іх 1.312, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Статус палітвязняў атрымалі: Анатоль Чурыкаў, Ілля Лукашэнка, Пётр Кавалёў, Валерый Мароз, Сяргей Пятручык, Андрэй Карчага, Дзмітрый Буланаў, Яўген Бычко, Аляксандр Клімашэвіч, Сяргей Нічыпарук, Аляксандр Мартысевіч, Анастасія Фосцій, Дзмітрый Шчэрба, Аляксандр Шукайла.

Усе 14 пераследуюцца за ўдзел у акцыях пратэсту паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Лукашэнка і Чурыкаў асуджаныя ў судзе Бярозаўскага раёна (Брэсцкая вобласць) на невядомы тэрмін пазбаўлення волі. Тэрмін зняволення Мартысевіча і Шчэрбы таксама невядомы.

Кавалёў прыгавораны судом Ленінскага раёна Мінска да 2 гадоў зняволення.

Шукайла асуджаны ў Ваўкавыску (Гродзенская вобласць) на невядомы тэрмін абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ).

Аб Фосцій публічнай інфармацыі няма.

За ўдзел у брэсцкай акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года Карчага, Пятручык, Буланаў, Мароз і Нічыпарук у кастрычніку 2024-га асуджаныя на 1,5 гады пазбаўлення волі кожны, Бычко, Клімашэвіч — на год кожны.

Праваабаронцам вядома пра мінімум 77 асуджаных паводле арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) за ўдзел у акцыях пратэсту ў Брэсце. Пасля некаторага зацішша ў канцы 2023 года пачаліся новыя затрыманні за тыя падзеі ў горадзе, але ўжо паводле арт. 342 КК. Паводле гэтага артыкула з тых часоў асудзілі мінімум 67 чалавек.

Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, адзначаюць праваабаронцы. “Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя ўстаноўленых законам і неабходных у дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або абароны правоў і свабод іншых людзей”, — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Адпаведную заяву падпісалі “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, “Прававая ініцыятыва”, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Lawtrend, Human Constanta, Беларускі ПЭН.

Падзяліцца: