Мінск 19:50

Дэлегацыя Каардынацыйнай Рады возьме ўдзел у студзеньскай сесіі ПАСЕ

Святлана Ціханоўская і прэзідэнт ПАСЕ Тэадорас Русопулас
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

7 лістапада, Позірк. Дэлегацыя Каардынацыйнай Рады возьме ўдзел у студзеньскай сесіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Гэта адзін з вынікаў візіту Святланы Ціханоўскай 6 лістападак у Страсбург для ўдзелу ў Сусветным форуме за дэмакратыю і сустрэч з кіраўніцтвам Савета Еўропы, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка. Паводле яго слоў, такое адбудзецца ўпершыню.

Акрамя таго, распачнецца праграма стажыровак для беларусаў у Савеце Еўропы — “гэта беспрэцэдэнтна, бо Беларусь не з’яўляецца фармальным сябрам арганізацыі”, адзначыў дарадца.

Камітэт міністраў Савета Еўропы 6 лістапада прагаласаваў за стварэнне Інфармацыйнага офіса СЕ па Беларусі ў Вільнюсе, цяпер чакаецца галасаванне ў Сейме Літвы.

Падчас сустрэч Ціханоўская прапанавала пачаць рэалізацыю праграмы мікрагрантаў для незалежных журналістаў і агулам СМІ. Паводле слоў Вячоркі, гэтае пытанне будзе разгледжана на бліжэйшым пасяджэнні Кантактнай групы Савета Еўропы па Беларусі 2 снежня. Група ўключае 10 прадстаўнікоў СЕ і 10 прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных структур.

Дамоўлена, што ў межах кантактнай групы будуць праводзіцца трэнінгі, стажыроўкі, семінары і экспертныя сустрэчы для беларускіх журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў і аналітыкаў.

Падчас візіту ў Страсбург Ціханоўская сустрэлася з дэлегацыяй беларускіх журналістаў (каля 15 СМІ), якія знаходзяцца ў Страсбургу ў рамках праграм кантактнай групы.

Беларускі дэмакратычны лідар правяла пермовы з генеральным сакратаром Савета Еўропы Аленам Берсэ, прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі СЕ Тэадорасам Русопуласам. Абмяркоўваліся пытанні вызвалення палітвязняў, пагрозы незалежнасці Беларусі, выдачы віз і легалізацыі беларусаў за мяжой, непрызнання “так званых выбараў 2025 года”, паведаміў Вячорка.

Вечарам 6 лістапада ў Палацы Еўропы Ціханоўская адкрыла выставу выцінанак і вырабаў з паперы “Папяровая рэвалюцыя”, створаную беларускімі мастакамі ў супрацы з аўстрыйскай і літоўскай дэлегацыямі ў Савеце Еўропы.

Падзяліцца: